Мастакі:сумы, выстаўленыя ім да аплаты за творчыя майстэрні, непад’ёмныя

Мастацтва і арыфметыка

Мастакі ў які ўжо раз спрабуюць звярнуць на сябе ўвагу. Зноў сцвярджаюць: сумы, выстаўленыя ім да аплаты за творчыя майстэрні, непад’ёмныя, асабліва ў апошнія гады. Сёлета нават з адкрытым лістом звярнуліся. Пад ім — 12 подпісаў. Пішуць пра амаль катастрафічны стан, просяць падтрымкі. У чым жа праблема? Пра якія сумы гаворка i чаму яны такія?

У летнія месяцы сумы ў аплатных квітках за майстэрні больш-менш цярпімыя,
 але з надыходам ацяпляльнага сезона яны значна «цяжэюць».
 У скульптара Аляксандра БАТВІНЁНКА за кожны зімовы месяц выходзіць
каля 6 мільёнаў недэнамінаваных рублёў

Справа ў тым, што ацяпленне ў майстэрнях у 10 разоў даражэйшае, чым у звычайных кватэрах, а памяшканні ёсць з немалой плошчай, вось і набягае, асабліва зімой. 

Напрыклад, Леаніду Шчамялёву ў студзені трэба было плаціць у недэнамінаваных рублях каля 9 мільёнаў. Маю Данцыгу – амаль столькі ж. У Георгія Паплаўскага і Анатоля Бараноўскага ў квітках сумы былі пад 6 мільёнаў рублёў. І гэта не адзіныя прыклады ў адкрытым лісце. 

— Народныя мастакі, сталага ўзросту людзі, жывыя класікі, не апошнія ў краіне творцы, якія шмат зрабілі для развіцця нацыянальнага мастацтва. Дзе ім браць такія грошы? – узрушана гаворыць кіраўнік Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца.

Цікаўлюся: выходзіць, існуе значная запазычанасць мастакоў дзяржаве, калі не плацяць? Аказваецца, не. За камуналку па майстэрнях разлічваецца саюз і робіць гэта своечасова. Пытанні пачынаюцца, калі ў творцаў няма сродкаў, каб свой доўг вярнуць яму. Адсюль у «кішэні» саюза недабор грошай. 

Спрабую высветліць сітуацыю ў Міністэрстве культуры. Там яна абмяркоўвалася не аднойчы. А нічога не зменіш: адпаведна з дзеючым артыкулам 14 Закона «Аб творчых саюзах і творчых работніках» саюзы, іх арганізацыі і прадпрыемствы аплачваюць камунальныя паслугі, электраэнергію і арэнду па тарыфах і расцэнках, устаноўленых для памяшканняў, якія займаюць бюджэтныя арганізацыі.

Спрабую падступіцца з другога боку: пішуць жа мастакі карціны на продаж. У салонах некаторыя па некалькі дзясяткаў мiльёнаў недэнамінаваных рублёў каштуюць. Няўжо не хапае, каб заплаціць за майстэрню?


Тлумачаць: з тых грошай, калі карціна прадаецца, аўтару застаецца менш за палову ад пазначанай сумы. Мастакі падлічваюць: мінус 30—40% гандлёвай надбаўкі, падаходны падатак, выдаткі на расходныя матэрыялы, якія сёння вельмі дарагія, а яшчэ і кошт майстэрні. Плаціць за яе даводзіцца штомесяц, а твор на продажы можа вісець і некалькі гадоў, а то і зусім не прадасца.

Што тут скажаш: ёсць, відаць, свая мастацкая рацыя. 

Тым часам Мінкультуры, каб падтрымаць асобных членаў саюза, у тым ліку ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, маладых аўтараў і тых, каму неабходна першачарговая дапамога ў аплаце майстэрань, разам з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам за кошт бюджэтных сродкаў сістэматычна набываюць творы выяўленчага і манументальнага мастацтва для папаўнення музейных фондаў краіны. Але гэта, здаецца, не выратоўвае, калі творцам грошай нестае. Можа, варта пашырыць колькасць устаноў, куды закупляліся б мастацкія творы, набываць іх больш?

Ці вось пытанне: хіба не можа дапамагчы з аплатай камуналкі сваім старэйшым калегам і сам саюз мастакоў? Вядома ж, што ў яго ўласнасці даволі багата маёмасці: з дзясятак унітарных прадпрыемстваў, у ліку якіх – мастацкія і скульптурны камбінаты, галерэі, Палац мастацтваў на вуліцы Казлова, 3, дзе, у прыватнасці, адбываюцца не толькі вернісажы, але і бойкі гандаль – модныя кірмашы ды распродажы. Прадпрыемствы працуюць і, відавочна, маюць нейкі прыбытак. Можа, не заўсёды рацыянальна і граматна выкарыстоўваюцца гэтыя сродкі? 

Не жабракі, згаджаецца Рыгор Сітніца, ёсць у саюза ўласнасць, якая здаецца ў арэнду, з таго ён і выжывае. Але, заўважае, на мастацкім камбінаце заказаў зараз мала. Узімку яму самому грошы накіроўвалі, каб не папалі «ў мінус», заплацілі за камуналку. Шмат сродкаў патрабуюць рамонты. У майстэрнях на Сурганава, 44 даўно трэба мяняць вокны, знасіліся страшэнна з 1975 года. Значыць, зноў трэба плаціць, толькі чым, калі даўгі вісяць, разводзіць рукамі спадар Сітніца.

У майстэрні народнага мастака Георгія Паплаўскага адчуваеш сябе бы ў музеі —
акрамя карцін i неабходных прылад тут знаходзiцца мноства цікавых прадметаў,
прывезеных з падарожжаў па ўсiм свеце.

Так ці не так – паспрабуй разбярыся, дзе, на чыім баку праўда ў гэтай творча-вытворчай справе, ці не згушчаюць фарбы мастакі, скардзячыся раз за разам у дзяржінстанцыі? Пытанні без адказу.

Самі творцы вельмі спадзяюцца, што адчуць пэўную фінансавую палёгку змогуць пасля прыняцця Кодэкса аб культуры, у якім існуючая зараз норма артыкула 14 вышэйзгаданага закона не прадугледжана. 

Пакуль жа, відаць, няблага было б дасканала вывучыць сітуацыю і ў ёй разабрацца. Зразумела, што самім мастакам з гэтым справіцца цяжкавата: яны – людзі творчыя, іх справа натхнёна Муз чакаць ды розныя вобразы ўвасабляць, а не ўнікаць у тонкасці тарыфаў. Таму дапамагчы ў гэтым кіраўніцтву саюза, напэўна, маглi б Мiнкультуры і Мінгарвыканкам, а калі спатрэбіцца, то і Камітэт дзяржкантролю. Магчыма, пасля такога ўсебаковага разгляду праблемы адкрыецца зусім іншая фінансава-гаспадарчая карціна. Можа, і неабходныя грошы тады знойдуцца.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter