В Столинском районе на месте массового расстрела мирных жителей фашистскими оккупантами открыли мемориал

Маці прасіла: «Ты павінен застацца жывым і ўсё расказаць...»

У мінулы чацвер на ўскрайку Століна, на месцы масавага расстрэлу нямецка-фашысцкімі акупантамі мірнага насельніцтва ў верасні 1942 года, урачыста адкрыты памятны мемарыял

На шляху са Століна у Давыд-Гарадок дарожны ўказальнік паведамляе: «Мемарыяльны комплекс «Стасіна». Да акружанага векавым борам урочышча «Зацішша» вядзе асфальтаваная дарога. У даваенныя гады тут будаваўся сакрэтны ваенны аэрадром. Вайна спыніла будоўлю. Сярод бору застаўся глыбокі катлаван, вырыты для падземных ангараў будучага аэрадома. Гэта вельмі трагічнае месца!.. У вайну ў гэтым катлаване фашысты расстралялі дванаццаць з паловай тысяч яўрэяў, беларусаў, рускіх, украінцаў. І сення маўчыць у сумоце сведка-бор… У Століне, дзе да вайны пражывала амаль дванаццаць тысяч жыхароў, пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў засталося менш за палову даваеннага насельніцтва. Астатнія загінулі, іх забілі фашысты.



Наш карэспандэнт пабываў на месцы трагедыі і прыняў удзел у адкрыцці мемарыяла ахвярам фашысцкага генацыду.

У мінулы чацвер на ўскрайку Століна, на месцы масавага расстрэлу нямецка-фашысцкімі акупантамі мірнага насельніцтва ў верасні 1942 года, урачыста адкрыты пасля рэканструкцыі памятны мемарыял, усталяваны паўвека таму. Ад дарогі да мемарыяла паабапал лясной алеі сталі ў рады юнакі і дзяўчаты з чырвонымі гваздзікамі ў руках. Няспынны людскі паток. Столінцы нясуць у руках букеты асенніх кветак. 

У адкрыцці рэканструяванага мемарыяла прынялі ўдзел намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі. 



Юрый Шулейка ўзгадаў, што першы мемарыял памяці мірным ахвярам фашызму на Брэстчыне адкрыўся ў 1969 годзе. Потым былі чарговыя этапы ўсталявання памятных знакаў на месцах масавага знішчэння ворагамі мірнага насельніцтва. Выказваючы падзяку ўсім удзельнікам рэканструкцыі, кіраўнік вобласці асабіста адзначыў ініцыятыву і ўдзел у гэтай справе старшыні Столінскага райвыканкама Рыгора Пратасавіцкага.

Праект абнаўлення распрацоўваў і ажыццяўляў мясцовы архітэктар Леанід Кузьміч. 

Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі шчыра прызнаўся перад землякамі, што яму няпроста знаходзіцца тут. Нарадзіўся і вырас ён на Століншчыне. Мемарыял ў Стасінскім лесе, сказаў Ігар Уладзіміравіч, яшчэ адно пацверджанне, што ў нашым наро­дзе нішто не забыта. Узгадаў ён словы Прэзідэнта: калі шлях да такіх мясцін зарасце, генацыд можа паўтарыцца. Трэба пільна ставіцца да гісторыі, каб не паўтарыліся падобныя падзеі, што адбыліся на Століншчыне амаль 80 гадоў таму. Маладым ствараць будучае краіны і задача кожнага — перадаць дзецям, унукам, новым пакаленням святую памяць. Інакш можа не быць краіны і народа. 

Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі.

Ад старэйшага пакалення старшыня Столінскага раённага савета ветэранаў Анатоль Капітонавіч Максімовіч падзякаваў усім за ўдзел у мерапрыемстве і падкрэсліў: за такія злачынствы няма даравання нацыстам і іх памагатым. Лёс спаленай фашыстамі Хатыні паўтарылі і некалькі столінскіх вёсак. Моладзі ветэран наказаў ведаць гісторыю сваёй краіны і не дазваляць фальсіфікаваць яе. Варта памятаць, да якіх трагедый даводзіць нацызм.

Пад жалобную мелодыю ваенныя і ганаровыя госці мерапрыемства ўсклалі да помнікаў мемарыяла вянкі і жывыя кветкі. Мінуту маўчання, што панавала над сцішаным Стасінскім лесам, змяніла праваслаўная малітва «Святы Божа» ў жывым выкананні мясцовага харавога калектыву. Салютам ганаровай варты і галубамі, якія ўзлятаюць у залітае сонцам асенняе неба, завяршылася мерапрыемства.

Падтрымліваючы адна другую, крочаць немаладых гадоў дзве жанчыны. Вітаюся з імі. Ганне Стахавец споўнілася 80 гадоў. Нарадзілася ў ваеннае ліхалецце і ніколі не пакідала родныя мясціны. Ад бацькоў не раз чула пра зверства катаў. Яе спадарожніца Ксенія Казёл таксама на парозе свайго васьмідзесяцігоддзя. Родам яны з Львоўскай вобласці Украіны. На Століншчыне апынуліся, калі павыходзілі замуж. Пра жудасці стасінскага расстрэлу яны добра ведаюць. Іх сваякі бачылі, як праз поле гналі да лесу зняможаных лю­дзей. Палеглі тут яўрэі, беларусы, рускія, ураінцы, палякі.


Людміла Неўдах працуе эканамістам у Столінскай ПМС. Усім калектывам прыехалі ўшанаваць памяць ахвяраў фашысцкіх злачынстваў. Пра забойства людзей у стасінскім лесе Людміла ведае ад бабулі і дзядулі. Яны з дахаў дома назіралі, як гналі праз поле калоны зняволеных яўрэяў. 

Міхаіл Козел нарадзіўся ў час фашысцкай акупацыі. Ад бацькоў чуў, як гітлераўцы ўварваліся на падворак іх суседа — савецкага актывіста Дзяніса Козела. Схапілі яго, а потым жонку і дзяцей. Усіх расстралялі на турэмным двары ў Століне. Пахаваны яны ў стасінскім катлаване. 

Столінскія старшакласнікі Дар’я Палешка, Ілля Бандарчук прызналіся, што мала ведаюць пра растрэл мірных людзей у Стасінскім лесе. На мітынг прыйшлі з сябрамі, каб ушанаваць памяць ахвяраў генацыду. Для вучняў гэта жывы ўрок гісторыі роднага краю.


Акупацыйны тэрор на Століншчыне доўжыўся тры гады. Сярод мясцовага насельніцтва пэўны ўплыў мелі ўкраінскія нацыяналістычныя арганізацыі, асабліва прапятлюраўскае «Украінскае нацыянальнае адраджэнне», якім кіраваў Тарас Баравец, па мянушцы Бульба. Штаб іх базіраваўся ў недалёкім ад Століна ўкраінскім райцэнтры Сарны. З першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі нацыяналісты выйшлі з падполля. У занатаваных у кнізе «Памяць» успамінах жыхара Століна Уладзіміра Разановіча адзначаецца, як яшчэ да прыходу немцаў украінскія нацыяналісты і іх прыхільнікі арыштавалі многіх столінскіх актывістаў. У спісах на арышт значылася і яго прозвішча. Уратавалі падпольшчыка, як і некаторых яго паплечнікаў, глухія палескія балоты, куды яны падаліся да партызан.

З першых дзён акупацыі на Століншчыне стаў арганізоўвацца партызанскі рух. Народныя мсціўцы падрывалі чыгуначныя саставы, што кіраваліся на фронт, не давалі ворагу вывозіць нарабаваную жывёлу, збожжа, нападалі на нямецкія ваенныя фарміраванні.

У Століне, які акупанты вызначылі цэнтрам адной з 24 акругаў Валыні, у былым палацы Радзівілаў размясціўся гітлераўскі гарнізон. У горадзе з першых дзён акупацыі пачала дзейнічаць падпольная арганізацыя старшакласнікаў. Кіраваў столінскай «Маладой гвардыяй» дырэктар сярэдняй школы Мікалай Абадоўскі. Юныя падпольшчыкі наладзілі сувязь з партызанскім штабам. Збіралі і перадавалі важныя звесткі.



Гітлераўцы праводзілі палітыку «выпаленай зямлі». Арганізоўвалі карныя аперацыі ў вёсках, жыхары якіх падтрымлівалі народных мсціўцаў. За сувязь з партызанамі ў першыя месяцы акупацыі фашысты люта расправіліся з актывістамі вёскі Альпень Р. В. Бруцкім і чатырма мужчынамі з роду Ляшкевічаў. У вёсцы Дубай растралялі патрыётаў — бацьку і сына Суворыных. Уварваліся ў вёску Велямічы і спалілі ў хатах сям’ю актывіста Р. Ф. Мамайкі, гаспадара А. А. Мацюха з траімі дочкамі. У столінскай турме расстралялі дзесяць членаў сям’і савецкага актывіста М. Д. Барэйкі.

Бязлітасна акупанты сталі знішчаць мясцовых яўрэяў. Ворагі баяліся магчымага іх супраціўлення. У першую чаргу татальна расстрэльвалі мужчын ва ўзросце ад 15 да 50 гадоў. Побач з Давыд-Гарадком, які ўваходзіў у Столінскую акругу, ва ўрочышчы Хіноўск 10 жніўня 1941 года мясцовыя прыхвасні акупантаў і каты з СС, што прыбылі з Лунінца, расстралялі каля 3000 мужчын-яўрэяў. Іх жонкам, малалетнім дзецям і састарэлым дазволілі пешшу дабірацца ў Столін. Апусцелыя яўрэйскія дамы і падворкі ў Давыд-Гарадку разрабавалі.

У раённым краязнаўчым музеі сярод эксклюзіўных дакументаў генацыду захавалася паведамленне народных мсціўцаў Столінскага партызанскага атрада ў ЦК КПБ(б) ад 5 кастрычніка 1941 года, у якім пазначана:

«Выключна нечалавечыя зверства твораць нямецкія банды над яўрэйскім насельніцтвам, а менавіта: у Століне расстрэляна 80 чалавек, у вёсцы Гарадная — 50 чалавек. Яўрэйскае насельніцтва, што засталося ў раёне, акупанты зневажаюць і дзіка эксплуатуюць».



Па загаду акупантаў калабарацыяністы расстралялі 53 яўрэяў у вёсцы Рубель. Вяскоўцы пахавалі забітых ва ўрочышчы Барок. Халакост прайшоўся па густанаселеных вёсках Альшаны, Асавая, Альгомель, Вялікае Маляшава, Кароцічы, Беражное, Луткі, Глінка, Вялікія і Малыя Арлы, Лядзец, Аздамічы, Мачуль, Рамель, Рухча-1.

Па ўказанні нямецкага камандавання вясною 1942 года былі створаны гета ў Століне, Давыд-Гарадку і вёсцы Гарадная. Акупанты сагналі за калючы дрот мясцовыя яўрэйскія сем’і. Змучаных, галодных ахвяр фашысты прымушалі штодзённа працаваць з раніцы да вечара. Кожны яўрэй з дзесяцігадовага ўзросту павінен быў насіць на правым рукаве верхняй вопраткі белую палоску з выявай сіянісцкай зоркі, ці жоўтую нашыўку. Тканінай для вырабу такіх павязак вязні павінны былі самі сябе забяспечваць. Яўрэям катэгарычна забаранялася вітацца з мясцовымі жыхарамі.

У ліпені 1942 года акупанты расстралялі 200 жанчын, дзяцей і састарэлых ў гета вёскі Гарадная. Астатнія больш як чатыры сотні знямоглых вязняў гета выгналі за тры кіламетры ад вёскі ва ўрочышча «Падраліча» і там забілі. Каля тысячы вязняў акупанты знішчылі ў гета Давід-Гарадка.



Тэрыторыя Столінскага гета ахоплівала паўднёвую частку горада і выходзіла да крутога берага ракі Копанец. Акрамя мясцовых тут утрымліваліся і яўрэі, што прыбылі з акупаванай фашыстамі Польшчы. Уваход у гета быў толькі праз адны вароты. Іх пільна ахоўвалі жандармы і гестапаўцы. Вязням катэгарычна забаранялася выходзіць за агароджу без спецыяльнага дазволу, мяняць месца пражывання ўнутры лагера, наведваць грамадскія ўстановы, хадзіць па тратуарах, а толькі, як жывёле, па вуліцы. Дзецям не дазвалялася займацца ў школе. Забаранялася з’яўляцца на вуліцы пасля сямі гадзін вечара. Усе павінны былі знаходзіцца дома за зачыненымі ваканіцамі. Шмат іншых абмежаванняў наклалі карнікі на змучаных голадам і жахамі людзей. За любое парушэнне вызначалася толькі адно пакаранне — расстрэл на месцы ці смерць праз павешанне.

Невыносныя ўмовы гета не ўсе вытрымлівалі. Столінскія старажылы памятаюць, як штодзённа дзясятак і болей вязняў памірала ад голаду, холаду і хвароб. Акупанты сільнічалі жанчын і малалетніх дзяўчынак. Ахвяр ламалі фізічна, маральна і псіхалагічна.

Ежа пакутнікам амаль не пастаўлялася. Адзінай крыніцай харчавання людзей было тое, што вязні, якіх штодня выганялі на цяжкую працу, маглі таемна, пад пагрозай смерці, прынесці нешта ў кішэнях. Мясцовыя жыхары, рызыкуючы жыццём, імкнуліся падтрымліваць абяздоленых. На першым часе існавання гета ў падвале аднаго з мураваных дамоў удавалася ўпотайкі трымаць карову. Па закавулках вышуквалі корм для яе. Мізернай колькасцю малака, якое надойвалі, падтрымлівалі малых дзяцей і састарэлых.

Ганна СТАХАВЕЦ i Ксенія КАЗЁЛ.

Людзі туліліся ў невыноснай цеснаце. Усе жылыя будынкі, школа, прасторная мураваная сінагога, хлявы і гаспадарчыя пабудовы былі перапоўнены народам. Вязняў прымушалі здаваць каштоўныя рэчы, золата ў касу гебітскамісара Опітца. Акупанты і іх прыхвасні перыядычна ладзілі праверкі. Чарговых ахвяр перад тым, як расстраляць, прымушалі пісаць родным. Цудам захавалася развітальнае пісьмо Шломы Багалускага, напісанае на ідыш сваякам напярэдадні масавага растрэлу, 10 верасня 1942 года:

«…Мае дарагія, адчуваю неабходнасць развітацца з вамі назаўсёды. Жадаю вам самага лепшага ў жыцці. Няхай вам свеціць добры лёс, лепшы за той, што выпаў мне і ўсім яўрэям Століна. Не можа пяро апісаць вам нечалавечыя пакуты і перажыванні кожнага з нас і ўсё, што адбываецца у нашых сэрцах, калі кожную хвіліну чакаеш смерці. Але так распарадзіўся лёс і змяніць яго нельга, мае дарагія і любыя. Абавязкова жывіце ўсе разам.

Цалую ўсіх вас здалёку ў апошні дзень майго жыцця. Будзьце шчаслівымі і жывіце ў дабры. Ваш Шломо. Чацвер, 3 гадзіны ночы. 10.09.1942 года».

Сыну аўтара гэтых радкоў удалося выжыць і ў 1945 годзе пасля заканчэння вайны атрымаць пісьмо-запавет ад бацькі.

Як пацвярджэнне, што давялося перажыць ахвярам масавага расстрэлу ў Століне, яшчэ адзін эксклюзіўны экспанат Столінскага раённага краязнаўчага музея:

«…Яны ўсе напачатку былі распрануты. Іх павялі да магіл і растралялі. Сотні былі пахаваны зажыва… Колькі я буду жыць, столькі не забуду апошнюю ноч у гета. Не забуду, не магу забыць галасы нашых прыгожых маладых дзяўчатак: «Мы хочам жыць! Мы хочам жыць!»

Ноч была цёмная. Паліцаі з ліхтарамі хадзілі вакол калючага дроту. Яны прыводзілі бедных людзей у паніку: стралялі, не спыняючыся. Час ад часу я бегаў да бацькоў і назад. Мы пацалавалі адзін аднаго і прыціснулі твае фотаздымкі да нашых сэрцаў. Айцец сказаў малітвы, глянуў на мяне сваімі прыгожымі, сумнымі вачыма. Ён паглядзеў на мяне, як быццам хацеў у мяне папрасіць выбачэння, што прынёс мяне ў гэты свет. Маці ўмылася, прачытала малітвы і была гатова паміраць. Я зайздросціў святым бацькам. Я не мог так рабіць. Проста не мог чакаць, калі яны прыдуць і возьмуць. Маці зірнула на мяне і як быццам прачытала мае думкі. Яна прасіла: «Пакінь нас! Пакінь нас! Ты павінен застацца жывым. Хтосьці павінен застацца ў жывых, каб расказаць, што з намі здарылася!» Я сказаў, што не магу пакінуць іх адных: мы загінем разам. Але маці настаяла на тым, каб я пайшоў».



Аўтар гэтых радкоў выжыў. Застаўся невядомы яго далейшы лёс. Некаторыя вязні ў ноч перад расстрэлам схаваліся ў закутках гета. Толькі адзінкі з іх выбраліся з-за калючага дроту. За кожнага выдадзенага яўрэя фашысты абяцалі ўзнагароду.

Удалося ўратавацца ад пагібелі галоўнаму ўрачу столінскай бальніцы Ротэру. З першых дзён акупацыі доктар наладзіў сувязь з падпольшчыкамі, перадаваў партызанам медыкаменты. З сям’ёю ён ноччу выбраўся з горада. Праз патаемныя сцежкі дабраліся да народных мсціўцаў. Выпала выжыць доктару Генры Рыду з жонкаю Евай і трохгадовым сынам Аляксандрам, доктару Пазнаньскаму з жонкаю Геняй і сям’і Ахаронгера. Дапамагаў ім ратавацца ксёндз Францыск Смарцэўскі. Ляснік Кіёўскі, сяляне Сцяпан і Агапа Мазалі, рызыкуючы сваім жыццём, прынялі сем’і яўрэяў, а потым пераправілі ў партызанскую зону. Праз дзесяцігоддзі пасля заканчэння вайны Францыск Смарцэўскі, Сцяпан і Агапа Мазалі, Уладзіслаў і Марыя Кіёўскія ад ізраільскага інстытута «Яд Вашем» атрымалі ганаровыя званні «Правяднік народаў свету».

Стасінскі лес памятае жудасныя дні масавага расстрэлу, калі за два дні 11 і 12 верасня 1942 года нямецка-фашысцкія акупанты і іх прыспешнікі знішчылі вязняў Столінскага гета. Акупанты не пашкадавалі нікога. Ва ўспамінах жыхароў Століна, надрукаваных у кнізе «Памяць», адлюстраваны падрабязнасці тых жудасных падзей ваеннага часу.

Рыгор Апанасавіч Аўсянік:

«…У Століне вясною 1942 года было створана гета, якое агарадзілі ад астатняй часткі горада калючым дротам. Гета праіснавала да 11 верасня 1942 года. Добра памятаю канец яго існавання. Гэты трагічны дзень настаў для ўсіх вязняў гета. 10 верасня 1942 года старшыню юдэнрада Бергера і яго памочніка выклікалі ў гэбіткамісарыят і затым ноччу вывезлі з горада і расстралялі. Інфармацыя пра расстрэл Бергера выклікала хваляванні вязняў. Яўрэі зразумелі, што цяпер усім ім трэба чакаць смяротнага прыгавору... Лю­дзей выводзілі пад канвоем па вуліцы Набярэжнай на вуліцу Палескую. Затым вялі на Рыначную плошчу і далей па вуліцы Пінскай выводзілі за горад і там калоны, асуджаныя на смерць, зварочвалі направа і праз палі накіроўваліся да стасінскага лесу, дзе іх ужо чакаў вялізны катлаван. 

Да месца пакарання яўрэі крочылі сем’ямі, трымаючыся за рукі. Былі выпадкі, калі на праезную частку вуліцы без прытомнасці падалі састарэлыя. Тады патруль, які крочыў за калонай, адцягваў іх пад плот і забіваў выстралам у патыліцу. Трупы збіралі на падводы. Затым адвозілі іх ва ўрочышча Стасіна і скідвалі ў той жа катлаван, што і асноўную масу небарак. На месцы расстрэлу вязняў распраналі, затым прымушалі акуратна адкладваць адзенне ў адно месца, а абутак — у другое. Потым асуджаных на смерць кідалі ў катлаван і ўкладвалі тварамі ўніз аднаго за другім у рад. Эсэсаўцы хадзілі ўздоўж гэтых радоў чалавечых цел і стралялі па іх з аўтаматаў. Бывалі выпадкі, калі з ямы ноччу выпаўзалі параненыя. У іх ліку былі і маленькія дзеці. Яны хаваліся ў лесе, на каталіцкіх могілках па дарозе ў горад. Аднак іх усё ж знаходзілі і бязлітасна расстрэльвалі. У пятай па ліку калоне смертнікаў было шмат маладых хлопцаў. Калі іх вывелі за горад, вялікая група кінулася ўцякаць да лесу. Многім тады ўдалося ўратавацца.

Масавая расправа над яўрэямі Століна пакінула цяжкі адбітак у маёй душы. Сярод загінуўшых было і дзве дзяўчыны, з якімі сябраваў. Гэта Хава Туркеніч з вёскі Церабяжоў і Дора Фрыдман са Століна. Вядома, што ў час расстрэлу загінулі тры яўрэйскія рабіны. Адзін з іх быў расстраляны крыху раней за ўсіх — рабін Мойша Перлаў».

Надзея Іванаўна Кучук:

«…Малая была. Бегла ў школу. З гета пачалі выганяць людзей. Бачу, малая дзяўчынка бяжыць і кліча па свойму «Мама, мама!» А як тая ісці магла, калі з голаду запухла. Да яе падскочыў паліцэйскі і на вачах дзяўчынкі ў галаву жанчыне стрэліў. У розныя бакі пырснулі чалавечыя мазгі. Страшна было гэта бачыць...»

Так ажыццяўлялі на Століншчыне фашысты і іх пасобнікі палітыку «канчатковага вырашэння яўрэйскага пытаня» і распараджэнні генерала фон Шэнкендорфа. У брацкай магіле, акружанай стасінскім лесам, акрамя 8500 расстраляных вязняў Столінскага гета пакоіцца прах і амаль чатырох тысяч беларусаў, рускіх, украінцаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей.

У Акце пра здзяйсненне злачынства нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Столінскім раёне ад 14 красавіка 1945 года, які захоўваецца у філіяле Нацыянальнага архіва ў горадзе Пінску, пазначана: усяго ва ўрочышчы Зацішша расстраляна фашыстамі 12 500 человек, з іх мужчын 5622, жанчын 3620 і дзяцей 3 548. Насельніцтва Столінскага раёна знішчалася з канца 1942 па ліпень 1944 года, да вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Растрэлы праводзіліся як на могілках, так і ў турме, адкуль целы забітых прывозілі ва ўрочышча Зацішша.

На Століншчыне фашысцкія акупанты пакінулі крывавы след. Помнікамі і абеліскамі ў раёне ўшанаваны трагічныя падзеі векапомных ваенных гадоў. Адкрыты мемарыяльны комплекс — яшчэ адно пацвярджэнне памяці нашчадкаў пра ахвяр генацыду, здзейснены нямецка-фашысцкімі акупантамі на столінскай зямлі.

subbat50@mail.ru

Фота БЕЛТА, Паўла БОГУША, Аляксандра Нікіфарэнкі, аўтара і з архіваў Столінскага раённага краязнаўчага музея.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter