Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Украінскі мастак Фёдар Свісцільнік і беларус Аляксандр Акуцыёнак прадставілі на выставе ў Мінску, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, свае жывапісныя творы

Мастацтва на дваіх

Пабывала на вернісажы двух мастакоў. Выстава іх стала не проста шараговай з’явай, а сапраўднай культурнай падзеяй. Бо выставілі творы чалавек сталы і малады, настаўнік і вучань, да таго ж старэйшы — украінец, а малодшы — беларус. Такі праект сам па сабе цікавы. Але ж і прысвячаецца ён дзвюм важным датам:  адзначался 25-годдзе Таварыства дружбы “Беларусь—Украіна” і Шаўчэнкаўскі дзень — Кабзар нарадзіўся 9 сакавіка 1814 года.

Выстава мастакоў у Нацыянальнай бібліятэцы — прыгожы дыялог дзвюх культур

Сама выстава, яе культурна-эстэтычная аўра выклікалі шмат пачуццяў. Светлых, прыгожых. У тым, што сапраўднае мастацтва — гэта вялікая сіла, мяркую, многія мелі магчымасць упэўніцца. Мы ж часам нават плачам, калі ўзрушае душу песня, музыка, фільм, апавяданне. Дадам: мастацтва здольнае тварыць цуды! Яно можа рушыць непатрэбныя бар’еры паміж людзьмі — напрыклад, нацыянальныя ці рэлігійныя. Мастацтва здольнае нават зблізіць сэрцы людзей розных палітычных перакананняў “да адлегласці дыялога й паразумення”. Я ўжо не кажу пра тое, што дзякуючы мовам мастацтваў, часта зразумелым і без перакладу, людзі розных народаў лепш чуюць, разумеюць адзін аднаго.


І расказваць гісторыі Фёдар Свісцільнік — таксама мастак
Старэйшы з мастакоў, Фёдар Свісцільнік, нарадзіўся на зямлі Кабзара. І ўжо чвэрць стагоддзя жыве і працуе на зямлі Песняра — Янкі Купалы, таксама непаўторнай па сваёй прыгажосці. Пераехаўшы з Адэсы ў Беларусь на сталае жыццё, украінскі мастак 25 гадоў выкладае малюнак і жывапіс у Радашкавіцкай школе мастацтваў. (Менавіта Радашкавічы, з націскам на першым складзе — спрадвечная назва паселішча пад Мінскам, якое цяпер называюць: Радашковічы. — Рэд.) Зямля наша багатая на таленты — у тым украінец і сам пераканаўся. Бо напрацаваў тут не толькі свае карціны. Ёсць у яго й таленавітыя вучні: жывапісцы, дызайнеры, скульптары, архітэктары. Адзін з іх — мастак Аляксандр Акуцыёнак.

“Захаваныя імгненні” — так называецца выстава. У кожнага ж тыя імгненні свае. Фёдар Свісцільнік захаваў на карцінах тыя, што падгледзеў у прыроды: некранутая снежная цаліна, вузкая сцяжынка, замеценая снегам, бязлюдная вясковая вуліца, хвалі на ніве, што выспельвае збажыну. І — букеты кветак, якіх на карцінах шмат і розных: вялікія і маленькія, яркія і вельмі пяшчотныя. Прычым усе праменяць нейкім незвычайным святлом. І радасцю. На іх хочацца бясконца глядзець. Проста любавацца, не шукаючы слоў, каб перадаць пачуцці, не паглыбляючыся ў сэнсы, не звяртаючы ўвагі на тэхніку, кампазіцыю... Пашкадавала хіба, што палотны тыя не перадаюць пахі. Хоць, дарэчы, у Мінску былі сумесныя праекты мастакоў з парфумерамі. То можа й тут можна было б паспрабаваць?

Творы Аляксандра Акуцыёнка — зусім іншыя па стылістыцы. Яго й не назавеш “прадаўжальнікам традыцыі” настаўніка. Бо працуе Аляксандр у іншым кірунку мастацтва. На вернісажы гучала такое вызначэнне: фігуратыўны жывапіс. Малады мастак паказвае характары людзей, іх перажыванні, эмоцыі.   

Што, аднак, паяднала мастакоў, якія нарадзіліся ў розных краінах, у розны час, і родныя мовы ў якіх розныя? Яны маюць справу з аднолькавымі прадметамі: палатно, акрыл, алей… Выяўляюць уражанні, думкі, пачуцці на палатне. Абодва спрабуюць гаварыць пра рэчы, цікавыя для ўсіх: каханне, прыгажосць, гармонія, шчасце, гора... І хоць мовы беларуская і ўкраінская розныя, аднак жа — блізкія. І нягледзячы на тое, што паміж Украінай і Беларуссю ёсць цяпер дзяржаўная мяжа, мытня ды іншыя бар’еры, аднак народы нашыя застаюцца па-ранейшаму не проста добрымі суседзямі. Мы з украінцамі — духоўна вельмі блізкія людзі. Прычым сувязь тая значна больш моцная, і складаная адначасова, чым тое можа здавацца на першы погляд. Наша братэрства мацавалася, у тым ліку і крывёю, праз мноства пакаленняў.

У Фёдара Свісцільніка радзіма — Украіна. І хоць ён доўгія гады жыве ў Беларусі, але ж любіць Украіну: як рідну мати. Да Беларусі прыкіпеў душой — тое бачна й па карцінах. У Радашкавічах ён упадабаў месца, што нагадвае яму пра зямлю, дзе нарадзіўся. І ён навучыўся ў творчасці злучаць у цэльныя кампазіцыі далёкае і блізкае, ён умее зберагаць — і ажыўляць тыя захаваныя імгненні памяці на сваіх палотнах.


У мітусні паўсядзённых спраў мы не заўсёды заўважаем вось гэту навакольную прыгажосць. А на выставе, дзякуючы майстэрству мастакоў, захапляемся ёй, падоўгу стаім перад кожнай карцінай. Што хочам зразумець, разгледзець? Можа, шукаем у мазках, рысках, колерах ды іх спалучэннях тое, што нагадае нам пра нешта роднае? Стаім вось у Нацыянальнай бібліятэцы — а чуем, пэўна, кожны сваё... Хто парыпванне марознага снегу (як у далёкай Інце, горадзе майго дзяцінства...), хто — шолахі травы пад лёгкім подыхам ветрыку, а хто й брэх сабакі ў вечаровай вёсцы. Ад такіх згадак сэрца пачынае біцца часцей, і ў галаве — быццам свежасць лясных фіялак... Пэўна, гэта і ёсць пачуццё Радзімы.

На вернісажы было, скажам так, вельмі спрыяльнае гукава-візуальнае атачэнне, каб у думках перанесціся ў далёкае мінулае. На пачатку мінулага стагоддзя, сцвярджаюць даследчыкі літаратуры, Тарас Шаўчэнка істотна паўплыў на развіццё беларускай літаратуры. Для яго наша зямля не была чужой ды незнаёмай: праз Беларусь ён некалькі разоў праязджаў. Свае дарожныя назіранні выкарыстаў у аповесці “Мужыкі”. А Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч лічылі Кабзара сваім духоўным бацькам. Пэўна, і вучні Фёдара Свісцільніка, у тым ліку і Аляксандр Акуцыёнак, з вялікай павагай ставяцца да настаўніка. Сімвалічна, што вось такая выстава прымеркавана да дня нараджэння Кабзара. Для тых, хто прыйшоў на вернісаж, яна стала сімвалам сяброўства двух народаў.

На вернісажы нас чакала яшчэ адно адкрыццё. Прэзентацыя выставы суправаджалася выступленнем зборнага хору “Натхненне” Беларускага дзяржаўнага педуніверсітэта імя Максіма Танка пад кіраўніцтвам Ларысы Ядлоўскі. Цёпла і шчыра гучалі беларускія і ўкраінскія песні. Дарэчы, у хоры спяваюць украінскія, рускія, беларускія і нават кітайскія студэнты. А калі загучала ўкраінская народная песня “Реве та стогне Дніпр широкий” на вершы Тараса Шаўчэнкі, то ўся зала ўстала. І нібыта магутны вецер з Дняпра ўварваўся ў залу, і паветра калыхалася, і велічны спеў гучаў — як гімн Украіне. Спявалі ўсе. І як спявалі!!! Проста дрыжыкі па скуры... І слёзы на вачах...

Што ні кажыце, а мастацтва — і выяўленчае, і песеннае... — гэта вялікая сіла. Нібы глыток свежага паветра пасярод гарадскога шуму і мітусні. Творы сапраўднага мастацтва могуць не толькі ўпрыгожыць наша паўсядзённае жыццё, напоўніць сэрцы плынню эмоцый і думак. Яны могуць і аб’ядноўваць пачуцці, думкі, волю цэлых народаў. Так што цяпер сябрам і знаёмым я раю наведаць выставу “Захаваныя імгненні”: каб прайсці сеанс тэрапіі ад чэрствасці, абыякавасці ды “замыленасці” позірку на цуд пад назваю Жыццё.

Голас Радзімы № 11 (3515), чацвер, 16 сакавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter