Маці купалаўская

Зінаіда ЗУБКОВА — пра лёс, пра творчасць, пра сябеЛічыцца, што пасля Стэфаніі Станюты менавіта Зінаіда Зубкова заняла ганаровы “пост” маці вядучага тэатра Беларусі — дзякуючы свайму таленту, працавітасці, невычарпальнаму творчаму патэнцыялу... Амаль што паўвека на сцэне, дзесяткі тэатральных і кінароляў — Зубковай усё па сілах. Яна і балет станцуе калі трэба, і самую неверагодную рэжысёрскую ідэю лёгка ўвасобіць у жыццё. Напрыклад, калі салісты групы Atlantica ёй прапанавалі зняцца ў кліпе ў ролі бабулі-”хакера”, яе ніколькі не збянтэжыла тое, што давядзецца бегаць па дахах і скакаць цераз плот. І ніякіх дублёрак — усё рабіла толькі сама, як сапраўдны каскадзёр. І гэта нягледзячы на тое, што сёлета адзначыла сямідзесяцігадовы юбілей... А што ўжо казаць пра тэатральныя капуснікі?! А нядаўна і наогул з’явілася ў вобразе нявесты ў самай гучнай прэм’еры сёлетняга тэатральнага сезона, “Вяселлі” па Чэхаву... Пра ўсё гэта і пра многае іншае мы і гутарым са спадарыняй Зінаідай за кубачкам гарбаты.

Пра “Вяселле”
“Вяселле” ў пастаноўцы маладога расійскага рэжысёра Уладзіміра Панкова — рэч знакавая для нашага тэатра. Па-першае, у гэтым спектаклі, дзе, дарэчы, занята практычна ўся трупа, мы зноў аб’ядналіся: і маладое пакаленне, і акцёры пакалення старэйшага. Мы зноў згадалі, што можам не толькі добра іграць, але цудоўна спяваем і тонка адчуваем сваё цела. На жаль, адчуванне сябе знікла з-за папярэдніх прэм’ер. Панкоў жа падаў нам такі майстар-клас! Прызнаюся, што з самага пачатку мы аднесліся да работы расійскага рэжысёра скептычна. Былі ўпэўнены, што масквічы такім чынам хочуць на нас зарабіць, “адбіць” спонсарскія грошы. Але калі гэтая самая работа пачалася, вырвацца з яе было ўжо немагчыма. Панкоў шалёны па тэмпераменце, а работа з ім “уцягвае” цябе ў творчы працэс, як у нейкае сопла, і ты ўжо не можаш вылезці — усё надзвычай цікава. То адкрываеш сябе з нейкага невядомага боку. Тым больш што гэты рэжысёр ведае, чаго хоча, а гэта так важна для акцёра! Мы рэпеціравалі па дзесяць гадзін у дзень, і ніхто ніколі не сказаў, што стаміўся. Калі паведамілі, што мяне бачаць у ролі нявесты, я падумала, што гэты малады рэжысёр вырашыў з мяне пасмяяцца, і толькі пазней зразумела, што яму можна цалкам давяраць. Я даверылася яму, а ён мне. Дарэчы, самым складаным для нас было расставанне і, прызнаюся, мы вельмі сумуем без шалёнасці Панкова.
Пра Пінігіна і канфлікт у тэатры
Назначэнне Мікалая Пінігіна мастацкім кіраўніком Купалаўскага тэатра трупа прыняла з вялікім захапленнем. Мы, безумоўна, звязваем з ім адраджэнне нашага тэатра. Часта можна пачуць, што Пінігін не дае інтэрв’ю, хаваецца ад журналістаў. Але вы зразумейце яго. Ён абавязкова скажа сваё слова, калі яму будзе што сказаць. Дайце яму час. Чалавек ён творчы, аўтарытэтны, умее працаваць... Моладзь і старэйшае пакаленне яго вельмі любяць. Што ж да канфлікту, які і прывёў Пінігіна на ролю мастацкага кіраўніка, дык, шчыра прызнаюся, мы не хацелі шуміхі. Усё гэта здарылася неяк нечакана і ў некаторых момантах вельмі непрыгожа. Не люблю пра гэта ўспамінаць. Скажу толькі, што апошняй прэм’ерай, як нам здаецца, мы назаўсёды закрылі гэта пытанне, і гэтаму вельмі рады. Купалаўцы засумавалі па сапраўднай рабоце. Так, працаваць трэба па-сапраўднаму, і тады не будзе месца ні канфліктам, ні размовам.
Пра педагога
У творчасці мне заўсёды шанцавала на цікавых і цудоўных людзей. Да тых, пра каго я сказала вышэй, дадам майго першага педагога Канстанціна Саннікава. Ён — гэта не толькі мой першы педагог, але мой бацька ў мастацтве. Менавіта ён раскрыў ува мне розныя акцёрскія грані. Менавіта дзякуючы яму я пазнала сябе з самых розных бакоў. Дагэтуль успамінаю яго сальта, якое шасцідзесяцігадовы майстар прадэманстраваў на нашых першых занятках. Менавіта ён навучыў іграць каханне, ды так, што муж раўнаваў да партнёраў. З самых першых заняткаў Саннікаў рыхтаваў характарных акцёраў. З ім — то ў ваду, то ў пекла. Ён заўсёды казаў, што нам гэта спатрэбіцца... і спатрэбілася. Тэатр для мяне — гэта магчымасць паспрабаваць свае сілы ў розных сітуацыях і вобразах. Часта я не ведаю, як выканаю тую ці іншую ролю, але я павінна паспрабаваць, раскатурхаць у сабе тую ці іншую якасць. Але каб я магла сыграць добра, мне трэба паставіць дакладную задачу. Рэжысёр павінен растлумачыць, што я павінна сыграць, а ўжо як — разбяруся сама.
Пра дружбу
У творчасці ёсць месца дружбе — у гэтым я абсалютна ўпэўнена. З гордасцю магу назваць сваёй сяброўкай Стэфанію Станюту. Я ў яе ўвесь час вучылася, была дублёркай. Быць дублёркай, зразумела, складана, гэта вам скажа любая актрыса. Але быць ёй у Станюты — гэта заўсёды ганарова. Яе акцёрскі талент апісаць немагчыма, яго трэба бачыць. Трэба бачыць, наколькі яна пластычная, музыкальная, адчувальная... Той, хто ведаў яе ў быце, таксама заўсёды здзіўляўся яе годнасці. Напрыклад, прачнецца раніцай, і столькі ў яе словах і міміцы любові — да сябе, людзей, свету... У яе заўсёды было чаму павучыцца. Цяпер гавораць, маўляў, Зубкова заняла ў Купалаўскім ганаровае месца — “маці тэатральная”... Калі я прыйшла працаваць, такой мамай у нас была мама Ліда — вялікая актрыса Ржэцкая. Потым Стэфанія Міхайлаўна, а цяпер я. Як мама, заўсёды дапамагу парадай, падкажу, бо сама выгадавала цудоўную дачку.
Пра сябе
Пра сябе я заўсёды гавару ў канцы. Люблю паўтараць, што нарадзілася ў Ленінградзе, вырасла ў Латвіі, а ўсё жыццё пражыла ў Беларусі. З Расіі ў мяне так званы “рускі дух”. Піцерцы заўсёды пазнаюць ўва мне сваю. Латвія дала спакой і любоў да краіны і культуры. А ў Беларусі я адбылася не толькі як актрыса, але як жонка і маці. Дзякуючы прафесіі я пастаянна адкрывала сябе. Адно з апошніх адкрыццяў на сцэне — яшчэ ўмею любіць. Былі і перыяды без роляў. Як гэта? Ідзе самаацэнка. Ты праглядаеш сваё жыццё, быццам адкрытую кнігу, аналізуеш, шукаеш... Што мінула? Што з майстэрствам? Ці не прытупіліся пачуцці? Нас заўсёды выратоўвала радыё. Як ні дзіўна, але дзяржаўную прэмію я атрымала менавіта за ролю ў радыёпастаноўцы “Хамуціус” па Куляшову. А сыграць голасам — гэта як сыграць ролю... Ёсць толькі імгненне... Калі была не запатрабавана — таксама шукала захапленні. Займалася танцамі, гімнастыкай, падтрымлівала форму. Ці шчаслівая я? Я была вельмі шчаслівая, калі быў жывы мой муж. Цяпер яго няма, але на жыццё я не скарджуся. Я яму вельмі ўдзячная, бо наўрад ці змагла б пражыць інакш...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter