Карціны полацкай мастачкі і паэткі Галіны Загурскай уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі

Матэматык з творчым дарам прарока

У нашым аб’ектыве незвычайная асоба. Дыяпазон яе творчасці не можа не ўразіць. Галіна ЗАГУРСКАЯ — аўтар не толькі пяці кніг вершаў, але і звыш сотні карцін, уключаных у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Што на палатне? Прырода, жывёлы і птушкі, а дзякуючы таму, што Галіна Пятроўна жыве ў калысцы беларускай цывілізацыі — слаўным і добрым Полацку, на яе выявах Сафійскі сабор, які адбіваецца ў Заходняй Дзвіне, Спаса-Еўфрасіннеўская царква і розныя краявіды старажытнага горада, а таксама Ісус Хрыстос, былы полацкі ўладыка Феадосій, родныя і дарагія людзі. Першую карціну напісала алеем на грунтаваным кардоне, на ёй рэчаісны вясковы сюжэт: жанчыны ў роднай вёсцы Лявонпаль складаюць у стог сена, навокал прамяніцца сонца і ружовяцца сосны на захадзе. Хоць сюжэт узяты з самога жыцця, тым не менш засведчыць яго можа толькі таленавітая і ўважлівая асоба, якая не пройдзе раўнадушна ля бярозавых каташкоў, кляновых далоней-лісткоў альбо неба, засеянага зорамі. Яно і нядзіўна. Галіна Загурская — паэтка, адна з яе кніг — «У месяцовым перламутры» — і паслужыла назвай для карціны. Альбо наадварот — карціна для кнігі. Не сутнасць, галоўнае зразумець — што робіцца ў творчай душы, чым яна жыве і пра што клапоціцца.


ЗАЎСЁДЫ па-добраму зай­здрошчу і здзіўляюся лю­дз­ям, якія маюць адрозныя прафесіі ад свайго асноўнага, выбачайце за таўталогію, прафесійнага захаплення. Галіна Пятроўна скончыла фізіка-матэматычны факультэт, выкладала ў вясковых школах, потым у вучылішчы. Як пачуваецца на своеасаблівым скрыжаванні і як удаецца спалучаць розныя напрамкі — узнёслую творчасць і дакладную матэматыку?

— Сярод аднагодкаў мяне не выдзялялі, аднак з самага маленства ведала і адчувала, што я — мастачка, — адказвае яна. — Развівацца асабліва магчымасці не было, фарбаў таксама. Не выказаць радасць, калі мне ўпершыню падарылі набор з шасці каляровых алоўкаў, нават помню іх пах. Пазней наша сям’я пераехала на Поўнач — у горад Інта Комі АССР, дзе бацька працаваў на шахце. Я ўжо дзевяцікласніца і ў новай школе, помню, першай адгукнулася на прапанову аформіць насценгазету. Удалося, больш за тое — давалі накіраванне для паступлення на мастацка-графічны факультэт у Ленінград. Але спужалася расчаравацца ў гэткім выбары, бо ўмела маляваць толькі з натуры, а фантазіі і ўяўлення бракавала. Між тым фізіка-матэматычны цыкл ішоў на выдатна, таму і падалася на фізмат.

Матэматыка ўпарадкавала яе мысленне, затое цяпер ні вершы, ні карціны, што называецца, па дрэве не размазвае, а прагне канкрэтна выказаць думку, перадаць настрой і душэўны стан. Не аб’едзеш і не абмінеш тое, што цікава. Пасля заняткаў хуценька бегла ў бібліятэку і гадзінамі напралёт чытала пра мастацтва і паэзію. А потым была прыемная дарога дадому — услед за бацькамі, якія вярнуліся на Радзіму. Юнае дзяўчо не захацела адна заставацца ў чужой старане і перавялася ў Віцебскі інстытут на той жа фізмат. Між тым захаплялася лірычнай паэзіяй, вывучала мастакоў, на летніх вакацыях, прыехаўшы ў Маскву да сястры, удосталь хадзіла па музеях, прасякнулася імпрэсіянізмам.

— З Поўначы вярталася ў Беларусь на цягніку. Помню, калі ад спадарожніц пачула беларускую гаворку — здрыганулася сэрца, заспявала душа, так зразумела, што я — беларуска. Як толькі прыйшло гэтае адчуванне, з’явіліся і вершы. Трэццякурсніцай, седзячы на падаконніку, напісала першы з іх, — усміхаецца Галіна Загурская.

Папрацаваўшы ў вясковых школах і стварыўшы ўласную сям’ю, жанчына пераехала ў Полацк, дзе бруіла, як і цяпер, тамтэйшая творчасць. Але перад гэтым па размеркаванні трапіла на Гродзеншчыну, у слаўнае мястэчка Жодзішкі з кальвінісцкім касцёлам, парэшткамі палаца, а непадалёк — Кушляны Багушэвіча, сядзіба Агінскага, куды са сваімі вучнямі Галіна Пятроўна неаднойчы трымала шлях. Вясковае жыццё падабалася, школа была хоць і сельская, але сучасная, двухпавярховая, з прасторнымі кабінетамі, і самае галоўнае — выкладанне вялося па-беларуску. А ў Полацк пераехала, каб быць бліжэй да бацькоў.

— Нідзе няма столькі паэтаў на 100 тысяч жыхароў, як на Полаччыне! Тры народныя літаратурныя аб’яднанні. Невыпадкова з гэтых мясцін паходзяць Францыск Скарына і Сімяон Полацкі, якога лічуць роданачальнікам рускай паэзіі. Полаччына станоўча на мяне паўплывала, пакрысе складаліся вершы, але не думала іх выпускаць у людзі, — сціпла зазначае Галіна Пятроўна.

Распарадзіўся выпадак: у сваёй роднай вёсачцы Лявонпаль, што на Міёршчыне, сустрэлася са слаўным паэтам-земляком Сяргеем Панізнікам, у працяг стасункаў адправіла яму ўласныя вершы. Сяргей Сцяпанавіч ухваліў іх і разаслаў па сталічных рэдакцыях літаратурных часопісаў, дзе ахвотна надрукавалі. І тады ў яе ўнутры нешта шчоўкнула: раз так удала выходзіць — трэба працягваць. Тым больш у паэзіі многае цяміла, шмат чытала і цікавілася. У Полацку якраз збіралася народнае літаратурнае аб’яднанне «Наддзвінне», дзе новым сябрам заўсёды былі рады, дапамагалі і падказвалі. Так Галіна Загурская стала «наддзвінкай» і арганічна ўплялася ў гэтую суполку, актыўна ўзялася за вершаскладанне, вастрыла пяро сваё і іншых творцаў, больш за 10 гадоў была рэдактарам.

Полацк на літаратараў багаты, а народныя літаб’яднанні «Наддзвінне», «Полоцкая ветвь» і «Ковчег» штогод злучаюць свае намаганні, каб зладзіць міжнародны фестываль «Цэнтр Еўропы», які праходзіць пад эгідай Віцебскага абласнога аддзялення СПБ. Для моладзі гэтае свята хвалюючае, бо менавіта тут запальваюцца новыя зоркі, прыадкрывае заслону Галіна Загурская:

— Я ў складзе журы і бачу, што на конкурс, які праводзіцца ў праграме фэсту, прыходзіць многа добрых твораў, у тым ліку з Беларусі, Расіі, Азербайджана, Украіны… Праяўляе сябе і моладзь, напрыклад «наддзвінка» Яна Гільмуліна, Ігар Пятровіч, Дар’я Прохарава. Дарэчы, з Дашай удзельнічалі ў беларуска-расійскім праекце «Берега дружбы», дзе перакладалі вершы суседзяў, а яны — нашы. Штогод «Цэнтр Еўропы» збірае творчыя вечары, круглыя сталы, на турніры «Паэт-артыст» аўтары дэкламуюць самі.

«Бераг зарападаў» — пятая кніжка, якая выйшла ў Галіны Загурскай, першую выдала ў Мінску, іншыя ў Віцебскай абласной друкарні. Прырода, родныя мясціны, успаміны маладосці, нешта з філасофіі і рэлігіі, а таксама вянок санетаў для Янкі Купалы, паэмы, прысвечаныя гістарычным асобам (Усяславу Чарадзею, Марыне Мнішак і іншым), — вось кароткі пералік лейтматываў, тэм і жанраў палачанкі. Дзесяць гадоў, як яна ў складзе Віцебскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, разам з камандай удзельнічае ў самых знакавых грамадскіх святах — «Славянскім базары», Днях пісьменства, Міжнародных кніжных выставах:

— Нядаўна прадстаўляла Саюз пісьменнікаў Беларусі на Дні народзін Васіля Быкава, рэгулярна ездзім на Дні горада ў Віцебск, выступаем на сцэнічных пляцоўках, у бібліятэках ра­зам з творчымі сябрамі. А з «наддзвінцамі» часцей ушаноўваем Полаччыну. Удзячна земляку Мікалаю Балдоўскаму — рэдактару маіх кніг, Тамары Філімонавай. Ад іх часта пачуеш добрае слова і падтрымку, для мяне гэта важна. Над чым працую? Напісала дзіцячыя кнігі пра падарожжы ў краіну звяроў і птушынае царства, у іх вершы і малюнкі, якія таксама зрабіла сама. Засталося звярстаць і выдаць. Гатовы да выпуску лірычныя кнігі «Словы просяцца на волю» і «Мгновения».

Галіна Загурская разважае: сучаснаму творцу, каб запомніцца чытачу, варта пісаць пра тое, што яго хвалюе, — напрыклад, пра стан прыроды альбо сучаснасць, гісторыю ці будучыню нашага краю. Чаму б і не паразважаць, што будзе з чалавецтвам далей, а потым, як прыйдзе пара, параўнаць? Дарэчы, прарокамі свайго часу называюць Васіля Быкава і Анатоля Сыса. Нягледзячы на выбраны калісьці матэматычны профіль, Галіна Пятроўна працягнула творчы прыродны дар, які дастаўся ад бацькоў (нездарма яе дзявочае прозвішча Міснік — родзічы рабілі міскі, якія пасля самі і расфарбоўвалі):

— Добра маляваў тата. Помню, ляжала ў бальніцы і моцна баялася ўколаў. А каб не плакала, ён намаляваў мне сабаку ля будкі. Наконт паэтычнага слова — харошай расказчыцай была маці, і я рада, калі хоць крышку працягнула іхнія таленты, якія адбіліся ў маіх унуках — Сяргею і дзевяцігадовай Ульянцы.

basikirskaya@sb.by

Фота з уласнага архіва Галіны ЗАГУРСКАЙ.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter