Юбілею Перамогі прысвячаюцца кнігі, што пабачылі свет апошнім часам

Мастацкае слова, гістарычнае фота

Летась увосень на Кансульта­тыўным савеце па справах беларусаў замежжа Ганаровы консул Беларусі ў Цюмені Уладзімір Шугля згадаў пра сумесны беларуска-расійскі творчы праект: кнігу “Пераможцы”. Спачатку яна выйшла ў Цюмені, а сёлета — і ў беларускім выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Больш чым 300 старонак, прадстаўлена проза, паэзія, публіцыстыка, прысвечаная Перамозе і пераможцам. Укладальнікі выдання — пісьменнікі Міхась Пазнякоў і Мікалай Дзянісаў. “Гэты калектыўны зборнік — сумесны праект Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і Цюменьскага рэгіянальнага аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі, — чытаем у анатацыі на сайце выдавецтва. — Аўтары апавядаюць пра мужнасць і гераізм савецкага народа, пра бессмяротныя подзвігі салдат і афіцэраў, партызан і падпольшчыкаў у барацьбе супраць фашызму”. Спадзяемся, калі ў рэдакцыю трапіць гэтая кніга, мы раскажам пра яе больш падрабязна.

А вось кнігу-фотаальбом  “Мая вайна. Вялікая Айчынная вайна ў фатаграфіях В. І. Аркашава”, якая выйшла ў Выдавецкім доме “Звязда”, многія змаглі пагартаць і на выставе “СМІ ў Беларусі”, і на прэзентацыі ў Нацыянальнай бібліятэцы. У выданні больш за 200 фотаздымкаў ваеннага карэспандэнта. Унікальныя, бясцэнныя сведчанні пра ваенную пару. На здымках бачым баявыя эпізоды, можна разглядваць армейскі побыт, і нават атакі, пераправы, работу медсанбатаў, допыты палонных ворагаў. Кадры зроблены на Смаленшчыне, у гарадах і вёсках Беларусі, Літвы, Усходняй Прусіі. На прэзентацыі выдання адна з яго складальніц , загадчыца аддзела выкарыстання Беларускага дзяржархіву кінафотадакументаў Таццяна Рахманько, казала: Васіль Аркашаў памёр у 1996-м. Ягоная дачка Наталля Каравай нядаўна перадала ў архіў на захаванне яшчэ 250 каштоўных негатываў, зробленых бацькам.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter