Шкловская Троица и Глубокое стали для Алеся Жигунова неиссякаемым источником вдохновения

«Мая родная вёсачка помніць мяне»

З  Алесем Жыгуновым мне давялося вучыцца на філфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, праўда, ён ішоў на тры курсы ніжэй. Алеся размеркавалі настаўнічаць на Глыбоччыну, дзе я працаваў, — гэта была прыемная нечаканасць. З часам у нас утварылася сяброўская суполка літаратараў: Фама Ляшонак, якому рэкамендацыю ў Саюз пісьменнікаў Беларусі даваў сам Іван Шамякін, Віталь Гарановіч, шматлікія песні на словы якога гучалі па беларускім радыё, Марыя Баравік, дзіцячыя спектаклі якой ставіліся ў абласным драмтэатры. Ну а сам Алесь парадаваў цудоўнымі зборнікамі вершаў: «Матчына вышыванка», «Мая Тройца», «Пагавары са мной пра восень», «Ля цяпельца зары», некалькімі дзіцячымі кніжкамі. За свае творы ўдастоены прэстыжнай рэспубліканскай прэміі «Купідон», прэмій Петруся Броўкі і Уладзіміра Караткевіча. Яго лірыка, якая пранікае глыбока ў душу, бярэ за жывое, яго трывалая грамадзянская пазіцыя гучыць у кожным вершаваным радку.

Аб гэтым, аб жыцці ва ўсіх яго праявах і месце ў ім творцы мы вельмі шчыра паразмаўлялі з паэтам.


— Алесь, напярэдадні Тройцы, хачу павіншаваць цябе з гэтым вялікім святам, тым больш што ты родам з Тройцы. Што гэта за вёска з такой рэдкай і лірычнай назвай? Ці не ёй прысвечаны вось гэтыя твае радкі:

Для каго зберажом цеплыню,

Першароднасць свайго вытоку?

Пакланюся наступнаму дню,

Каб над вёскай узняўся высока.



Мне ў горадзе ветла жыць,

На далоні трымаць зярняты.

Пакуль сонца яшчэ гарыць

На франтоне бацькоўскай хаты.

— Скажам так, яна дала магутны штуршок гэтаму. А знаходзіцца мая Тройца на Шклоўшчыне, непадалёк ад добра вядомай усім Александрыі. Вельмі прыгожая. Лясы кругом. Самі трайчане — цудоўнейшыя людзі. У нас нават дзверы ў дамах ніхто на замок не зачыняе.

— Адзін са зборнікаў тваіх так і называецца «Мая Тройца», у ім можна знайсці вершаваны апавед пра жыхароў вёскі — Сямёнаўну, дзядзьку Колю, цётку Марфуту...

— Сямёнаўна — гэта мая маці Марыя. Дзядзька Коля — сваяк. Цікавейшы чалавек — ён не толькі вельмі працавіты (у чатыры раніцы падымаўся, касіў калгаснае поле, потым сваё і так да позняга вечара), але і любіў, каб пасля ўсяго гэтага я расказваў яму розныя гісторыі: як там Іван Пятровіч Шамякін жыве ў Мінску? Што напісаў новага? А цётка Марфута, суседка наша, — вясковая модніца. Прытрымлівалася заўсёды даўніны. Спадніца да зямлі. Кофтачка беленькая, з карункамі. Заўсёды акуратненькая. Такое ўражанне, што, нягледзячы на ўсе перыпетыі няпростага жыцця, захавала чысціню душы. Прыязджаеш у вёску і чуеш: «Вунь цётка Марфута ідзе!» Наогул, калі гаварыць шчыра, то без Тройцы мяне як паэта не было б. Не, не так — без Тройцы і Глыбокага.

— Нават так?

— На Глыбоччыне жыву з 1976 года. Дарагая мне гэта зямля. Тут талент мой паэтычны раскрыўся, напісаў свае кнігі. Тут нарадзіліся мае дзеці. Тут шмат у мяне сяброў і знаёмых. У мяне нават верш такі ёсць «З Глыбокага да Шклова». Сэнс яго ў тым, што на Глыбоччыне — пачуцці глыбокія, а Шклоў — чысціня іх. Мне дарагія і Шклоўшчына, і Глыбоччына.

— Алесь, у вершах ты падняў ці не на касмічную вышыню жанчыну. У многіх твае зборнікі — настольныя. Нездарма крытыкі часта называюць цябе паэтам «ціхай лірыкі». Але, відаць, гэта не зусім так. У цябе шмат вершаў грамадзянскіх, патрыятычных, з перажываннем, болем за сваю Радзіму, зямлю. Адзін з іх «Крывічы». Можна, нагадаю яго:

Па шашы з Глыбокага на Полацк

Нават у падумках не лаўчы.

Звонам старажытнасці напоўніць

Краявідам вёска Крывічы.

З бітваў пачыналася Айчына,

Не схіляў мой продак галаву:

Бы ад дзідаў у барах дзічына —

Падалі чужынцы на траву.



Крывічы, радзімічы, славяне...

Пераможны чую звон мячоў.

Дрэва радаслоўнае не вяне,

Я — нашчадак кроўны крывічоў.



І калі над Бацькаўшчынай смерчы,

Вогненныя смерчы загудуць,

Той стары прапрадзедаўскі меч мне

Крывічы ў далоню пакладуць!

Ёсць шэраг іншых твораў падобнай тэматыкі.

— Я — беларус. Люблю гісторыю. Калі прыехаў на Глыбоччыну, даведаўся, што тут радзіма Ігната Буйніцкага, Язэпа Драздовіча. У нейкай ступені на старонках газеты распрацоўваў гэту тэму. Напісаў вершы «Рэй Ігната Буйніцкага», «Маналог Язэпа Драздовіча».

— Ты ў курсе, што некалькі тваіх твораў уключаны ў школьную праграму?

— Ёсць такі момант. І ў сувязі з гэтым ус­хвалявала і запомнілася наступная гісторыя. Прыязджаю ў сваю Тройцу, і там пасябравала са мной дзяўчынка з Магілёва. Малая, мо з класа другога ці трэцяга. І я, як былы настаўнік, цікаўлюся ў яе: «Ці ведаеш ты хоць адзін верш напамяць на беларускай мове?» Яна задумалася на хвілінку і выдала:

Белы, белы камячок,

Павярніся на бачок.

У сняжок зарыйся,

Лапкамі накрыйся.

Буду сон твой берагчы

Ад сабачкі злога.

Не будзіце ўначы

Зайчыка малога.

«Дык гэта ж мой верш, — гавару. — З першай дзіцячай кніжкі». Яна паглядзела на мне і рассмяялася: «Ну куды табе? Гэта ж паэт напісаў!..»


— Алесь, нярэдка можна пачуць, як некаторыя паэты гавораць: «Ні дня без радка». А як у цябе?

— Толькі тады, калі з’яўляецца натхненне. Магу не пісаць тыдзень-два, а прыйдзе яно — і ўсё забываеш абсалютна. Можа, каму гэта падасца ненармальным, але амаль усе вершы я напісаў ходзячы: і ў трыццаць, і ў сорак радкоў. Запамінаю, а пасля запісваю, перадрукоўваю.

— Але ж на гэта патрэбна фенаменальная памяць.

— Самае цікавае, што мне цяжэй запомніць лічбы, а вершы свае сапраўды ведаю напамяць. І паэтаў многіх, у тым ліку Сяргея Ясеніна, Петруся Броўкі, Аркадзя Куляшова...

— Апошнім часам твае творы не так часта з’яўляюцца ў друку, як раней.

— Адкрыў для сябе, што лепшыя вершы паэты пішуць у маладыя гады. Магчыма, і ў мяне лепшыя напісаны ўжо. І калі чытаю часопісы «Маладосць», «Полымя», газету «ЛіМ» і знаходжу ў іх публікацыі знаёмых хлопцаў, аднагодкаў ці з якімі сябраваў і якія па-ранейшаму працягваюць друкавацца, то хочацца ім сказаць: «Вашы вершы раней былі лепшыя! Але калі жадаюць, няхай пішуць. Спрабую сябе і ў прозе. Надрукаваў некалькі абразкоў з цыкла «Вузельчыкі жыцця».

— Алесь, як увогуле пачыналася твая сцяжына ў паэзію?

— Нейкія радкі пачалі прасочвацца яшчэ ў школе, у насценнай газеце. Быў памешаны на вершах, чытаў іх напамяць У мяне па літаратуры была пяцёрка. Пісаць вершы патроху пачаў на філфаку БДУ. Іх надрукавалі ў «Чырвонай змене». Але тады на маім курсе грымелі паэты Мікола Мятліцкі (сённяшні лаўрэат Дзяржаўнай прэміі), Толя Шушко, Ваня Рубін. Апошніх двух, на жаль, няма ўжо. А я быў у зацішшы. Пасля ўніверсітэта па размеркаванні трапіў на Віцебшчыну, у такую глыбінку, як Чарневічы. Не ведаю, што сталася, у чым была прычына, але я пачаў пісаць. І калі беларускі крытык Тамара Чабан прыехала ў Чарневічы, на сваю малую радзіму, і прачытала мае творы, папракнула: «Чаго сядзіш? Едзь да Аўрамчыка ў «Маладосць»!» — «Як гэта я паеду? — не пагаджаюся. — У мяне школа, дзеці». — «Тады, — кажа, — давай свае вершы, я сама перадам Аўрамчыку». Завезла. Надрукавалі. Потым сам асмялеў. Паслаў вершы ў часопіс. Гля­джу — выйшла вялікая падборка. Больш таго, нечакана для мяне яе прызналі лепшай у 1981 годзе. Я атрымаў прэмію часопіса «Маладосць», па тым часе добрыя грошы. Але справа нават не ў прэміі і не ў грашах. А ў тым, што я адчуў: нешта мо і ўмею пісаць. Ну а канчаткова пачуць, што я паэт, давялося хіба ад Рыгора Барадуліна. Здарылася гэта, калі трапіў першы раз на семінар маладых літаратараў у Каралішчавічы. Рыгор Барадулін быў рэцэнзентам майго рукапісу. Ён прачытаў яго і сказаў трохі з гумарам: «Гэта паэт ужо, і паэт закончаны!» Хаця не лічу сябе творцам надта вялікім. У нас паэты ёсць розныя і харошыя. Я, відаць, і ўваходжу ў кагорту харошых.

— У 2016-м табе пашчасціла быць дэлегатам II з’езда Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы ў Маскве.

— Гэта для мяне сапраўды была важная і хвалюючая падзея. Паехаў у Маскву ў складзе беларускай дэлегацыі. Было вельмі цікава. Сама форма правядзення: выступленні, паездкі, сустрэчы. Дамовіліся з расіянамі аб супрацоўніцтве. Прыемна, што мой верш без перакладу на рускі надрукавалі ў часопісе Саюзнай дзяржавы «Белая вежа». У памяць аб тым з’ездзе засталіся корачкі, што я — член Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы.

— Алесь, пасля педагагічнай працы, на якой цябе прызналі лепшым маладым настаўнікам года Глыбоччыны, ты нечакана перайшоў у журналістыку, дзе ўдастоены прэстыжнай рэспубліканскай прэміі «Залатое пяро».

— Праца ў газеце для мяне шмат значыла. У тым ліку як для паэта, творцы. Гэта сельская тэма. Таму што бацька мой калгаснік, я сам калгаснік. Сена ў гаспадарцы яшчэ школьнікам нарыхтоўваў. У вёсках на Глыбоччыне, як і на маёй Шклоўшчыне, вельмі шмат добрых людзей. І калі мяне прызначылі загадчыкам сельгасаддзела раённай газеты «Веснік Глыбоччыны», падумалася спярша, што не надта цікава: працэнты, намалоты, надоі. Але мой папярэднік сказаў: «Так, працэнты, надоі — усё гэта трэба. Але не трэба тэхналогіі. На тэхналогію ёсць спецыялісты. Пішы пра чалавека. І пішы так, каб чалавек натхніўся, каб атрымаў зарад бадзёрасці, каб яшчэ лепш стаў працаваць». І так сталася, што гэта ў мяне сапраўды атрымалася. У мяне былі свае любімчыкі — старшыні калгасаў, проста геніі, такія як Аляксандр Палікарпавіч Сясіцкі, Багдан Пятровіч Канавальчык, Анатоль Мікалаевіч Пачопка... А больш — простыя людзі: аператары, механізатары. Нярэдка надаралася, калі да іх заглядваў, пілі разам чай. Матэрыялы атрымліваліся больш жывыя: не проста так, што намалаціў Сяргей Сямашка больш за ўсіх зерня, стаў пераможцам спаборніцтва, а імкнуўся паказаць не толькі як працаўніка, а трохі глыбей, яго маральны бок — што думае чалавек, што яго хвалюе, наогул як жыве.

— Але ж ведаю, ты пісаў і крытыку. І даволі ёмкія аналітычныя артыкулы.

— (Уздыхае). Даводзі­лася... Патрабавалі: «Давай крытычны матэрыял!» Для мяне гэта было цяжка. Нярэдка аб’ектыўныя прычыны былі, што чалавек не вінаваты ў той ці іншай сітуацыі: не атрымаліся высокія надоі ці яшчэ што. А вось пахваліць чалавека заўсёды быў гатоў. Калі ездзілі са старшынёй райкама прафсаюза сельскай гаспадаркі, браў часам з сабой некалькі сваіх кніжак і падпісваў лепшым нашым камбайнерам. І так яны мне рукі ціснулі. Такія былі задаволеныя, што мясцовы паэт падарыў свой зборнік. І яны мо мяне трохі любілі, не толькі я іх. І сёння ўсіх ведаю, хоць і не працую. Ужо год, як на заслужаным адпачынку, але перазвоньваемся. Мае людзі засталіся ў райсельгасхарчы. Падтрымліваю добрыя адносіны з першым намеснікам старшыні райвыканкама Уладзімірам Генадзьевічам Пашукевічам, спецыялістамі.

— Чым займаешся?

— Чытаю. Цяга да кнігі пачалася ў мяне з маленства. Асабліва паўплываў на гэта наступны момант: трапіўся, памятаю, мне верш Ясеніна «Песня пра сабаку», дзе ёсць такія радкі:

И глухо, как от подачки,

Когда бросят ей камень в смех,

Покатились глаза собачьи

Золотыми звездами в снег.

Настолькі гэта ўзру­шыла, узяло за сэрца, што заплакаў, адгарадзіўшыся ў хаце шырмачкай. Зайшла маці: «А, вады не нанасіў, сухмень на двары! 

І ў каго такі ўдаўся?» Але пачула, што я плачу: «Сынок, што з табой? Што табе баліць?» — «Не, мама, — супакойваю яе. — Нічога не баліць. Давай я табе лепш верш пачытаю». Мама, канечне, не заплакала, уздыхнула цяжка: «Сынок, чытай!»

Вады потым нанасіў. А з кніжкамі больш пытан­няў не было. Яны сталі неразлучнымі маімі спада­рожнікамі. І так сталася, што пры жыцці сваім маці пабачыла толькі адну маю кніжку «Матчына вышыванка». Пазней, калі мы з сястрой перабіралі ў шуфлядзе рэчы, то знайшлі гэту кніжку з маім подпісам і надта зачытаную, з закладкамі. Кніжку патрымаў у руках ці не кожны ў Тройцы, дзе было за сотню жыхароў.

— Цяпер як з кнігамі? Перайшоў на інтэрнэт?

— Люблю інтэрнэт, але кніг чытаю больш, чым у маладыя гады. Перачытаў усю расійскую і беларускую класіку, да некаторых аўтараў вяртаюся ў другі раз.

— Але ж у цябе ёсць, ведаю, іншыя захапленні: гармонік, спорт.

— З гармонікам мяне многае звязвае яшчэ са школы. Калі не паступіў з першага разу на філфак (не хапіла аднаго бала), то год працаваў загадчыкам сельскага клуба за 10 кіламетраў ад Тройцы. На другі год прайшоў з запасам, але з гармонікам так і не растаўся. Дакупіў яшчэ і баян. Ну і спорт. Гуляў у футбол за зборную раёна, у валейбол.

— Праўда, што ездзіў цэлы год на веласіпедзе з Глыбокага ў вёску Плісу ў школу, за 21 кіламетр, калі настаўнічаў там? Аўтобусы з Глыбокага хадзілі ж рэгулярна…

— Тут усё з-за майго няўрымслівага характару. Пабіўся аб заклад, што цэлы год буду ездзіць на веласіпедзе ў школу, хоць мароз зімой даходзіў днямі да мінус 25. Нічога. Змог, вытрываў. Ездзіў на Нарач купацца на звычайным дарожніку (кіламетраў пад сотню). Ёсць у мяне веласіпед і цяпер. Нармальна. Язда на ім загартоўвае, падба­дзёрвае. Усім раю.

— Але вернемся да таго, з чаго пачыналі, — да тваёй малой радзімы, вёскі Тройца. Ёсць у цябе вершаваны зборнік «Мая Тройца» і паэма «Спатканне з Тройцай». Як яна, дарэчы, адбылася?

— Наведаўся тады, у свой юбілейны год, з земляком Браніславам Грамакоўскім. Ён са Шклоўскага раёна (хаця ўсе мы землякі), але таксама жыве ў Глыбокім. Браніслаў напісаў шмат песень на мае вершы. Сышлася ўся вёска. Я чытаў вершы, а ён спяваў. Пасля размова завялася... І вось колькі ў мяне было розных сустрэч, прэзентацый — у Полацку, Наваполацку, Віцебску, Ушачах, — падобнага не прыпомню. У паэме ёсць радкі, якія сведчаць аб тым, як я чытаў верш і як зрываўся ў мяне голас:

Прыязджаю дамоў — і душою дабрэю.

Госць жаданы, к любому прыб’юся двару.

Як калісьці, з малымі уволю дурэю,

А з дзядамі паважліва гавару.



Манін сын... І застаўся Маніным сынам.

Буду ўдзячны да скону і ў сне,

Што пад Шклоўшчыны небам, валошкава-сінім,

Мая родная вёсачка помніць мяне.

saulich@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter