Мая вялікая Радзіма

Зараз, у гарачую пару сенакосу, успамінаю, як гэту важную справу рабілі ў нашай вёсцы Раёк, што на Случчыне.

Напярэдадні на ўсё наваколле разносіўся металічны стук малаткоў — мужыкі кляпалі косы. Першы пракос пачынаў хтосьці са старэйшых мужчын, потым за ім ішлі наступныя. Касцы былі абутыя хто ў лапці, хто ў гумовыя боты, хто ў старыя чаравікі, а хто і зусім працаваў басанож.



Нам, дзецям, асабліва падабалася, калі мужыкі даставалі ў час абеду з торбачак розныя прысмакі: каўбасы, кіндзюкі, сала і іншыя стравы, якія запасаліся да сенакосу. Частавалі і нас, малых. У летнюю спёку бярозавы квас быў вельмі смачным! 

Дзесьці праз тыдзень на поплаў выходзілі жанчыны варочаць сена. А як хораша было слухаць іх спевы! 

У канцы ліпеня паспявалі вішні. Пачыналася жніво. Дзяўчын­кі і маладыя жанчыны плялі вянкі з палявых кветак! Рамонкі і валошкі ў незлічонай колькасці раслі ўздоўж жытнёвых палёў. 

Пасля жніва ўзворывалі зябліва. За вёскай чуўся рокат трактара, а за ім звычайна кружыла чарада крумкачоў. 

Зараз, у сталым узросце, час дзяцінства ўспамінаю асабліва часта. На вялікі жаль, многія традыцыі адышлі ў нябыт, наша маленькая вёсачка знікла. Але напоўненае цёплымі ­ўспамінамі дзяцінства забыць немагчыма. 

Аляксандр Рабцаў, г. Слуцк
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter