Маё дарагое, азёрнае Іўе — такі на планеце куточак адзін...

У гэтым годзе наш горад адзначыў сваё 565-годдзе. І мы яшчэ раз палісталі старонкі яго гісторыі, яшчэ раз упэўніліся, у якім цудоўным, чароўным, багатым гісторыяй і людзьмі месцы мы жывём, яшчэ раз дакрануліся сэрцам і розумам да сваіх каранёў, да той зямлі, што выкарміла і паставіла на ногі многіх, дала пуцёўку ў жыццё, дала работу, сям’ю, сяброў. А калі і правяла ў далёкія далі, то заўжды чакае сваіх дзяцей і заўжды рада іх вяртанню...

У гэтым годзе наш горад адзначыў сваё 565-годдзе. І мы яшчэ раз палісталі старонкі яго гісторыі, яшчэ раз упэўніліся, у якім цудоўным, чароўным, багатым гісторыяй і людзьмі месцы мы жывём, яшчэ раз дакрануліся сэрцам і розумам да сваіх каранёў, да той зямлі, што выкарміла і паставіла на ногі многіх, дала пуцёўку ў жыццё, дала работу, сям’ю, сяброў. А калі і правяла ў далёкія далі, то заўжды чакае сваіх дзяцей і заўжды рада іх вяртанню...

Вялікія перамогі юнай Маргарыты

Крыху больш як два гады бацькі прывялі Маргарыту Балтушыце ў фітнес-клуб, каб хоць трошкі заняць вольны час дашкольніцы. Яна ўзяла ў рукі ракетку настольнага тэнісу, зрабіла кідок. І трэнер-аматар Аляксандр Чарапанаў адразу зразумеў: дзіця мае дар. І гэты дар здзіўляе вось ужо два гады не толькі іўяўчан, але і спартыўных трэнераў, спецыялістаў па настольнаму тэнісу.
Для яе ўзросту ў той час яшчэ не існавала ніякіх турніраў. А яна прымала ў іх удзел і перамагала дзяўчынак на два гады старэйшых. Не будзем пералічваць яе рэкорды за два гады. Дастаткова будзе расказаць пра сёлетняе трыумфальнае лета маленькай тэнісісткі. 1-е месца на міжнародным дзіцячым тэнісным турніры імя Валерыя Маскоўкі ў літоўскім горадзе Енова ў маі. З 8-га міжнароднага тэніснага турніру “Ялта-2009” у ліпені бягучага года яна вярнулася сапраўдным трыумфатарам:
1-е месца сярод равесніц (2000 год нараджэння), 1-е месца сярод дзяўчынак 1999 года нараджэння, 2-е — сярод тэнісістак 1997 года нараджэння.
28—30 жніўня Маргарыта Балтушыце прадстаўляла Беларусь на 20-м адкрытым дзіцячым міжнародным тэнісным турніры “KIDS OPEN” у нямецкім Дзюсельдорфе. Хіба гэта не цуд, што не вучаніца школы алімпійскага рэзерву, не выхаванка сталічнага тэніснага клуба, а ўдзельніца гуртка цэнтра пазакласнай работы горада Іўя, выхаванка трэнера-аматара стала другой у камандным заліку і першай у прэстыжным еўрапейскім турніры, удзел у якім бралі 1500 хлопчыкаў і дзяўчынак з усёй Еўропы!

Маленькі Іерусалім

Наш горад і ёсць той самы чароўны і каштоўнейшы цуд. Сёмае стагоддзе, спрадвеку тут па-суседску, па-чалавечы жывуць людзі розных нацыянальнасцей і веравызнанняў. Маленькім астраўком сярод хрысціянскага акіяну існуе іслам. І нашчадкі воінаў Залатой Арды, якіх князь Вітаўт, уладар горада, запрашаў у якасці воінаў для барацьбы з крыжакамі, зараз, бадай што, самыя, што ні на ёсць абарыгены Іўя. Роднай мовай стала беларуская. Сваёй яны не ведаюць, аднак захавалі веру. І ў савецкія часы Іўеўская мячэць была адзінай дзеючай ва ўсёй Беларусі. А само Іўе лічылася неафіцыйнай сталіцай беларускіх татараў. Між іншым, фундарам цяперашняга будынка мячэці стала ў 1884 годзе польская графіня Эльвіра Замойская, уладальніца мястэчка.
Ранкам у пятніцу склікае імам з высокага мінарэта мусульман на малітву, а ў высокім небе хвалу Богу пяюць званы праваслаўнага і каталіцкага храмаў.
Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла і кляштар бернардзінцаў у Іўі ўзведзены ў 1490-х гадах. Касцёл размешчаны на пануючым над панарамай Іўя ўзвышшы. Адлюстраванне белых стромкіх вежаў патанае ў водах возера. Помнік архітэктуры разам з ландшафтам утвараюць гарманічны сілуэтны ансамбль.
Праваслаўны храм Святога дзіцяці — мучаніка Гаўрыіла Беластоцкага быў асвячоны ў 1993 годзе. Знакамітым, гістарычным стаў дзень наведвання яго Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Алексіем II. Падзея адбылася ў ліпені 1995 года, падчас візіту Яго Святасці ў Беларусь з нагоды 50-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Да 1941 года святую суботу ў сваім храме адзначалі іўеўскія яўрэі. 12 мая 1942 года 2500 вернікаў сінагогі знайшлі свой апошні прытулак у самотным лесе ва ўрочышчы Стоневічы. Там зараз знаходзіцца мемарыяльны комплекс памяці ахвяр фашызму. А сінагога, вонкавы выгляд якой захавалі падчас рэстаўрацыі, стала юнацка-дзіцячай спартыўнай школай.

Святло ісціны для нас і для нашчадкаў

У нашым шматнацыянальным і шматканфесіянальным горадзе ёсць Музей нацыянальных культур. Яму наканавана праліць гэтае самае святло на нашу гісторыю і нашу сучаснасць, на нашы традыцыі, нашу культуру, нашу святую адданасць і любоў да роднай зямлі, да Айчыны.
Тут ужо адбылася сустрэча з жыхарамі Ізраіля, нашчадкамі тых, што палеглі ахвярамі фашызму ў лідскім гета, у канцлагерах смерці, у Стоневіцкім лесе за горадам Іўе.
У музей, безумоўна, будуць ехаць іўяўчане з усяго свету, таму што шчаслівы той, у каго захавалася роднае месца, куды заўжды можна вярнуцца...

Гучыць з эпохі адраджэння і імя нашага горада

Іўе — адзін з цэнтраў асветы беларускага сярэднявечча. Тут у другой палове XVI  стагоддзя была адкрыта арыянская акадэмія, якую заснаваў магнат Ян Кішка. У 1585—1593 гадах яе рэктарам быў мысліцель-гуманіст і педагог Ян Ліцыній Намыслоўскі. У акадэміі навучаліся вернікі розных канфесій і нацыянальнасцей. Акадэмія стала своеасаблівым ідэалагічным цэнтрам, які моцна адрозніваўся ад езуіцкіх і нават кальвінісцкіх школ гуманістычнай накіраванасцю навучання і выхавання. Арыянская акадэмія існавала да пачатку XVIII стагоддзя. Мела сваю друкарню. Асобныя навукоўцы лічаць, што менавіта ў ёй была надрукавана “Граматыка” Мялеція Сматрыцкага.

Памятаць, каб жыць...

...На чырвоным гравіі — камяні як увасабленне гор, за імі — сціплы абеліск. А над усім гэтым — велічная паўкруглая сцяна, сімвал Радзімы. Вось яна: моцная, магутная. А маленькія цаглінкі — яе людзі. І раптам — байніцы. Гэта жыцці людзей, якія вырваны з яе маналіту. Гэты помнік (прынамсі, першы ў раённым цэнтры Беларусі) воінам-“афганцам”, нашым землякам, якія не вярнуліся з той вайны. Пабываць у Іўі і не пастаяць тут у хвіліне маўчання, лічым, што нельга.

Жменька алмазаў для малой Радзімы...

Як вы думаеце, якое дачыненне можа мець Іўе да адкрыцця алмазаў у Еўропе? Самае непасрэднае. Гадамі і стагоддзямі лічылася, што гэтага каштоўнейшага мінерала ў Еўропе не існуе. А наш зямляк, выхадзец з маленечкай іўеўскай вёсачкі Цапяняты, даказаў адваротнае. У 50-х гадах ён, выпускнік Юрацішкаўскай сярэдняй школы, марыў стаць дыпламатам і не ведаў, дзе на іх вучаць. Тады спыніў свой выбар на прафесіі геолага. Працаваў тэхнікам, начальнікам экспедыцыі. Пад Архангельскам на глыбыні 60—100 метраў пад зямлёй знайшоў ён кімберлітавыя трубкі — шлях да алмазаў...
Іван Паўлавіч Дабейка — заслужаны геолаг Расіі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, першаадкрывальнік алмазаў у Еўропе.
Некалькі гадоў назад яго не стала, а мы, іўяўчане, будзем памятаць яго як простага, шчырага чалавека, які так умеў радавацца сустрэчы з малой радзімай, які дапамагаў будаваць касцёл у гарадскім пасёлку Юрацішкі, які так марыў падараваць сваёй Айчыне хоць жменьку алмазаў.

Збірайцеся ўсе людзі — “Чабарок” гуляе!

Ансамбль беларускай музыкі з такой цудоўнай, пяшчотнай назвай існуе ў нас не першае дзесяцігоддзе. За сваё майстэрства і прафесіяналізм ён носіць пачэснае званне народнага калектыву.
Яго ўдзельнікі сваімі песнямі і напевамі, іскрамётнымі танцамі чаруюць кожнага слухача і гледача, нясуць у свет песні бабуль і матуль, меладычныя мелодыі нашай старонкі. Слухаць іх і заставацца абыякавымі — проста немагчыма. Таму ні адзін канцэрт у раёне не абходзіцца без іх удзелу, як і ўсе магчымыя фестывалі і дэкады беларускага мастацтва, фестываль нацыянальных культур. Спяваў, іграў “Чабарок” і для жыхароў Расіі, Польшчы, іншых краін.
Ён з’яўляецца каштоўнейшым алмазам у кароне народных талентаў Іўеўшчыны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter