Матывацыя высокая

Сярэдні конкурс абітурыентаў БДУ склаў 1,1 чалавека на месца

У БДУ многія абітурыенты, каб вучыцца па абранай спецыяльнасці, зрабілі выбар на карысць платнага навучання

Прыём дакументаў у ВНУ другога патоку на платныя аддзяленні завяршыўся ў мінулую нядзелю. ВНУ яшчэ толькі падводзяць вынікі. Але ўжо, па папярэдняй інфармацыі, можна сказаць, што ў гэтым годзе нават стаць студэнтам-платнікам было няпроста.

Як распавёў намеснік старшыні арганізацыйнай камісіі па правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання БДУ Вячаслаў Малафееў, на дзённую платную форму навучання ў галоўную ВНУ краіны было пададзена больш за 2,6 тысячы заяў. Такім чынам, сярэдні конкурс склаў 1,1 чалавека на месца. Для параўнання: у мінулым годзе гэтая лічба дасягала толькі адзнакі 0,9.

«Традыцыйна высокія балы спатрэбяцца для залічэння на шэраг прыродазнаўчых, эканамічных і творчых спецыяльнасцей, — кажа Вячаслаў Малафееў. — Па папярэдняй інфармацыі, конкурс на спецыяльнасць «біялогія» складзе 197 балаў, «мытная справа» — 236, «сусветная эканоміка» і «менеджмент (у сферы міжнароднага турызму)» — 247, «лінгвакраіназнаўства» — 278, «міжнароднае права» і «міжнародныя адносіны» — 283.

Зрэшты, высокія прахадныя балы ў гэтым годзе не выклікаюць здзіўлення, бо для навучання за кошт сродкаў бюджэту абітурыентам трэба было набраць на 60—100 балаў больш! Напрыклад, тыя, хто паступіў на бюджэтнае дзённае навучанне ў БДУ на спецыяльнасці «сусветная эканоміка» і «менеджмент (у сферы міжнароднага турызму)», павінны былі набраць 372 і 373 балы адпаведна.

Некалькі іншая сітуацыя складваецца ў БДУ ў частцы прыёму абітурыентаў на завочную форму навучання на ўмовах аплаты. Заявы падалі каля тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак пры плане 1592. У мінулым годзе сюды было пададзена больш за 1770 заяў. На думку суразмоўцы, гэта звязана са скарачэннем агульнай колькасці абітурыентаў, што назіраецца ў апошнія гады.

Разам з тым можна сказаць, што абітурыент, які, у прыватнасці, прыходзіць у БДУ, вельмі матываваны. Паводле слоў Вячаслава Малафеева, у гэтым годзе ў час залічэння на навучанне за кошт сродкаў бюджэту была зафіксавана высокая колькасць тых, хто адмовіўся на карысць платнага навучання. «Хлопцам і дзяўчатам з высокімі баламі прапаноўвалася залічэнне на роднасныя спецыяльнасці, — тлумачыць суразмоўца, — але многія адмаўляліся і выбіралі платнае навучанне па абранай імі спецыяльнасці». Дарэчы, кажа Вячаслаў Малафееў, у час сустрэч з бацькамі абітурыентаў пытанні па кошце платнага навучання не падымаліся.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter