Мацi — у адзiн бок, дачка — у другi...

У  чарнiчным  лесе  яны  напалохалiся  не  толькi  самi

У  чарнiчным  лесе  яны  напалохалiся  не  толькi  самi 

Жыхарка вёскi Чыкiлi Глускага раёна Iна Лёзава разам са сваёй дзевяцiгадовай дачкой Вiкай пайшлi ў лес па ягады. Трымалiся паблiзу адна адной, рэгулярна пераклiкалiся. А тут натрапiлi на дзялянку, дзе чарнiц — процьма, ды такiх буйных, паспелых — самi просяцца ў посуд! Так захапiлiся збiраннем, што нават i не заўважылi, як аддалiлiся адна ад адной. 

Першай спахапiлася мацi. Пачала гукаць, але нiхто не адклiкаўся. Кiнулася ў адзiн бок, у другi, зноў клiкала, гукала, але  ўсё марна... Жах ахапiў: “Куды падзелася дачка? Мо, у балота зайшла цi на якога звера натрапiла, цi нядобрага чалавека сустрэла?..” А тут прыцемак ужо браўся... 

Вiка ж тым часам аддалялася ад мацi, яна таксама гукала, думала, можа, хто сустрэнецца ў лесе, але — нiкога... У адзiночку прабiралася скрозь драбналессе, хмызы. Раптам патыхнула тванню, вiльгаццю. Балота... Кiнулася назад. Блыталася ў напрамках, зноў прыходзiла на тое ж месца, дзе была. 

А мацi, напалоханая, у слязах прыбегла ў вёску. I адразу — тэлефанаваць у мiлiцыю. Адразу выслалi следча-аператыўную групу на чале з Уладзiмiрам Барабашам. Да пошукаў далучылiся група салдат з бабруйскай вайсковай часцi, кiнолагi з сабакамi, мясцовыя жыхары. Прачэсвалi лес з шумавой сiгналiзацыяй, зваротамi па мегафону. 

Вiцы стала адной вусцiшна ў лесе. Раптам яна пачула, нiбыта нехта яе клiча. Хуценька пайшла на гэты клiч. Выскачыла на лясную дарогу — там двое аднавяскоўцаў, i кiнолагi з сабакамi падаспелi. Аказалася, дзяўчына амаль на чатыры кiламетры аддалiлася ад дома. 

Вось такi маленькi дэтэктыў Вiцы i яе мацi давялося перажыць... Што ж, самi вiнаватыя: у лесе трэба быць абачлiвымi. Калi заблукалi i вырашылi самастойна выбiрацца, то варта трымацца прасёлачных дарог, якiя абавязкова куды-небудзь ды выведуць. А яшчэ важна папярэджваць знаёмых, у якi бок лесу iдзяце i калi вернецеся назад. Адным словам, аб сваёй бяспецы паклапацiцеся самi. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter