Мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Валерый АнІсенка: “Вяртаемся да псіхалагічнага тэатра”

Калi раней заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусi Валерыя Анiсенку называлi “будаўнiком тэатра”, маючы на ўвазе яго працу мастацкім кiраўнiком Рэспублiканскага тэатра беларускай драматургii, то сёння двукоссе ў гэтым словазлучэннi можна не ставiць. Таму што гэта характарыстыка Валерыя Данiлавiча, асаблiва за час рамонту ў тэатры, стала не толькi метафарычнай. Разам з тым ён працягвае сваю мiсiю — развiвае гуманiстычныя асновы беларускага тэатра, надае яму непаўторны нацыянальны каларыт i мастацкую дасканаласць. Кожны дзень будуе, аднаўляе, удасканальвае свой унiкальны тэатр. Як гэта адбываецца? Паслухайце самога Анiсенку.
Наша дасье

Атрымаўшы акцёрскую адукацыю ў Мiнску (майстэрня народнага артыста БССР, прафесара Дз.Арлова) i рэжысёрскую ў Маскве (майстэрня народнага артыста СССР, прафесара А.Ганчарова), Валерый Анiсенка за чатыры дзесяцiгоддзi прайшоў вялiкi, яскравы i вельмi плённы шлях у тэатры, кiно, на тэлебачаннi i радыё ў якасцi акцёра, рэжысёра, арганiзатара i кiраўнiка розных прафесiйных калектываў. Пацвярджэнне таму — Дзяржпрэмiя БССР, прэмiя Прэзiдэнта Беларусi “За духоўнае адраджэнне”, званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусi, шматлiкiя ўзнагароды на фестывалях у нашай краiне i за мяжой i, канешне, высокi асабiсты аўтарытэт сярод сваiх калег. Ён з’яўляецца прафесарам Беларускага унiверсiтэта культуры i мастацтваў, акадэмiкам Мiжнароднай Кiрыла-Мяфодзьеўскай акадэмii славянскай асветы.

Гаспадар
— Я так стамiўся... Паўгода рамонт i прэм’ера спектакля “Iванаў” тры месяцы. А я нiчога не ўмею рабiць без душы. Нехта кажа, што гэта недахоп, хтосьцi гаворыць, што гэта станоўчая якасць. У тэатр я ўкладваю нервы, здароўе, раблю немагчымае iншы раз. Насуперак. I ў вынiку проста застаюся без сiл. Я проста сялянскi конь, якi стаў у баразну i цягне свой плуг. Цi дождж, цi вецер, цi золак, цi ноч...
Выматвае непрафесiяналiзм ва ўсiх iпастасях. Непрыемнасцi пачалiся з таго, што, узяўшыся за кардынальную перабудову тэатра, знайшлi больш за дзвесце недарэчнасцей у першапачатковым праекце, якi распрацоўваўся iнстытутам. На рамонт тэатра дзяржавай выдаткаваны значныя сродкi — Мiнiстэрству культуры трэба нiзка за гэта пакланiцца. Але цяпер у глядзельнай зале стала халадней, чым было. Чаму? Таму што будаўнiкi “ўрэзалi” некуды ацяпляльную сiстэму. А вось замест гэтых “вставных челюстей” павiнна была быць вентыляцыя. Каб з яе iшлi плынi цёплага паветра, будаўнiкi паднялi сцэну на трыццаць сантыметраў. Я з-за гэтага вымушаны быў спынiць рамонт на дзесяць дзён, каб знайсцi больш прыдатны варыянт. Прыходзiлася i крычаць, i прасiць, i дамаўляцца. Сам правяраў колер фарбы для сцен, столi. Усё гэта патрабуе маёй энергii. Увогуле, рамонт можна будзе лiчыць завершаным, калi поўнасцю будзе адрамантавана сцэна. Гэта ж памяшканне першапачаткова было пабудавана для партыйных i прафсаюзных сходаў.
Мастак
— Я хачу зрабiць наш тэатр высокапрафесiйным. Мы аб гэтым амаль не гаворым. Як бы саромеемся. Быццам бы тое, што робiцца на сцэне, — золата. Ды не золата. Я за тое, каб вярнуцца да рэалiстычнага, псiхалагiчнага тэатра, што я добра ведаю, чаму мяне вучылi. У мяне былi цудоўныя настаўнiкi. I водгукi, што пакiдаюць нашы гледачы ў спецыяльнай кнiзе, паказваюць, што нашы стараннi не дарэмныя. Пасля прэм’еры спектакля “Валянцiна” пiсалi: “Вы не iграеце, вы жывяце на сцэне!” Вось гэта каталiзатар. Я ў рабочы дзень iду па тэатры, цi смяюся, цi плачу, чытаю водгукi... I ў мне сэрца захлынаецца ад шчасця. Сёння такiх спектакляў, як “Валянцiна”, цi “Жанчыны Бергмана”, цi “П’емонцкi звер” не знойдзеш больш нiдзе, нi на адной сцэне. Я вучу сваiх маладых артыстаў i старэйшых: псiхалагiчны тэатр прапаноўвае школу. У мастацтве ёсць базавыя вiды, якiя з’яўляюцца паказчыкам духоўнасцi нацыi. Гэта тэатр, жывапiс, музыка, балет. А эстрада — гэта гарнiр. I яна робiць сваю чорную справу. У тэатр прыходзяць людзi i не здымаюць шапкi. Просiш: выключце тэлефоны — не могуць. Мой жа клопат у тым, каб “кармiць” другога гледача.
 Сёння тэатр — гэта не проста дзея на сцэне, гэта спавядальнае месца. Туды чалавек iдзе, каб падумаць, заглянуць у глыб сваёй душы. У нас глядач адчувае тэмпературу цела акцёра. (Валерый Данiлавiч бярэ маю руку i прыкладае да сваiх грудзей. — Аўт.) Чуеце, як б’ецца сэрца?! Тое ж адчувае i наш глядач у час спектакля.
Настаўнiк
— Сёння, па вялiкiм рахунку, у нас мала беларускiх п’ес, якiя можна было б ставiць. Савецкая класiка нiкому не патрэбна. Адзiн з прыярытэтных кiрункаў нашай дзейнасцi — праца з маладымi аўтарамi. Зараз на базе РТБД узнаўляе сваю дзейнасць Цэнтр беларускай драматургii, якi будзе даваць шанц маладым творчым людзям заявiць аб сабе. Аднак адкрыць сапраўды таленавiтага драматурга не так i проста.
 Тэатр беларускай драматургii зараз рыхтуе мона-спекталь па п’есе Шабана “Вячэра”, дзе ў галоўнай ролi — Таццяна Мархель. Спектаклем “Сталiца Эраунд” мы адкрываем не толькi рэжысёра — Сару Токiну, але i аўтара Сяргея Гiргеля. Сяргей Кавальчык пачынае работу над п’есай Кавалёва “Сёстры Псiхеi”. Я працую зараз з нашым драматургам Дзiянай Балыка над спектаклем “Белы анёл”, якi заяўлены на ўдзел у фестывалi ў Iркуцку. Сяргей Кавальчык будзе працаваць над спектаклем па “Браме неўмiручасцi” Крапiвы. Пад восень здзiвiм гледача вялiкай пастаноўкай па творы Караткевiча “Каласы пад сярпом тваiм”.
Беларус
— Любоў да роднага слова ў вас з дзяцiнства, ад мамы?
—  Мая генiяльная мама! Памятаю, як яна дамовiлася, каб у нашу вёску ў Талачынскiм раёне, што на Вiцебшчыне, правялi электрычнасць. Яна, можна сказаць, прадалася ў рабства: цi прала каму, цi ўбiрала. Мне было ўсяго дзевяць гадоў, i я памятаю той боль у вачах, калi я не мог наглядзецца на лямпачку, што вiсела каля самай столi. Асноўным сродкам сувязi с сусветам тады было радыё, чорная талерка такая. Я ўвесь час яго слухаў. Адтуль я ведаў Iллю Кургана. I цi мог хоць на хвiлiначку падумаць, што праз колькi дзесяткаў гадоў гэты паважаны чалавек напiша: “Вучняў многа, а Анiсенка адзiн”...
Ад мамы i любоў да роднага слова, да ўсяго беларускага. На жаль, я не ведаю свайго радаводу. А беларускасць — гэта мой свядомы выбар. Самы вялiкi доказ гэтаму, калi ў нашай кнiзе водгукаў дзякуюць за куточак беларушчыны. Цуд!
Дарадца
— Хацеў бы пажадаць сучаснаму чалавеку верыць у сябе, iмкнуцца знайсцi сваё прызначэнне. Я, колькi сябе памятаю, вучыўся. Усё жыццё, як жаба на корч, усё лез, лез i лез... Дзякаваць лёсу, мяне акружалi таленавiтыя, дасканалыя людзi. Але нават цяпер, калi мне ўжо хутка будзе 63 гады, разумею, што ўсё роўна яшчэ многага не ўмею. Якi я прафесар, калi я не ведаю замежнай мовы?! У мяне няма сiстэмнай адукацыi. Многае раней было закрыта. Хацелася ахапiць i тое, i тое.
— Але не ўсе бачаць у сабе недахопы...
— I гэтым шчаслiвыя.
— А вы шчаслiвы чалавек?
— Наракаць не прыходзiцца. Я жыву на роднай беларускай зямлi. У мяне ёсць тэатр, займаюся любiмай справай. У мяне ёсць дачка, дзве ўнучкi. Са мной каханая побач. Што яшчэ трэба! Грошы? Iх нiколi не будзе хапаць. Ды i вялiкiя грошы могуць да бяды давесцi. Iмануiл Кант пiсаў: “Две вещи равно волнуют меня: звездное небо над головой и нравственный закон во мне”. Гэта i ёсць мой дэвiз па жыццi.

У тэму Сёння ў нашай краiне 28 дзяржаўных тэатраў, у тым лiку тры музычныя, дзевятнаццаць драматычных i сем тэатраў лялек. Як адзначыў першы намеснiк мiнiстра культуры Беларусi Уладзiмiр Рылатка, iх роля ў культурным жыццi Беларусi не змяншаецца. “Сёння беларускi тэатр развiваецца як здаровы творчы арганiзм i не страчвае свае якасцi”, — сказаў ён.
Значныя сродкi на дзейнасць тэатраў Беларусi выдаткоўвае дзяржава: буйныя тэатры фiнансуюцца на 70—75 працэнтаў, невялiкiя — на 68—70. Па словах Уладзiмiра Рылаткi, апошнiм часам тэатры вядуць сваю эканамiчную дзейнасць больш iнтэнсiўна.  Штогод на падтрымку новых пастановак дзяржава выдаткоўвае каля 400 мiльёнаў рублёў. На праграмы, у рамках якiх тэатры гастралююць у чарнобыльскай зоне, у сельскай мясцовасцi i ў аграгарадках затрачваецца каля 300—400 мiльёнаў рублёў. Сума штогадовых датацый фестывальных тэатральных праграм складае 100—150 мiльёнаў рублёў, падтрымка маладзёжных конкурсаў — 60—70 мiльёнаў.
Пашыраецца i гастрольная палiтра беларускiх тэатраў. Гастролi ў Кiтаi, Паўднёвай Карэi, Тайландзе — гэта ўжо “сур’ёзны прарыў на Усход”, лiчыць першы намеснiк мiнiстра культуры. Добрыя сувязi падтрымлiваюцца з тэатрамi Расii. У гэтым годзе плануюцца вялiкiя абменныя гастролi Яраслаўскага i Калiнiнградскага тэатраў. Будуць праведзены тэатральныя фестывалi “Белая вежа” i “Панарама”. Плануецца таксама аб’явiць конкурс на лепшую п’есу, па вынiках якога будзе заснавана нацыянальная прэмiя.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter