Матывы роднай зямлі. У маляўнічай вёсцы Ракавічы на Шчучыншчыне адшумела фальклорнае свята

Ах, што за цуд гэта дэмбраўская кадрыля! Тамтэйшыя вяскоўцы танчаць яе ўжо больш за стагоддзе. І дзецям ды ўнукам сваім перадаюць зухаватыя фігуры. Каб танец жыў. Цяпер славутую кадрылю, лявоніху, польку і іншыя танцы на суд гледачоў прадстаўляюць хлопчыкі і дзяўчынкі — удзельнікі ўзорнага фальклорнага калектыву “Скарбоначка” Дэмбраўскага сельскага дома фальклору і народных традыцый. Разам са сваімі кіраўнікамі Таццянай Місюк і Станіславам Трусіла яны не толькі адраджаюць старажытныя танцавальныя элементы, але і паданні збіраюць, байкі, прыпеўкі, прыказкі...
А як зацягне песню народны фальклорны ансамбль “Вяргіні” Ракавіцкага СДК, — заслухаешся! Самыя старэйшыя артысткі дораць гледачам самабытныя песні бабі-чоўскай старонкі і незабыўныя эмоцыі. Удзельнікі фальклорнага гурту Ражанкаўскага ЦДК па традыцыі і спяваюць ладна, і весяляць публіку байкамі ды жартамі. Марыя Шэршань сама іх складае ды выконвае. Цешаць душу і слых пявухі з фальклорных калектываў Каменскага сельскага Дома культуры, Жалудоцкага ГДК. Спрадвечныя песні беларускай вёскі жывуць дзякуючы энтузіястам.
Суботні вечар у Ракавічах быў дажджлівы, але душэўны. Свята фальклору, арганізаванае вядучым спецыялістам Шчучынскага раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталляй Гардзейчык і яе калегамі, аб’яднала пакаленні і яшчэ раз нагадала, хто мы і адкуль родам...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter