Якім запомнілі пісьменніка Алеся Адамовіча яго землякі

Маці. Вуліца. Музей. Аптэка

Аднавяскоўцы з бабруйскай Глушы і сёння даражаць аўтографамі Алеся Адамовіча

СЁННЯ ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна ладзіцца свята, прысвечанае 90-годдзю са дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка Алеся АДАМОВІЧА. Памяць літаратара, які вырас у гэтай вёсцы, дзе знайшоў і свой апошні прытулак, мясцовыя жыхары збіраюцца захаваць на гады, стварыўшы ў будынку cельскай аптэкі музей.

Ля будынка былой аптэкі ў Глушы—былы старшыня партызанскай брыгады Сяргей СЫРАКВАШЫН,Ніна ХРАМЕЛЯі Алесь АДАМОВІЧ, 1984 год.

Нарадзіўся будучы пісьменнік у Канюхах, што на Капыльшчыне. Але літаральна праз два гады пасля гэтага Адамовічы пераехалі на Бабруйшчыну. Бацька быў доктарам, а маці працавала ў аптэцы.

Галіна БРАНАВЕЦ са зборнікам твораў Адамовіча з аўтографам аўтара.
– ІНТЭЛІГЕНТНАЯ была сям’я, — зазначае 79-гадовая жыхарка Глушы Галіна Бранавец. — Старажылы казалі, што бацька Адамовіча Міхаіл Іосіфавіч працаваў урачом. Заўзяты прафесіянал быў, уважлівы: адзін раз выклічаш, другі раз сам доктар хвалюецца, як адчувае сябе пацыент. І едзе. З-за гэтага, казалі, і памёр: трэба было дабірацца да кагосьці далёка. Людзям аказваў дапамогу, а сам захварэў і не змог выратавацца. Алесь захаваў памяць пра бацьку. Гэта яго намаганнямі ў нас такую бальніцу добрую паставілі тады, стадыён і дзіцячы сад. Таму што Адамовіч усё гэта выбіваў для вёскі.

Асабістую сустрэчу з пісьменнікам Галіна Пятроўна памятае добра. Гэта было 2 верасня 1987 года. Тады на святкаванне 60-годдзя літаратара ён прыехаў з цэлай дэлегацыяй калег па цэху. Ішоў “па шашы” і з усімі вяскоўцамі вітаўся. Галіна Бранавец працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, ну як не запрасіць класіка ў школу? Выступаў перад дзецьмі, сваімі аднакласнікамі. “Мы, педагогі, былі здзіўлены, наколькі шчырай атрымалася размова, цёплым прыём быў, — дадае Галіна Пятроўна. — Даверная абстаноўка такая атрымалася, таму што Адамовіч быў простым, даступным чалавекам. Ён многа казаў пра вайну, пра тое, як трэба любіць жыццё, шанаваць кожны пражыты дзень. А потым падпісваў свае кнігі”.

Галіна Бранавец дастае з кніжнай палічкі тоўсты томік. Гэта збор твораў Адамовіча з аўтографам. Асобнік беражліва захоўвае пенсіянерка ў дамашняй бібліятэцы. Паабяцала абавязкова перадаць у будучы музей.

ДРУГАЯ вясковая жыхарка Ніна Храмеля шкадуе, што падобнай кнігі з аўтографам у яе архіве не захавалася. Аднак 80-гадовая пенсіянерка добра памятае, якая абстаноўка была ў тагачаснай аптэцы: там адпрацавала 39 гадоў. Прычым частку разам з маці пісьменніка Ганнай Мітрафанаўнай, якая пэўны час загадвала аптэкай. Справа ў тым, што некалькі гадоў Ніна Васільеўна ўвогуле амаль што жыла ў доме Адамовічаў. Ганна Мітрафанаўна запрасіла яе, каб глядзець за малой дачкой Адамовіча Наталляй. Ніна Храмеля ўспамінае:

— Мне было 17 гадоў. Нас траіх расціла маці, бацьку застрэлілі. Жылі бедна, таму я шукала работу. Дык вось, калі іншыя вяскоўцы ў месяц плацілі па 5 рублёў, то Адамовічы давалі 20. Прасіла мяне цёця Аня: “Ніна, глядзі дзіця”. У Мітрафанаўны і карова была, і гаспадарка, але мне даручаліся справы, звязаныя толькі з дзяўчынкай. Хаця, ведаеце, настолькі мудрая была маці ў Адамовіча, ведала жыццё, многаму і мяне навучыла. Я захаплялася ёю.

Асабліва часта прыязджаў на Бабруйшчыну пісьменнік, калі была жывая Ганна Мітрафанаўна. Надта ж шанаваў яе. Ніне Васільеўне мог падарункі нейкія прывезці: ці то сукенку (або тканіну на яе), ці то новыя туфлі. Любіў простую ежу: тварог, бліны, печаныя ў рускай печцы, мёд. Як наведваўся ў Глушу і меў час, то заўсёды завітваў да Васільеўны. Адамовіча яна запомніла як чалавека ўдзячнага, ён ведаў, што такое павага да аднавяскоўцаў.

СТАРШЫНЯ Глушанскага сельвыканкама Марыя Сушчанка падводзіць мяне да невялікага драўлянага асабняка з верандай. Гэта тая сама аптэка, дзе працавала Ніна Васільеўна разам з Ганнай Мітрафанаўнай. Вонкава яна выглядае гэтак жа, як і шматлікія іншыя даваенныя будынкі, якія захаваліся ў Глушы. Толькі зялёная фарба на фасадзе прыцьмела ад часу.

Менавіта ў ёй цяпер і збіраюцца зрабіць музей. Ідэя ператварыць стары даваенны дом у аб’ект культурна-гістарычнай спадчыны агучвалася яшчэ ў 1994 годзе, і толькі ў студзені 2016-га быў адкрыты дабрачынны рахунак па зборы грашовых сродкаў на выраб праектна-каштарыснай дакументацыі на рэканструкцыю будынка аптэкі пад музей. Пакуль паступіла 11 тысяч 811 рублёў 45 капеек. Асноўную суму ахвяраванняў пералічыла лаўрэат Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч, для якой Алесь Адамовіч быў настаўнікам у творчасці.

Нягледзячы на тое што ідзе час і вырашаюцца адміністратыўныя працэдуры, вяскоўцы і мясцовыя ўлады захоўваюць у належным стане будынак старой аптэкі сваімі сіламі, таму што ўпэўнены: пазбавіць Бабруйшчыну яшчэ адной часцінкі культурнай спадчыны нельга.

Аднойчы там быў адарваны шыфер на будынку, сцяна каля кацельні адышла. Паправілі. Пастаянна школьнікі прыбіраюцца на тэрыторыі былой аптэкі. Але ж будынак настолькі стары, што патрабуе грунтоўнай рэнавацыі. Кошт пытання — каля 500 тысяч рублёў.

— Нам бы хацелася, каб простыя людзі — жыхары іншых рэгіёнаў — далучыліся да збору сродкаў, — заклікае на годную справу Марыя Сушчанка. — Вітаем любыя ідэі — суботнікі, дабрачынныя аўкцыёны, выставы… Што тычыцца экспанатаў для будучага музея, то ў іх недахопу не будзе. Асноўная частка захоўваецца ў Мінску, сёе-тое ёсць у Бабруйскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі. Таксама можна зрабіць ухіл і на ваенны лёс Глушы: матэрыялы для калекцыі захаваліся.

І сапраўды гэта так. Напрыклад, на адрас сельвыканкама пачалі прыходзіць кнігі ад энтузіястаў, якія могуць быць уключаны ў збор будучага музея. У мяне ў руках рарытэт: “Шлях да майстэрства” Алеся Адамовіча, выдадзены ў Мінску ў 1958 годзе. Яго перадала сям’я сябра дзяцінства пісьменніка Івана Сцефановіча па мянушцы Рыжы. А вось гартаю адно са свежых выданняў “Блакаднай кнігі”. Яно прыйшло з бібліятэкі Аляксандра Ярмоленкі з Краснаярска…

Пералічваць ахвяраванні на дом-музей Алеся Адамовіча можна на дабрачынны разліковы рахунак. Рэквізіты: р/р 3642129272326 у філіяле 703 ААТ «АСБ Беларусбанк», код 706, г. Бабруйск, УНП 701226324. Прызначэнне плацяжу — «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў п. Глуша пад музей А. Адамовіча».

uskova@sb.by

Фота аўтара  і з архіва Глушскай сельскай бібліятэкі
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter