“Мая задача – садзейнічаць узаемаразуменню”

На шляху да поспеху П’ер Кардэн раіць сур’ёзна ставіцца да сваёй справы У ходзе ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва, якая традыйцыйна адбываецца ў першы калядны дзень, кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка ўручыў ордэн імя Францыска Скарыны П’еру Кардэну. Вышэйшай ўзнагароды нашай дзяржавы знакаміты французскі куцюр’е і пачэсны пасол ЮНЕСКА адзначаны за арганізацыю фінансавай дапамогі ў рэалізацыі праграмы “ЮНЕСКА–Чарнобыль”, а таксама за мецэнацкую падтрымку правядзення Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Парыжы ў 2002 годзе. -- Гэтая ўзнагарода -- вялікі гонар для мяне. Я вельмі ўзрушаны, я адчуваю сябе сябрам вашай краіны, -- адзначыў знакаміты куцюр’е на сустрэчы з журналістамі, якая адбылася ўчора ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. З яго экспазіцыяй П’ер Кардэн ( між іншым, адзіны мадэльер, хто з’яўляецца членам Французскай акадэміі мастацтва) азнаёміўся з вялікай цікавасцю, адзначаючы, што заўсёды вельмі любіў жывапіс. Карціны, паводле яго слоў, дазваляюць лепш даведацца пра мінулае той ці іншай краіны, яе народа. -- Працы вашых нацыянальных мастакоў адлюстроўваюць веліч вашай краіны, -- заўважыў ён. Разам з тым П’ер Кардэн -- вялікі знаўца і прыхільнік тэатральнага мастацтва. Апошнія пастаноўкі яго ўласнага парыжскага тэатра -- “Вар’яцтвы Далі” і “Трыстан ды Ізольда” -- з поспехам прымаюцца сёння ў розных краінах свету. Як адзначалася ў час сустрэчы, у ходзе візіту ў Мінск П’ер Кардэн і міністр культуры нашай краіны Леанід Гуляка мелі намер абмеркаваць магчымасць паказаць знакамітыя ўжо мюзіклы і беларускім гледачам. -- Дзякуючы мастацтву я шмат падарожнічаю па свеце, што дазваляе мне займацца дыпламатыяй. Але я не палітык. Мая задача – садзейнічаць узаемаразуменню, дапамагаць людзям лепш разумець адзін аднаго, -- падкрэсліў журналістам П’ер Кардэн. А разам з тым даў параду тым, хто прагне дасягнуць поспеху: трэба быць сур’ёзным і сур’ёзна ставіцца да справы. Паводле слоў сусветна вядомага 81-гадовага куцюр’е, менавіта гэтым правілам ён кіруецца ўсё сваё жыццё.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter