Мастак, які першым «пабываў» на Марсе

СЁННЯ па Чырвонай планеце, як яшчэ называюць Марс, калясяць марсаходы. Апошні з іх перадаў здымкі з рэчышчамі рэк, якія даўно высахлі. Значыць, на Марсе калісьці, магчыма, было жыццё?.. Аднак першым пра гэта ў сваіх фантастычных карцінах расказаў яшчэ ў 40-х гадах мінулага стагоддзя мастак з Глыбоччыны Язэп ДРАЗДОВІЧ. Ён выдаў цэлую касмічную серыю: «Жыццё на Марсе», «Артаполіс», «Жыццё на Месяцы», «Жыццё на Венеры». Выйшла з друку і яго кніга «Нябесныя бегі».

Сёння ў аграгарадку Германавічы Шаркаўшчынскага раёна адзначаць 125-годдзе жывапісца Язэпа Драздовіча

СЁННЯ па Чырвонай планеце, як яшчэ называюць Марс, калясяць марсаходы. Апошні з іх перадаў здымкі з рэчышчамі рэк, якія даўно высахлі. Значыць, на Марсе калісьці, магчыма, было жыццё?.. Аднак першым пра гэта ў сваіх фантастычных карцінах расказаў яшчэ ў 40-х гадах мінулага стагоддзя мастак з Глыбоччыны Язэп ДРАЗДОВІЧ. Ён выдаў цэлую касмічную серыю: «Жыццё на Марсе», «Артаполіс», «Жыццё на Месяцы», «Жыццё на Венеры». Выйшла з друку і яго кніга «Нябесныя бегі».

ЯЗЭП Драздовіч, адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу, нарадзіўся 14 кастрычніка 1888 года ў засценку Пунькі Дзісенскага павета (Цяпер Глыбоцкі раён) на самым ускрайку Галубіцкай пушчы. Там, у цесным сяброўстве з прыродай, у суседстве з занядбанымі, але мужнымі людзьмі, прайшло  яго дзяцінства.

Вучыўся Язэп спачатку ў Дзісенскай гімназіі, затым у Віленскай школе малявання ў прафесара Трутнева. Быў забраны ў армію і паспеў скончыць курсы вайсковых фельчараў. Нейкі час настаўнічаў у Глыбокім, Лужках, у Радашковіцкай і Навагрудскай гімназіях. Дзеці яго любілі, бо ён не караў іх, а прывіваў дабро і прыгажосць.

І ўсё ж педагагічная дзейнасць заняла невялікі адрэзак у яго жыцці. Галоўным для Язэпа Драздовіча былі яго карціны. Першыя з’явіліся яшчэ ў 1907 годзе — «Трызна мінуўшчыны» і «Брама будучыні». У 1914 годзе ён афармляе вокладку першай кнігі Канстанцыі Буйло «Курганная кветка».

Потым праславіць сябе графічнымі аркушамі серыі «Дзісненшчына» з краявідамі сялянскіх сядзіб і палеткаў, цэлай галерэяй полацкіх і смаленскіх князёў, серыяй малюнкаў і акварэлей «Глыбокае», «Мір», «Навагрудак і Навагрудчына» і іншымі. Творы вызначаюцца цеплынёй, пранікнёнасцю, адметнай мастацкасцю.

Асабліва гэта бачна на палатне «Францыск Скарына ў сваёй друкарні ў Вільні». Памяшканне друкарні прасторнае, са скляпеністай столлю. На пярэднім плане — сам Скарына, апрануты ў куртку, з-пад якой відаць трохкутнік светлай сарочкі з гальштукам. На плечы вучонага накінуты сіні плашч з крылаткай. Здаецца, што Скарына толькі што сабраўся некуды адысці, але нейкая думка прымусіла ўзяцца за пяро, нешта запісаць. Гарманічна ўпісваюцца ў карціну памочнікі першадрукара: адзін натхнёна працуе за станком, другі робіць адбітак валікам, трэці засяродзіўся каля стэлажа з кнігамі. Дзея адбываецца паўтысячы год таму, а ўражанне — быццам час вярнуўся назад і персанажы ажылі!

Язэп Драздовіч вядомы яшчэ больш як вандроўны мастак. Ён хадзіў ад хаты да хаты, ад вёскі да вёскі, ад мястэчка да мястэчка і распісваў так званыя «Дываны-маляванкі», за што ўдзячныя гаспадары, таксама не багацеі, а часцей звычайныя сяляне, давалі начлег і «кавалак хлеба».

ВОСЬ як пра гэта сваё вандроўнае  мастацтва расказвае ў Дзённіку сам Язэп Драздовіч: «Канец студзеня і першую, большую, палавіну лютага правёў на пахатняй працы ў вёсцы Верацеях (Шаркаўшчынскі раён. — У.С.), малюючы для тамтэйшых дзяўчат дываны, гонячы пад агульны фіранкавы стыль, з пейзажамі на асяродку. Для Веркі — чырвоныя фіранкі з месячнай ноччу, для Марылі — зялёныя фіранкі з зімоваю вуліцаю вёскі. Для Соні і Любы — таксама зялёныя, толькі для першай — з раніцай над возерам, а для другой — з зімоваю дарогай, з абвінелацелымі бярозамі Лужыцкага тракту. На астатку для А.Т. — сінія фіранкі з Віленскаю замкавай гарой на асяродку. Зрабіў невялічкі дыванчык і для А. Роўды, які з прыяцельскіх пачуццяў зацягнуў мяне сюды ў Верацеі на заробак. На астатку надакучыла мне гэтая работа — з дня ў дзень тарчэць стоймя каля распятых на сцяну пасцілак, даводзячы сябе гэтак аж да адратвення карку ад задзірання галавы ды прыглядвання… Па вечарах, змрокі, як кажуць, «шэраю гадзінай», калі неяк анічога рабіць, раблю з найменшай дачушкай гаспадара, Зойкай, невялічкія шпацыроўкі па праталінах, на ўзбярэжжах перапоўненай верхаводдзем тутэйшай рачулкі Лучайкі, любуючыся бегам і шумам ейнай вады. Вадой павяваець. Рад быў бы яшчэ аддыхаць, ды некалі... Клічуць  зноў на работу — гэта добра, што яна ёсць. Але блага, што я на ёй вельмі мала зарабляю, нават на паўзлота на дзень, калі адлічыць на фарбы і табаку,  не  выходзіць. Узноў мне прыйдзецца ў старым лапленым хадзіць, бо не будзе з чаго апрануцца. І ці пабагацею я калі-небудзь? Хоць бы адзецца па-людску...»

Гэтыя «Дываны-маляванкі» Драздовіча і сёння нярэдка можна ўбачыць на сцяне ў вясковых хатах Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў, а таксама ў тутэйшых музеях: гісторыка-этнаграфічным у Глыбокім і культуры і быту — у аграгарадку Германавічы на Шаркаўшчыне.

 

Апошні размешчаны ў вялікім двухпавярховым былым панскім будынку, а з 1992 года музею нададзены статут дзяржаўнага. Цэлая зала ў ім адведзена паказу жыцця і творчасці Язэпа Драздовіча, усяго 173 экспанаты. 43 з якіх — арыгіналы. Маюцца на ўвазе работы мастака, а таксама прадметы, якімі ён карыстаўся.

У 30—40-я гады асноўным заробкам Драздовіча было маляванне дываноў. Але, як ён пісаў у сваім дзённіку, усе яго работы не толькі дзеля кавалка хлеба, але і для эстэтычнага выхавання людзей. Для маленькіх маляваў лісічак-сястрычак, вясёлых зайчанятак, а для дарослых — таямнічыя старасвецкія замкі з начнымі краявідамі. І ўсюды на гэтых малюнках свяціўся срэбны месячык. Кожны дыван арыгінальны па-свойму, і абрамляў яго раслінны арнамент. Вось як дыван «Фантастычны алень», абрамлёны вянком з кветак. На карціне «Вёска Германавічы» (1923 г). бачым касцёл, засеяныя палеткі. На палатне «Успамін на руінах» — вандроўнік. У яго абліччы праглядваюцца рысы твару самога мастака. Спыніўся на момант адпачыць. Дастаў скрыпку, смычок і — паплыла ціхая зажураная мелодыя…

Між іншым усе карціны — арыгіналы!

Тут жа, у куточку, можна ўбачыць некалькі тых самых кіёў, нязменных спадарожнікаў і памочнікаў, з якімі вандраваў Язэп Драздовіч. Нават верш свой кію прысвяціў:

Кій, мой верны друг,

І прыяцель мой,

Нам не трэба слух,

Як ды ты са мной…

Пра сваю горкую вандроўніцкую долю Язэп Драздовіч напіша:

Я па свеце хаджу

Ды чужыя куты ўкрашаю.

Я і свой бы куток разукрасіў,

Ды, на жаль, свайго  куту не маю.

Язэп Драздовіч быў не толькі таленавітым жывапісцам, графікам, але і пісьменнікам, фалькларыстам, этнографам, археолагам. Ён напісаў паэму «Трызна мінуўшчыны» і гістарычна-бытавую аповесць «Гарадольская пушча». Сабраў шмат народных песень і склаў зборнік «Песні Дзісеншчыны». Зрабіў апісанне больш за 30 археалагічных помнікаў, адкрыў некалькі стаянак каменнага і бронзавага вякоў, сабраў каштоўныя экспанаты.

Апошнія гады жыцця Язэп Драздовіч правёў у родных Пуньках, у хаце лесніка Даната Пабядзінскага, сярод лесу такой любімай і апетай ім Галубіцкай пушчы.

Памёр 15 верасня 1954 года. Усяго тры гады не дажыў да запуску першага штучнага спадарожніка Зямлі і сем — да палёту ў космас першага чалавека!..

Пахаваны непадалёк ад вёскі Ліпляны. На магіле ўстаноўлена стэла з барэльефам «вечнага вандроўніка».

ХУТКА спаўняецца 125 год з дня нараджэння Язэпа Драздовіча. Так сталася, што ў гэтым годзе і юбілей Германавічаў, дзе ў музеі размешчаны работы мастака: мястэчку спаўняецца 450 год. Гэтыя два святы разам і будуць адзначаць шаркаўшчане сёння ў аграгарадку Германавічы. У праграме — пленэр дзіцячай школы мастацтваў, прысвечаны 125-годдзю Язэпа Драздовіча, выставы работ раённага цэнтра рамёстваў і Германавіцкага дома ганчара, тэатралізаванае прадстаўленне — расказ аб гісторыі Германавічаў, ушанаванне перадавікоў ААТ «Княж» на ўборачнай, выступленне мастацкіх калектываў з Лепеля, Віцебска, Беларускай дзяржаўнай філармоніі і іншыя мерапрыемствы.

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter