У Рэспубліканскай мастацкай галерэі адкрываецца выстава «Паланэз»

Мастацкае гучанне паланэза

У Рэспубліканскай мастацкай галерэі заўтра адкрываецца выстава «Паланэз», прысвечаная 250-годдзю Міхала Клеафаса Агінскага. Яе лейтматывам стаў пранікнёны, напоўнены любоўю да Бацькаўшчыны сусветна вядомы музычны твор «Развітанне з Радзімай», які здаўна атрымаў у народзе назву «Паланэз Агінскага». У пачатку XIX стагоддзя ён гучаў на многіх прыдворных балях і на сямейных музычных імпрэзах у шляхецкіх сядзібах. Любімым многімі ён застаецца і сёння.

Але паланэз — гэта адно, звяртае ўвагу намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Леанід Хобатаў. Надзвычай прыцягальная для творчага асэнсавання і постаць яго аўтара — кампазітара, музыканта, выдатнага дзяржаўнага дзеяча, дыпламата, значнасць якога ў сусветнай мастацкай культуры бясспрэчная: бягучы год у яго гонар аб’яўлены UNESCO годам Агінскага.

— Грэх было б не адзначыць такі слынны юбілей. Унікальная, шматгранная, складаная гістарычная асоба. Да таго ж карані і жыццё 

Агінскага звязаны з нашай краінай, — гаворыць мастак. — Гэтая постаць вартая таго, каб ствараць вакол яе маштаб, таму і выстава падрыхтавана сур’ёзная, манументальная, якая, спадзяюся, стане яркім, выразным адказам на сусветную падзею, з прэтэнзіяй на тое, што выяўленчае мастацтва можа гаварыць мовай музыкі або спалучацца з ёю, адгукацца на яе сваімі сучаснымі актуальнымі формамі. 

Наогул музыка і выяўленчае мастацтва маюць шмат роднаснага. У іх ёсць і дамінанта, і мелодыя, і колер… Музыка можа выклікаць ва ўяўленні слухача пэўныя вобразы і нават цэлыя карціны. І, углядаючыся ў работы мастака, можна пачуць унутраным слыхам тую ці іншую музыку. Праўда, такія творы — з’ява рэдкая. Вельмі складаная задача стаіць перад аўтарам — прымусіць музыку гучаць. Леанід Хобатаў гаворыць, што за сваё жыццё бачыў мноства розных карцін, але толькі аднойчы яму давялося пачуць — на палатне быццам гудзелі правады. Не выключана, што нешта падобнае можна будзе ўбачыць і пачуць на маючай адбыцца выставе, інтрыгуе мой суразмоўца, і раіць звярнуць увагу на трыпціх Анатоля Кузняцова. Зрэшты, гэты твор цяжка будзе абмінуць: даўжыня трох работ паўз сцяну — 12 метраў.

Цікавых поглядаў і рашэнняў тэмы абяцаюць многа. Экспазіцыя ўключае жывапіс, графіку, скульптуру, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, а таксама дызайн. На плошчы ў 1200 квадратных метраў прадставяць каля 200 работ. Сярод аўтараў прызнаныя мэтры і студэнты, члены творчага саюза і вольныя мастакі, прафесіяналы і аматары. Для ўдзелу ў выставе запрашалі ўсіх. Як гаворыць Леанід Хобатаў, адкрылі шлюзы цалкам: калі ласка, стварайце, заяўляйце гучна пра свой талент. І жадаючых выставіцца аказалася вельмі многа. Не абышлося без адборачнай камісіі прафесіяналаў. Што шукалі ў першую чаргу? Новыя пластычныя ідэі — тое, што ўзбагачае самога творцу і спрыяе сучаснаму мастацтву ўзняцца на новую прыступку.

Сяргей АГАНАЎ. «Барбара Радзівіл».

Цікаўлюся: атрымліваецца, звычайны партрэт Міхала Клеафаса Агінскага на выставе не знойдзеш? Напэўна, толькі на афішы, усміхаецца Леанід Хобатаў. Сёння за гістарычны партрэт мастакі бяруцца хіба ў выпадку заказу. Сучасны партрэт — гэта абавязкова нешта канцэптуальнае, з адмысловай ідэяй, іншы раз і з правакацыяй. ХХІ стагоддзе патрабуе новых форм і поглядаў. 

Словам, схадзіць варта. І, магчыма, пачуць паланэз у фарбах сучаснага мастацтва. Выстава будзе працаваць па 4 кастрычніка.

Лічба

Каля 40 фартэпіянных п’ес, у тым ліку 25 паланэзаў, амаль два дзясяткі рамансаў і песень, а таксама аднаактная опера належаць аўтарству Агінскага.

Дарэчы

Міхал Клеафас Агінскі, яго жыццё, авеянае рамантычным духам, спалучанае з героікай змагання, і раней прыцягвала ўвагу нашых творцаў. Яму прысвечаны эсэ Уладзіміра Караткевіча «Песня Паўночных Афін», опера Алега Залётнева, дакументальны фільм «Паланэз ля-мінор» рэжысёра Віктара Дашука, знакаміты твор паслужыў эмацыянальнай дамінантай у мастацкім фільме для дзяцей «Паланэз Агінскага» рэжысёра Льва Голуба.

Васіль КАСЦЮЧЭНКА. «Мелодыя».

Гэта факт

Міхал Клеафас Агінскі нарадзіўся 25 верасня 1765 года ў маёнтку Гузава пад Варшавай. У сваіх мемуарах ён сцвярджае, што належыць да «ліцвінскага роду». Яго продкі жылі каля ўсходніх меж Магілёўшчыны, былі праваслаўнага веравызнання і мелі тыпова беларускае прозвішча Глушонкі. Агінскімі яны сталі пасля таго, як кароль Рэчы Паспалітай падарыў ім маёнтак Агінты. Княжацкі род Агінскіх вядзе паходжанне ад саміх Рурыкавічаў, у XVI—XVIII стагоддзях ён лічыўся адным з самых багатых і ўплывовых у Вялікім Княстве Літоўскім.

У тэму 

Пасля паражэння паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі яго актыўны ўдзельнік Міхал Клеафас Агінскі правёў у эміграцыі восем гадоў. У 1802-м ён вярнуўся ў Санкт-Пецярбург, а адтуль у маёнтак Залессе (цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці), падораны яму дзядзькам-графам. На цэлых 20 гадоў Агінскі звязаў сваё жыццё з Залессем і ператварыў яго ў прызнаны культурны цэнтр велікасвецкай шляхты, які атрымаў назву «Паўночныя Афіны». У 1822-м Агінскі пакінуў Залессе і выехаў у Італію, дзе памёр у Фларэнцыі ў 1833 годзе.

Iрына СВIРКО

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter