На мінулым тыдні ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі з’явіліся аўдыягіды для інвалідаў па зроку

Мастацтва без меж

На мінулым тыдні ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі з’явіліся аўдыягіды для інвалідаў па зроку. Дваццаць пяць твораў беларускага мастацтва сталі “бачнымі” для тых, хто з цяжкасцю можа вырашаць побытавыя задачы.



Такім чынам, галоўны музей краіны ўслед за шматлікімі перадавымі еўрапейскімі музеямі стаў на яшчэ адну прыступку больш даступным для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Праект ажыццявіўся ў многім дзякуючы варшаўскаму фонду Нuman Doc і Міністэрству замежных спраў Польшчы. Але варта аддаць належнае і кіраўніцтву музея — без яго ініцыятывы і жадання пазнаёміць з багаццем сваёй калекцыі як мага больш катэгорый людзей гэта было б немагчыма.

Аўдыягіды — не першы крок музея ў вобласці інклюзіі. Яшчэ два гады таму ў экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі з’явіліся тактыльныя скульптуры і карціны, створаныя навукова-творчай групай “Мівія”, для сляпых і людзей са слабым зрокам. Сёлета ў яго сценах прайшлі інклюзіўны фестываль творчых магчымасцей “АДНОлькаВЫ_Я” і семінар “Музей для ўсіх. Інклюзіўныя культурныя праекты: шведскі вопыт”. У планах — стварэнне аўдыягідаў для дзяцей са слабым зрокам і планшэтнага аўдыягіда з сурдаперакладам для глухіх наведвальнікаў музея.

Цікавы інклюзіўны праект рэалізуецца цяпер і ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. Тут ужо некалькі тыдняў экспануюцца карціны са шкла “Каханне — гэта палёт” студыі “Аліса ў Залюстаркоўі”. Створаныя ў тэхніцы ф’юзінг, гэтыя карціны даюць магчымасць дзецям з парушэннем зроку пазнаёміцца з творчасцю нашага знакамітага земляка Марка Шагала пры дапамозе тактыльных адчуванняў. Выстава будзе працаваць да 20 снежня, аднак у музеі спадзяюцца, што праект стане доўгатэрміновым і наведвальнікаў будуць працягваць знаёміць з пераасэнсаванай у шкле класікай.

На жаль, не многія беларускія музеі могуць пахваліцца падобнымі ініцыятывамі і ўмовамі для наведвання людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. У многіх банальна адсутнічаюць пандусы і пад’ёмнікі, не кажучы ўжо пра спецыяльныя аўдыягіды і іншыя прыстасаванні. Вядома, усё гэта патрабуе значных капіталаўкладанняў. Аднак у нас пакуль застаюцца па-за зонай доступу для інвалідаў многія паліклінікі, крамы, паштовыя аддзяленні, школы. І зразумела, што гэтыя аб’екты патрабуюць першараднай увагі. Але ж некаторыя інклюзіўныя праекты музейныя супрацоўнікі могуць ажыццявіць і самастойна з мінімальнымі выдаткамі або звярнуўшыся па дапамогу да валанцёраў. Пра гэта якраз гаварылася на нядаўнім семінары “Музей для ўсіх”.

У замежных музеях у адрозненне ад нашых інклюзіўныя праекты рэалізуюцца даўно. І беларускім музейшчыкам варта проста праявіць цікавасць, каб перахапіць якую-небудзь танную ідэю. Да прыкладу, у некаторых музеях практыкуюць размяшчэнне відэаэкранаў і экспанатаў на такой вышыні, каб іх маглі бачыць інваліды-калясачнікі. Шэраг устаноў праводзіць экскурсійныя туры на мове жэстаў і ладзіць мультсэнсарныя станцыі, дзе экспанаты даследуюцца праз пах, музыку, дотык, вербальныя апісанні. Яшчэ частка музеяў адчыняе свае дзверы для дзяцей з кагнітыўнымі расстройствамі і схільнасцю да аўтызму да афіцыйнага адкрыцця, каб яны маглі пачаць знаёмства з экспазіцыяй у адсутнасці іншых наведвальнікаў. Варта проста зразумець, дзеля каго ўсё гэта патрэбна, і захацець зрабіць іх жыццё больш яскравым.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter