Матэматык Х

21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы. Таму карэспандэнт «ЗН» сустрэлася з цікавым маладым пісьменнікам Віктарам Лупасіным, які набыў славу сваімі жывымі выступленнямі.

21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы. Таму карэспандэнт «ЗН» сустрэлася з цікавым маладым пісьменнікам Віктарам Лупасіным, які набыў славу сваімі жывымі выступленнямі. Майстар эпатажу распавёў, як збіраўся зрабіць супервірус, за што яму хацелі даць у твар і навошта ён чытае часопіс Cool Girl.

– Ёсць думка, што вы спачатку выдумляеце персанажаў, а потым пішаце вершы, якія яны маглі б стварыць.

– І часам яна слушная. Самі па сабе мне псеўданімы не падабаюцца, але вось вобразы герояў... Была такая Эліза – надзьмуўная лялька з сэкс-шопу. Потым знакаміты Паша Пасюкевіч, які меў акаўнт «ВКонтакте» і сябраваў з рознымі сумніўнымі асобамі жаночага полу, пакуль не ажаніўся. Алесь Ярун з’явіўся, калі мы з сябрам аднойчы вырашылі зрабіць пародыю на сучасныя кнігі. На Зміцера Пляна, які тады быў яшчэ ў трэндзе, на Кацю Марголь, якая тады была юнай і вішнёвападоб-най (гэта значыць пісала прозу у стылі Вішнёва). Сябар Коля прыдумаў першы верш:

Вы глядзіце мне ў вочы,
але мае вочы на затылку,
і таму вы глядзелі мне ў зубы.


Потым мы прыдумалі ўвесь астатні зборнік. Там ёсць цудоўныя, дарэчы, радкі:

Я зразумеў, што я кахаю
Яе, яе, адну яе,
Але чамусьці я чакаю,
Не падыходжу да яе.


Амаль рэкордная рыфма. Мне ўвогуле з усіх маіх рыфмаў больш за ўсё падабаецца «ГАЗ-53 – ВАЗ-21063».

– З каго вы пішаце сваіх персанажаў?

– З нейкай часткі сябе альбо сваіх знаёмых. Некаторыя з іх пазнаюць сябе. Хадзілі чуткі, што адзін беларускі паэт хацеў мне пысу набіць. Ён быў першым прататыпам Пасюкевіча. Але гэта так і засталося плёткамі.

– А адкуль узяўся Рамонт Магнітафонаў?

– Нарадзіўся гэты паэт, калі я аднойчы ў гасцях у дзядзькі пабачыў на паліцы таўшчэзную кнігу «Рамонт магнітафонаў» і вырашыў, што гэта можа быць томікам паэта Рамонта Магнітафонава. Гады жыцця – 1959–1998. Застрэліўся, як Курт Кабэйн. Забальзамаваны на канапе. Я аднойчы ў 2009 годзе яго ажывіў, справіў яго 50-годдзе, напісаў некалькі яго новых вершаў, якія загінулі разам са старымі. Нават не ведаю, жывы ён цяпер ці не. Ён напісаў некалькі твораў па-руску. Я вырашыў, што пад сваім імем гэта друкаваць не варта, пад сваім я і па-беларуску напішу.

– Калі вы вырашылі пісаць па-беларуску?

– У 10-м класе на ўроку беларускай мовы мне было сорамна займацца сваімі справамі (пісаць «Паэму пра нінзя») па-руску. Я вырашыў, што беларускі пісьменнік не можа быць рускамоўным, гэта нелагічна. А ў 11-м я падсеў на Хлебнікава і захацеў стаць футурыстам.

– Чаму тады пасля школы пайшлі на мехмат?

яне былі два грандыёзныя планы – напісаць супергульню і напісаць супервірус. Дарэчы, у той час я быў бумбамлітаўцам пад імем «Матэматык Х». Калі я зразумеў, што камп’ю-тары – гэта зло, то вырашыў з імі змагацца. Вывучыць прынцыпы працы сусветнай сеткі і напісаць праграму, якая ад яе рожак і ножак не пакіне. Але на адным з першых этапаў маіх сіл не хапіла. На супергульню сіл было трохі больш, але я не знайшоў супермастака, які б намаля-ваў суперграфіку, і кампазітара, які б напісаў супермузыку. Гэта было страшэнна несур’ёзна.

– Над чым вы зараз сур’ёзна працуеце?

– Над раманам пра беларускага абывацеля, які трапляе з 2014 года ў 1998 год і вырашае стаць суперзоркай. За той час, што рыхтаваўся да напісання, я вывучыў шмат цікавага:

  • газету «Из рук в руки» за пачатак 98 года
  • часопісы Cool і Cool Girl
  • падручнікі па матэматыцы, беларускай літаратуры, рускай літаратуры і інфарматыцы за 9–10-ты класы таго перыяду
  • падшыўкі «Музыкальной газеты» за гэтыя гады
  • падшыўкі газеты «Культура»
  • часопісы «Першацвет» за 98 год
  • дзённік і штодзённік Віктара Жыбуля, які ў мяне выступае кансультантам
  • часопіс «Кэмпо» за 94 год
  • кніжкі пра прыгоды Барбі
  • энцыклапедыю для дзяўчынак, таму што акрамя героя, у мяне ёсць і гераіня
  • газету «Мир моторов»

Трэба было паглядзець, як выглядаюць, напрыклад, «Вакальныя паралелі» Джакома Лаўры-Вольпі, альбо клавіры опер, альбо асновы вакальнай методыкі.

– Што было найцікавейшым?

– Глядзець, што было ў тым жыцці. Я люблю глыбока вывучаць, але не займаюся «заклёпкамествам». Калі я, напрыклад, пішу пра 2003 год, я павінен ведаць, чым адроз-ніваецца Нокіа 3210 ад Нокіі 3310. Але мне ўжо абсалютна па барабане, колькі дакладна міліметраў тая Нокіа ў даўжыню. Не па барабане гэта ў адным выпадку, калі ў рамане ёсць нейкая шчыліна, у якую, скажам, 3210 пралазіць, а 3310 не пралазіць, і на гэтым завязаны сюжэт.

– Раман – гэта вялікі твор, але вы праславіліся жывымі выступлен-нямі з малымі формамі.

– З прозай на публіку выступаюць вычварэнцы. А паэзій буйных я не пішу. У мяне ёсць творы ў стылі «40 раз па разу». Я спрабаваў чытаць са сцэны, толькі калі ў невялікай зале выступаеш, ёсць небяспека заржаць разам з гледачамі. Я б хацеў на сцэне быць больш сабою, чым дзе яшчэ. Мне падабаецца адчуванне свята: «Усім прывет, вы такія класныя, я такі класны, давайце я вам зараз такую штуку раскажу, што вы ўсе ляжаце». Я думаю, калі я буду знакаміты, як Кіркораў, маю неблагія шансы паводзіць сябе як ён.

– Вы і так знакаміты, вас нават вывучаюць у БДУ.

– Вы пра «Слонікаў»? За «Слонікаў» мне не сорамна, добрае апавяданне. «Купала, Колас, Лупасін» – таксама добрая рэч, хаця яе мала хто разумее. Ведаеце, гэта лепей на паперы выглядае, чым чытаецца ўслых, таму што ўтрымлівае ў сабе ўсе інтанацыі. Вось, напрыклад, розную бальмонтаўшчыну вельмі добра правільна агучваць на публіку, што шырэй, то лепш. Каб слухалі, кайфавалі, пляскалі. А такі мінімалізм больш для чытання вачыма і для чалавека, які не тое што суперажывае, а разумее, што калі адпадаюць усе службовыя часціны мовы, то застаюцца тры словы – Купала, Колас, Лупасін. Замест слова «Лупасін» можна падставіць прозвішча любага сучаснага паэта.

Я пішу разнастайныя вершы, таму што магу і люблю па-рознаму. Праўда, часам здаецца, што для некаторых з іх аўдыторыя складаецца з аднаго мяне. Хаця ў Расіі гэта ўсё было яшчэ да мяне. Магу прыгадаць Усевалада Някрасава і Германа Лукомнікава. Я таксама адзін з нямногіх, хто піша чатырохрадковыя вершы-піражкі па-беларуску.

– У вас шмат твораў, але ў друк выйшла только адна кніжка – «Асарці». А дзе астатняе?

– Я нейкі час быў незадаволены беларускімі выдавецтвамі і падумаў, што на халеру такое шчасце, буду праз інтэрнэты. Пакуль яны нешта выдаюць, яно ўжо паспявае для мяне маральна састарэць. Таго ж «Кутузава» на момант выхаду кнігі я ўжо знасіў з цяжкасцю. Калі-небудзь я хачу выдаць кнігу, але пакуль мне тупа па колькасці не хапае вершаў. Мне не падабаецца цяперашняя мода пісаць назвы на карэньчыках зверху ўніз. Я лічу гэта буржуазным антынародным не ведаю чым. Таму мне трэба такая кніга, каб можна было назву пісаць упоперак. «Вялікая кніга паэзіі». Нармальна.

 

Алена ТАЛАЛАЕВА, фота Дзмiтрыя ЕЛIСЕЕВА, «ЗН»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter