Калі ў правінцыі можна быць паспяховай

Матчын наказ у дапамогу

У аграгарадку Парэчча, што ў 30 кіламетрах ад Гродна, імя Ганны Шандарук аднавяскоўцы прагаворваюць з вялікай павагай. Заваявала такую ўдзячнасць дырэктар прыватнага прадпрыемства дзякуючы не толькі сваім дзелавым якасцям, але і спагадлівасці. Добрай справай яна лічыць укласці частку прыбытку ў развіццё малой радзімы.

Фота аўтара
Дваццаць два гады таму Ганна Шандарук не пабаялася адкрыць бізнес у вёсцы і дагэтуль забяспечвае каля трох дзясяткаў аднавяскоўцаў працай. Усяго ж на прыватным унітарным гандлёвым прадпрыемстве “Шанц-Парэчча”, дырэктарам якога яна з’яўляецца, 75 працоўных месцаў. А з прыбыткам у бізнесе прадпрымальнік зрабіла так, як калісьці вучыла маці:

— Мама засталася адна ў 27 гадоў, таму жылі мы вельмі сціпла. Яна казала: “Раптам калісьці ў будучыні разбагацееш, Ганначка, падзяліся з іншымі, і табе сто разоў вернецца”. 

Я лічу сваім даччыным абавязкам выконваць матчын наказ.

Дзеці-сіроты, адзінокія старыя, інваліды, мясцовая царква, школа — многім яна за гэтыя гады працягнула руку дапамогі. А некаторыя нават і не здагадваюцца, ад каго прыйшла падтрымка.

Мы едзем у цэнтр аграгарадка, дзе размясцілася сетка аб’ектаў яе прыватнага прадпрыемства: тры магазіны, гандлёвы павільён, цырульня і рэстаран з гаворачай назвай “Правінцыя”, які не мае аналагаў на сяле.

Сёння ў Парэчча, дзе пражывае менш за тры тысячы чалавек, людзі едуць з усёй Беларусі і з-за мяжы па здароўе і адпачынак. 

У гэтым маляўнічым месцы размяшчаецца санаторый з аднайменнай назвай, які прыцягвае сваёй лячэбнай мінеральнай вадой. Многія адпачываючыя дзівяцца: у правінцыі ды такі сэрвіс! Але мала хто здагадваецца, што сама гаспадыня магазінаў, якія, дарэчы, асабліва славяцца сваёй выпечкай, не лічыла ганебным у свой час закасаць рукавы і даць майстар-клас маладзенькім кухарам.

Заходзім у адзін з магазінаў. Прыемна здзіўляюць не толькі асартымент, але і цэны:

— Яны ў нас ніжэй, чым у іншых. 

І гэта свядомы крок: мы не гонімся за вялікім прыбыткам, таму, нягледзячы на канкурэнцыю, наш пакупнік застаўся з намі.

Пакуль дырэктар прадпрыемства вырашае фінансавыя пытанні, гутару з адным з прадаўцоў.

— Мець стабільную працу ў вёсцы вельмі важна. Вядома, мы рады, што з лёгкай рукі Ганны Мікітаўны ў Парэччы адкрылася такая моцная гандлёвая сетка. І працаваць у калектыве, які яна стварыла, — поспех. Сама яна вельмі душэўны і справядлівы чалавек, гэта любы з аднавяскоўцаў пацвердзіць, — кажа Алена Свістун.

У працоўным кабінеце Шандарук некалькі дзясяткаў рознага роду дыпломаў, якімі яна ўзнагароджана, у тым ліку і “За адраджэнне гандлю ў сельскай мясцовасці”, “За мецэнацтва”. Па праву яна ўдастоена звання “Жанчына года”.

Ганна Мікітаўна ўспамінае, як пачынала сваю справу:

— Тады ў мяне было толькі тры тысячы долараў, яшчэ тры пазычыла ў сяброўкі. Льготнымі крэдытамі не карысталася, бо не была ўпэўненая ў поспеху і баялася аказацца ў даўжніках у дзяржавы. Сама была і бухгалтарам, і грузчыкам.

Калі Гродзенскі райвыканкам у 1998 годзе прапанаваў узяць у арэнду пустуючы будынак райбыткамбіната, яна не вагалася, паколькі ўжо дакладна ўяўляла, якую гандлёвую кропку адкрые тут. Прыватнае ўнітарнае гандлёвае прадпрыемства “Шанц-Парэчча” ўжо аб’ядноўвае 5 магазінаў, у тым ліку размешчаных у Азёрах і Гродна:

— Зараз дзяржава прадаставіла бізнесу ў вёсцы вялікія прэферэнцыі. Гэта дасць магчымасць падняць работнікам заробак, знізіць цэны ў магазінах для сельскага жыхара, укласці частку прыбытку ў развіццё вёскі.

Рэстаран “Правінцыя” Ганна Мікі-таўна паказвае з асаблівым гонарам:

— Я нарадзілася ў глыбінцы і мне заўсёды хацелася, каб у вяскоўцаў сэрвіс і вольны час былі не горшыя, чым у гараджан. Чула не раз у дзяцінстве, як вясковыя людзі са злосцю казалі, што па рэстаранах толькі гарадскія ходзяць. Таму, калі мой бізнес стаў прыносіць аддачу, я задумала пабудаваць першы ў акрузе сельскі рэстаран, загадзя ведаючы, што ён не прынясе прыбытку.

Адкрыццё “Правінцыі” стала падзеяй для жыхароў Парэчча. А першымі запрасіла сюды Ганна Мікітаўна ветэранаў і пенсіянераў, шчодра накрыўшы для іх стол у па-хатняму ўтульнай установе. З тых часоў па традыцыі ў Дзень пажылых людзей Шандарук збірае ў рэстаране аднавяскоўцаў.

На пытанне “Колькі ж грошай вы марнуеце на дабрачынныя патрэбы?” прадпрымальнік адказала шчыра: “Не ведаю. Хто звяртаецца, таму і дапамагаю”.

Старшыня Парэцкага сельвыканкама Мікалай Апон пацвярджае, што ўклад Ганны Мікітаўны ў развіццё вёскі вельмі вялікі:

— Яе справы сталі тым зярняткам, якое зараз прыносіць плён. Ганна Мікітаўна чалавек вельмі чулы, і дабрачыннасць — гэта натуральны стан яе душы. Невыпадкова людзі тройчы абіралі яе дэпутатам раённага Савета, чатыры разы дэлегавалі на Усебеларускі народны сход. Вялікім гонарам для аднавяскоўцаў стаў і той факт, што яна, адна з чатырох беларусак, пабывала ў Швейцарыі на Еўрапейскім форуме жанчын-прадпрымальнікаў.

— Я сялянка па натуры, таму ведаю патрэбы тых людзей, што мяне акружаюць, і разумею іх уклад. Дарэчы, да гэтага часу дапусціць не магу, каб хто-небудзь паказваў пальцам, што ў Шандарук агарод пустазеллем зарос. Таму, нягледзячы на справы бізнесу, пачынаючы з вясны і да восені, закасваю рукавы і бяруся за градкі. І дочкі мае такія ж.

Ганна Мікітаўна перакананая, што яе сям’я, надзейныя сябры і паважлівае стаўленне людзей — гэта самае каштоўнае, што яна набыла ў жыцці. Выгадавала дзвюх дачок, і іх сем’і таксама пусцілі карані ў Парэччы. Старэйшая Алена працуе лагапедам, малодшая Іна, унук Яўген і зяць Уладзімір — у сямейным бізнесе.

Гэтая дружная сям’я часта збіраецца разам ва ўтульным доме Ганны Мікітаўны.

Выдатная гаспадыня, яна прызнаецца, што ніколі не абедае ў сваім рэстаране — з душой гатуе дома для родных.

— Такога стрыжня, як у бабулі, ні ў каго з нас пакуль няма. Таму яе меркаванне важнае, яе слова — закон. Уся наша сям’я душой прывязаная да Парэчча. Працягваючы бізнес, які яна стварыла, хочацца ў яго нешта прыўнесці, — кажа ўнук Яўген.

Адданасць вёсцы Ганна Мікітаўна тлумачыць глыбокімі пачуццямі:

— У Парэччы пахавана мая мама, і гэтая зямля — частка мяне, таму я з велізарнай любоўю стаўлюся і да месца гэтага, і да аднавяскоўцаў. Радуюся, калі камусьці магу дапамагчы.

Ёй самой жыццё не раз падкідвала жорсткія выпрабаванні.

— Выстаяла, значыць, стала мацней, — кажа наконт гэтага Ганна Мікітаўна.

Яе часта пытаюць, як сельскай дзяўчыне са спецыяльнасцямі кухара і швачкі ўдалося дасягнуць такога поспеху ў бізнесе. Яна з усмешкай адказвае: “Удачлівая!”

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter