Пластилин, папье-маше, ткань: как в Театре кукол создают главных героев спектаклей для взрослых и детей

Мастацтва на пальцах

Калі традыцыйны тэатр пачынаецца з вешалкі, то лялечны — з умелых рук майстра, здольнага ўдыхнуць жыццё ў, здавалася б, бясформенныя кавалкі пластыліну, паралону і тканіны. Усе гэтыя расходныя матэрыялы літаральна на вачах ператвараюцца ў прадметы мастацтва дзякуючы карпатлівай працы мастакоў-скульптараў, бутафораў і мадэльераў.

У нашай краіне сем тэатраў лялек: у кожным, гавораць, працуюць невыпадковыя людзі — тыя, хто не жыве творчасцю, надоўга не затрымліваюцца ў гэтых магічных сценах. А ў апошнія пару тыдняў супрацоўнікі цэхаў Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек і зусім «начуюць» на працы, таму што ствараюць герояў эксклюзіўнага спектакля «Нікалаша» па матывах камедыі «Іваноў» Чэхава. Дарэчы, узроставае абмежаванне ў ім — 16+, і гэта яшчэ раз разбурае стэрэатыпнае меркаванне аб тым, што лялечны тэатр — выключна для дзяцей. Карэспандэнт «Р» пагля­дзела, як ствараюцца героі відовішчаў, і даведалася, якія пануюць традыцыі на падмостках.

Галовы лялек з пап’е-машэ.

Зляпіць героя

Экспанаты музея са спектакля «Майстар і Маргарыта», маскі з пастаноўкі «Пансіён «Belvedere» і велізарныя лебедзі ў чалавечы рост — для «Нікалашы»: па рэквізіце, што знаходзіцца ў вытворчых цэхах тэатра лялек, можна зразумець, якія спектаклі ігралі ці яшчэ толькі збіраюцца паставіць на сцэне тэатра.

Гатовыя лялькі праходзяць доўгі шлях, перш чым «выйсці» на сцэну. 

— Перад тым як мы пачынаем працаваць над вобразамі, рэжысёр і мастак-пастаноўшчык прадумваюць будучае аблічча новай пастаноўкі: вымалёўваюць кожнага персанажа, распрацоўваюць для нас эскізы і размяркоўваюць ролі, — распавядае Вольга Дваравая, мастак-скульптар. — Напрыклад, я працую з пластылінам, мая задача — зляпіць героя спектакля.


На стале ў дзяўчыны — дзве пластылінавыя галавы: ужо можна разгледзець іх асобы. Здзіўляюся, наколькі яны падобныя на рэальных людзей і, сама таго не чакаючы, адгадваю — злепкі зробленыя з акцёраў, якія будуць іграць у новым спектаклі. Вольга паказвае на камп’ютары фота артысткі і прапануе параўнаць — рысы адразу набываюць сэнс.

— Пасля таго, як галава лялькі будзе гатовая, яе зальюць гіпсам, — працягвае пакрокава апісваць працэс мастак. — Праз некалькі гадзін пластылін выцягнуць, а адлітыя формы бутафор аблепіць паперай — так атрымаецца пап’е-машэ. Апошні этап — роспіс фарбамі, гэтым займаецца мастак-пастаноўшчык спектакля.


— А вам не шкада, што ў пластылінавых лялек такі нядоўгі «век»? — з заміраннем сэрца ўяўляю, як праз пару дзён гэтыя вывастраныя фігуркі на стале Вольгі страцяць сваю форму.

— Я нават пра гэта не думала, — шчыра здзіўляецца майму пытанню мастак. — Галоўнае, каб злепак атрымаўся добры. Бывае, нейкага персанажа раблю за пару гадзін, а бывае і наадварот — мучаюся некалькі дзён. Але нават калі нешта не атрымліваецца, супакойваюся, даю сабе час перадыхнуць — потым рукі самі мяне вядуць.

Артыст тэатра Аляксей Сянчыла рэпеціруе ролю .

Прыгожая праца

Распытваю Вольгу пра самы працаёмкі спектакль — мастак адразу ўспамінае «Пансіён «Belvedere»:

— Да нас прыяз­джаў ціка­вы італь­янскі рэжысёр Матэа Сп’яцы. Акцёры ў гэтым спектаклі ігралі ў масках, а яны на 80 адсоткаў адлюс­троўваюць ха­рак­тар персанажа, таму трэба было зрабіць максімальна праў­да­падобна. Рэжысёр паставіў задачу зляпіць старых: я перакапала ўвесь інтэрнэт, вывучыла фота, хацелася зрабіць усё ідэальна, да драбнюткіх скла­да­чак, каб чыталася харызма. Аднойчы Матэа прыйшоў пагля­дзець, што атрымліваецца, наткнуўся поглядам на адну маску і сказаў: «быццам бы ўсё добра, але нешта мяне бянтэжыць». Праз секунду ўзяў маску і проста ўціснуў ёй нос — адразу ж з’явіўся характар, атрымалася не проста добра, а ідэальна. Мы былі ў захапленні!

У суседнім швейным цэху праца кіпіць нават у абедзенны час. Мадэльер Ларыса Лап­ко збянтэжана хавае рукі ад камеры фатографа, але мне па сакрэце прызнаецца: саромеецца мазалёў ад нажніц.

Ларыса Лапко працуе ў швейным цэху і зараз шые крылы для лебедзяў да спектакля «Нікалаша».

— Парэзалі б 60 тканін на дробныя пра­ма­вуголь­нікі, не такое б убачылі, — жартуе жанчына і параўноўвае сваю працу са зборкай аўтамабіля. — Цяпер я шыю пер’е для крылаў лебедзяў да «Нікалашы» — усяго птушак будзе шэсць. Каб атрымалася праўдападобна, састрочваю два кавалкі тканіны, устаўляю паміж імі леску, каб трымала форму, і выцягваю тасьму. Гэта манатонная і вельмі цяжкая праца, але прыгажосць атрымліваецца неапісальная. Пёраў мільён!

А ў гэты час на сцэне тэатра адбываецца чараўніцтва — акцёры ўпершыню знаёмяцца са сваімі персанажамі і рэпеціруюць ролі. У аднаго з іх ліст са словамі падае на падлогу, пануе мёртвая цішыня, усе заміраюць — дрэнная прыкмета. Але артыст не тушуецца: садзіцца на ліст і толькі потым падымае — рызыка праваліць ролю абмінула. А гэта значыць, што ўжо 24 красавіка мы з вамі ўбачым прэм’еру спектакля і абавязкова налічым у беласнежных лебедзяў на сцэне мільён пёраў.















glushko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter