Матывацыя рабочай прафесіяй

У 2010 годзе Лепельскі раённы камітэт прафсаюза работнікаў АПК упершыню ўзнагародзіў двух навучэнцаў — аднаго з аграрна-тэхнічнага каледжа, другога — з дзяржаўнага прафесійнага ліцэя. Узнагарода — стыпендыя ў памеры дзвюх базавых велічынь. У той час меркавалі, што гэтым усё і абмяжуецца, аднак у далейшым уручэнне падобных стыпендый стала рэгулярным. Сёлета ў пачатку года па выніках вучобы ў першым семестры ў каледжы і ў першым паўгоддзі ў ліцэі таксама вызначаны двое лаўрэатаў. Гэта Сняжана СПІРЫДОНАВА, выхаванка каледжа, і Максім АЛІСІЕВІЧ, навучэнец ліцэя.

Сняжана Спірыдонава пасля заканчэння каледжа стане будаўніком, а Максім — лесніком і трактарыстам

У 2010 годзе Лепельскі раённы камітэт прафсаюза работнікаў АПК упершыню ўзнагародзіў двух навучэнцаў — аднаго з аграрна-тэхнічнага каледжа, другога — з дзяржаўнага прафесійнага ліцэя. Узнагарода — стыпендыя ў памеры дзвюх базавых велічынь. У той час меркавалі, што гэтым усё і абмяжуецца, аднак у далейшым уручэнне падобных стыпендый стала рэгулярным. Сёлета ў пачатку года па выніках вучобы ў першым семестры ў каледжы і ў першым паўгоддзі ў ліцэі таксама вызначаны двое лаўрэатаў. Гэта Сняжана СПІРЫДОНАВА, выхаванка каледжа, і Максім АЛІСІЕВІЧ, навучэнец ліцэя.

СНЯЖАНА родам з вёскі Малы Поўсвіж, вучылася ў школе аграгарадка Вялікі Поўсвіж у Віцебску. Змалку расла актыўнай, гарэзлівай, займалася ў разнастайных гуртках і секцыях. У дзіцячай школе мастацтваў іграла на цымбалах, пасля ўдзельнічала ў тэатральных пастаноўках.

Адным з сапраўдных прызванняў дзяўчыны стаў спорт. Лыжы, бег, баскетбол, валейбол, лёгкая атлетыка — усе віды прыйшліся ёй даспадобы. Асаблівых поспехаў дасягнула ў дзюдо, пад кіраўніцтвам лепельскага трэнера Галіны Паповай чатыры разы заваёўвала тытул чэмпіёнкі Беларусі.

У аграрна-тэхнічным каледжы ў свой час вучыліся некалькі яе родных, атрымлівалі прафесію хто меліяратара, хто механіка, хто будаўніка. Сняжана выбрала спецыяльнасць «прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва». Зараз яна ўжо на чацвёртым курсе, піша дыпломную работу. Мы пацікавіліся тэмай яе дыпломнай работы.

— Яна гучыць так: «Двухпавярховы аднакватэрны пяціпакаёвы жылы дом», — адказала навучэнка.

Тут варта сказаць, што гэта — дом яе мары. Пасля бацькоў застаўся недабудаваны дом у Малым Поўсвіжы, які Сняжана і хоча дабудаваць па сваім праекце.

За вучобай дзяўчына не забывае пра спорт, удзельнічае амаль ва ўсіх спаборніцтвах. Хаця дзюдо ўжо больш не сярод яе прыярытэтаў. Затое на лыжах катаецца настолькі выдатна, што залічана ў зборную раёна, на леташняй і сёлетняй «Лепельскай лыжні» заваявала прызавыя месцы ў асабістым заліку сярод жанчын.

Хутка самастойнае жыццё. Хаця да выпускнога балю яшчэ некалькі месяцаў, ПМК-75 прапанавала дзяўчыне працоўнае месца ў брыгадзе тынкоўшчыц- маляроў.

ДРУГІ намінант прафсаюзнай стыпендыі Максім Алісіевіч — ураджэнец вёскі Варкі Чашніцкага раёна, рана застаўся сіратой. Яго старэйшыя браты разляцеліся па свеце: Юра — у Расію, Дзяніс — у Казахстан. У 2011 годзе хлопец паступіў у Лепельскі дзяржпрафліцэй. На выбар навучальнай установы паўплывала тая акалічнасць, што ў горадзе жыве яго дальняя радня.

Максім выбраў двайную спецыяльнасць — «тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ» і «лясная гаспадарка». Па заканчэнні атрымае кваліфікацыі лесніка, трактарыста, слесара.

Максім з імпэтам выступае ў мастацкай самадзейнасці ліцэя, займаецца народнымі рамёст- вамі — саломапляценнем, вышыўкай, у чым яму дапамагае выкладчыца Ала Драгунова. Ён намеснік старшыні савета інтэрната, наглядае за парадкам у жылых і агульных памяшканнях, арганізоўвае мерапрыемствы вольнага часу.

— Калі мы толькі пачыналі прэміраваць лепшых навучэнцаў, многія не ўспрымалі, што гэта ўсур’ёз і надоўга, — успамінае старшыня Лепельскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Марціновіч. — А сёння наш пачын падхапілі амаль усе райкамы Віцебшчыны. Разумею, што дзве базавыя велічыні — не самыя вялікія грошы. Але тут важная ўвага да маладых людзей. Гэта моцны стымул для далейшай вучобы, грамадскай дзейнасці, творчасці, нагода родным і блізкім ганарыцца сваімі нашчадкамі.

Васіль МАТЫРКА

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter