Маці, матуля — святая Параскева...

Вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Гаўрыловіч у мінулым годзе стварыў, кажу без перабольшання, адзін з самых антываенных твораў апошняга часу ў нашай літаратуры. Гэта аповесць «Святая Параскева». Напісаная да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Твор мае прысвячэнне: «Матерям». Чытаеш і разумееш — усім нашым «матерям», мамам, матулям. І тым, якія перажылі вайну і выйшлі з яе з дзецьмі… І тым, якія засталіся без іх… І сённяшнім, летным і маладым… Так, матулям, падкрэслю, менавіта ўсім: яны з’яўляюць свету пачатак чалавечага жыцця, якое павінна быць бясконцым — закон жыцця. Вядомы закон, але, між іншым, напамін пра яго ў аповесці сёння не лішні…

Што да Уладзіміра Гаўрыловіча як літаратара, дык нагадаю, што ён шмат гадоў паспяхова працуе ў літаратуры. Тэматыка яго твораў такая: сучаснасць і былое. Сучаснасць зразумела: чалавек сярод людзей, яго месца ў грамадстве. Былое — няпростыя ў, так бы мовіць, нашым «унутраным» жыцці краіны, калі ўсё адно ў большасці людзей не трацілася дабрыня і чалавечнасць, а з імі — адданасць народу, Айчыне. А далей у вайну, дзякуючы гэтай адданасці, мы і перамаглі. І яшчэ: ва ўсіх яго творах прасочваецца непарыўная сувязь часоў: творца — глыбокі аналітык падзей. Былых і сённяшніх. Усё гэта бачыцца ва ўсіх яго трох дзясятках кніг. А ў аповесці «Святая Параскева», можа, найбольш.

Сталася так, што аповесць пакуль не вядома шырокаму чытачу. Яна выйшла на рускай мове абмежаваным тыражом (першае месца ў конкурсе на суісканне прэміі Гомельскага аблвыканкама «Літаратурная прэмія імя К. Тураўскага», 2020 год). Аўтар дорыць сябрам і калегам, як дарагую сваю працу… У снежні 2020-га аўтар стаў пераможцам у намінацыі «Проза» 15-га Міжнароднага конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія «Залатое пяро Русі», у якім прымалі ўдзел пісьменнікі 72 краін.

Дык вось, аповесць «Святая Параскева» — твор пра вайну. А дакладней, пра зламаны, абпалены вайной лёс жанчыны-маці. І пра яе жыццё ў наш недалёкі ад цяперашняга час. А таксама пра сёння. І ва ўсім гэтым яна, маці, якая засталася без дзяцей, жонка, якая засталася без мужа, дачка — без бацькоў, нявестка без свёкра і свякрухі. А ўвогуле жанчына, чалавек, у якога няма нікога роднага і блізкага. (Адзін, хто недзе можа быць, дык сыночак, сын, якога ў вайну некуды забралі карнікі. Можа, жывы, жыве і маці сваю не помніць. І на чужой мове гаворыць, і не ведае каранёў сваіх…) Адно — людзі навокал, дзеля якіх і жыве Параскева. Вось толькі, здараецца, і сярод іх яна часам адзінокая, як былінка…

Пісьменнік Уладзімір Гаўрыловіч, якога некаторыя «літрэгуліроўшчыкі» папракаюць у тым, што піша пра вайну, не ведаючы яе, у гэтай аповесці не толькі празаік, але і публіцыст. Не па мове, не па стылі напісання — тут ён, як і заўсёды, сапраўдны мастак слова, а па ўздзеянні твора на свядомасць чытача. Але сфармулюю яго думкі так: хоць і не ведаю, ды ўсё адно пішу і буду пісаць. Бо і сёння, праз столькі часу пасля вайны, пагроза знішчэння вісіць над людзьмі. Помнім: гінулі асобныя людзі, сем’і, цэлыя чалавечыя роды. Пераставалі існаваць мільёны чалавечых жыццяў. І што самае жахлівае — дзяцей… Гэта не павінна паўтарыцца, бо ўсё залежыць ад нас…

Дык вось, падтэкст твора, лёс галоўнай гераіні, які адкрываецца нам, як наяве, — так умела адлюстроўвае аўтар, усё гаворыць пра гэта. А яна, Параскева Максімаўна Міронава, жанчына даволі сталага веку. Маці, жанчына, якая, падкрэсліваю, страціла ў гады вайны сваіх дзяцей, мужа, родных і блізкіх... Жанчына, якая цудам засталася жывой… Наша сучасніца, якая знайшла ў сабе сілы, каб пасля ўсяго гэтага прысвяціць усё сваё жыццё іншым… І зноў жа, або ўвесь час МАЦІ, якая «марыць» злучыць сваю сям’ю праз столькі гадоў пасля вайны, якая не скончылася да апошняга яе дыхання…

І тут пытанне: як злучыць, калі загінулі?... Знарок не раскрываю змест твора: акцэнтуемся на выдзеленае. Твор трэба чытаць. Неўзабаве ён будзе даступны шырокаму чытачу. Выходзіць у выдавецтве «Чатыры чвэрці» ў зборніку прозы Уладзіміра Гаўрыловіча «Куда улетает Ангел». (Серыя «Женские судьбы»). І ўсё ж прадбачу, што чытач, маючы такія звесткі пра аповесць, засяроджваецца на нязвыклым у сітуацыі з лёсам жанчыны, што значыць, як ажыццявіць «мару» ды як злучыць сям’ю… Адказваю: перазахаваць, пакласці ўсіх разам як сваю сям’ю на брацкія могілкі, дзе ўсе загінуўшыя ў вайну — адна наша, чалавечая сям’я з трагічным непапраўным лёсам… Дзеці, бацькі, бабулі, суседзі… людзі…

Удумаемся: хіба з такімі «марамі» павінны жыць тыя, хто выжыў? І наогул, хіба патрэбны людзям такія «мары»?... Сапраўдныя ж чалавечыя мары — святло, цеплыня, дабрыня. Яны пра шчаснае жыццё…

Лёс гераіні аповесці рэальны. Наогул У. Гаўрыловіч ва ўсіх сваіх творах ідзе з жыцця ў жыццё. Як журналіст і пісьменнік Уладзімір Мікалаевіч аб’ездзіў родную Гомельшчыну, вывучаючы жыццё людзей. Душэўная патрэба ў яго такая, найперш як проста чалавека, грамадзяніна сваёй Айчыны, краіны. Уявіце: у вайну яго род страціў амаль сорак жыццяў… Не па чутках ведае, што і як было і што можа быць з усімі намі, калі страцім памяць. І пісаць пра былое лічыць сваім святым абавязкам. І хай нехта кажа: не бачыў, не перажыў… Калі так, скажу наступнае. Увогуле ў нашай літаратуры ўжо даўно сфарміравалася магутная плеяда пісьменнікаў, народжаных у вайну і пасля вайны, якія працягваюць справу літаратараў-франтавікоў — праўдзіва расказаць людзям пра былое. Ды ў адной толькі Гомельскай пісьменніцкай арганізацыі, дарэчы, якую ўзначальвае У. Гаўрыловіч, іх дзясяткі: В. Ткачоў, І. Катляроў, С. Шах, А. Каляда, А. Ананьеў, В. Кадзетава, М. Болсун, Р. Дзейкун, Я. Калашнікаў, Т. Кручэнка. І яны (творчасць кожнага заслугоўвае асобнага разгляду), як і У. Гаўрыловіч, калі пішуць пра вайну, нібы здзяйсняюць своеасаблівы «скачок» з нашага часу ў той наш час. Пра гэта, пра такі «скачок» памяці, напрыклад, вельмі дакладна сказаў расійскі паэт Сяргей Строкань (нар. у 1959 г.) у вершы «О войне не бывает легко завоеванных строк». Чаму? Ды таму, што «…Писать — как сражаться — и сила нужна, и отвага». Бо «вдруг покажется — схлынули беды, осознан итог, // но рука все никак не решается тронуть бумагу».

Зноў тое ж — чаму? Здавалася б, няма перашкод. Сумленне не дазваляе: «не причастен»? Сапраўды, «как писать, если страшным огнем не проверен мой стих? // Пересказывать книги? Нет, так не приблизиться к теме…» Але ж былое тваіх родных і блізкіх, твайго народа, Айчыны генетычна і кроўна тваё… Гэта і дае табе дазвол, калі ты не проста пісьменнік, а яшчэ і грамадзянін сваёй краіны. Значыць, трэба пісаць, як у дадзеным выпадку з паэтам, «Приподая к земле, слушать гул — он еще не утих… // Сердце сжалось, и снова готово к прыжку через время».

 Уладзімір Гаўрыловіч у аповесці «Святая Параскева», паўтараю, якраз і здзейсніў «скачок» з сённяшняга нашага часу ў той наш час. Асэнсаваў былое і цяперашняе. Убачыў тыя непадуладныя нікому з незычліўцаў сувязі між людзей, якія не дазволілі і не дазволяць знішчыць жыццё… Убачыў тых, хто мацуе гэтыя сувязі. І сярод іх вызначыў месца, на якім стаяць мамы, маці, матулі. Такія, як яго Параскева. Як усе жанчыны-матулі. Яно — асаблівае, тое месца нашых матуль на зямлі ва ўсе нашы часы.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter