Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Дачка вядомага мастака Міхаіла Галынскага перадала ў дар беларускім музеям ягоныя мастацкія творы

Мастакоўскі запавет

Жыхарка латвійскага горада Ліепая Аляксандра Слівіна перадала ў дар беларускім музеям мастацкія творы свайго бацькі Міхаіла Галынскага, ураджэнца Клімавіцкага раёна.

Міхаіл Галынскі за працай

Больш за трыста карцін вядомага мастака Міхаіла Галынскага размеркавалі па трох музеях. Яго творы папоўнілі фонды абласнога Мастацкага музея імя П. В. Масленікава, Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е. Р. Раманава ды Клімавіцкага краязнаўчага музея. Большасць з іх — графічныя працы, каля пяцідзесяці — маляўнічыя палотны.

Аляксандра Слівіна здолела захаваць творчую спадчыну бацькі ды, па ягонай апошняй волі, перадала працы на Бацькаўшчыну. Гэта не першы падарунак ад земляка. У 1979 годзе Міхаіл Галынскі пабываў у Беларусі, перадаў тады ў Клімавіцкі раённы краязнаўчы музей 22 карціны.

Нарадзіўся Міхаіл Галынскі ў вёсцы Азярцы Клімавіцкага раёна Магілёўшчыны ў 1914 годзе. З ранняга дзяцінства захапляўся маляваннем, а затым жывапіс стаў неад’емнай часткай яго жыцця. Будучы мастак кожную вольную хвіліну прысвячаў любімай справе. Маляваў — дзе прыйдзецца і на чым прыйдзецца, хаваючыся ад цікаўных вачэй. Рабіў эскізы ў полі, на гарышчы, на сценах вуглём з печы, на любым аркушы паперы, які трапляўся пад руку. Хлопчык рос, тварыў, жыў. Прычым аніякія ўгаворы маці ды родных не займацца “пустым”  не дзейнічалі.

Калі юнак служыў у арміі, камандаванне давала яму магчымасць наведваць заняткі ў Ленінградскім мастацкім інстытуце імя Рэпіна. Але закончыць яго Міхаілу Галынскаму не ўдалося: пачалася Вялікая Айчынная вайна. У маі 1945 года па ініцыятыве камандавання часці, у якой служыў Галынскі, была арганізавана яго першая персанальная выстава — экспанаваліся 124 работы: партрэты ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай і франтавыя замалёўкі.

Адна з карцін Міхаіла Галынскага

Пасля дэмабілізацыі наш зямляк жыў ў горадзе Ліепаі Латвійскай ССР, працаваў у галіне выяўленчага мастацтва. У 1963 годзе ў краязнаўчым музеі горада прайшла яго другая персанальная выстава. А затым і ў Рызе, Даўгаўпілсе, Маскве ды іншых гарадах.

Міхаіл Галынскі знайшоў сябе ў адным з самых цяжкіх жанраў мастацтва — партрэтным жывапісе. Ён настолькі захапіў майстра, што стаў сэнсам жыцця. Пісаў мастак з натуры і па памяці. Гэта партрэты родных і блізкіх, а таксама сяброў і знаёмых. Яго творы напоўнены святлом, дабрынёй і любоўю.

Творы мастака да таго ж глыбока народныя, тонка перадаюць адметныя рысы характараў сучаснікаў. Усе карціны вельмі аптымістычныя, праменяць любоўю да жыцця, бо такім быў і сам ліепайскі беларус. Вось некаторыя з назваў твораў: “Партрэт селяніна”, “Хлебароб”, “Партрэт маці”, “Дзяўчына з граблямі”, “Бацька і сын”.

У 1996 годзе Міхаіл Галынскі адышоў у іншы свет. Але ягоная творчасць дзякуючы намаганням дачкі Аляксандры Слівінай і цяпер з намі. Яна радуе і захапляе, наводзіць на роздумы, нясе дабрыню.

Крысціна Старавойтава, навуковая супрацоўніца Клімавіцкага краязнаўчага музея

Голас Радзімы № 35 (3539), чацвер, 14 верасня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter