Познаем Беларусь: Масленица в обрядах и традициях белорусов

Масленіца ідзе, бліны і мёд нясе

Перш чым сустракаць вясну, нашы продкі спачатку ладзілі провады зімы. І адпаведныя абрады расцягваліся на тыдзень, які называлі Масленічным або Сырным. Традыцыйна свята абуджэння прыроды адзначаецца за восем тыдняў да Вялікадня. У праваслаўных вернікаў Масленіца пачыналася з панядзелка і заканчвалася ў нядзелю. У сёлетнім календары Масленічны тыдзень выпаў на перыяд з 20 па 26 лютага.


Масленіца — адно з самых вясёлых і шумных свят беларусаў. У ім перапляліся і зімовыя, і вясновыя абрады, песні, гульні, карагоды. Загадзя рыхтавалі пудзіла Зімы ці самой Масленіцы.

У першы дзень Масленічнага тыдня ў некаторых рэгіёнах жанчыны праводзілі абрад «Пахаванне дзеда». Дзед — гэта вялікая, у рост чалавека, лялька з саломы. Па павер’ях, стары падавіўся косткай і памёр, таму яго трэба «пахаваць». Прычым постаць дзеда надзялялі рысамі гіперсэксуальнасці. Жанчыны прыпаміналі «нябожчыку» яго шматлікія грахі, у тым ліку распушчанасць і спакушэнне чужых жонак. Пры гэтым плач злучаўся са смехам.

Вялікая ўвага на Масленіцу ўдзялялася пачастункам: блінам, сыру, маслу, малаку. Прадуктамі запасаліся яшчэ з восені і падчас шасцітыднёвага Піліпаўскага посту варылі сыры, збіралі вяршкі для прыгатавання сметанковага масла. Сыры падсольвалі, залівалі маслам, захоўвалі ў склепе. Гаспадыні малолі муку для выпякання бліноў. Іх да свята гатавалі вялікае мноства: бульбяныя, пшанічныя, ячныя… Пяклі таксама аладкі, елі з маслам і сырам без абмежаванняў. На Віцебшчыне казалі: «На Масленіцу масла трэба піць каўшом, каб каровы давалі шмат малака». А на Гродзеншчыне і Брэстчыне Масленіцу прынята было сустракаць пірагамі і варэнікамі.

Галоўны герой Масленіцы — сонца. Таму большасць атрыбутаў свята маюць круглую форму: колы, якія падпальвалі і спускалі з гары, карагоды, ну і, вядома ж, бліны. Па народных павер’ях, круглыя, румяныя, яны сімвалізуюць сонца, цяпло і жыццё. З’есці блін у Масленічны тыдзень павінен быў кожны член сям’і. Нашы продкі верылі, што з кожным кавалачкам бліна чалавек напаўняе сябе энергіяй сонца.

Першы блін, перахрысціўшы, дзялілі на часткі — каб кавалачак атрымаў кожны член сям’і. Не забывалі і аб памерлых продках: для іх блін пакідалі на акне, на даху або неслі на магілу.

Фото из архива «СБ»

У Масленічны тыдзень вечарамі стараліся не працаваць, хадзілі адзін да аднаго ў госці. Галоўная ідэя гулянняў была накіравана на набліжэнне вясны. Магія свята заключалася ў пастаянным руху. Праводзіўся абрад усеагульнага рытуальнага катання з горак на санках, каталках, дошках і нават перавернутых лавах. Два апошнія дні Масленіцы — субота і нядзеля — цалкам прысвячаліся катанням на конях, упрыгожаных стужкамі і званочкамі над дугой.

Галоўным момантам святкавання было спальванне пудзіла Зімы, што сімвалізавала смерць самай халоднай пары года.

АД ПРАДЗЕДАЎ

У Масленічны тыдзень дружныя паходы ў госці пачыналіся ў чацвер (Улас, Аўлас, Валоссе). Моладзь ладзіла гулянні, танцы, вячоркі. На свята многія звыклыя забароны адыходзілі на другі план. Напрыклад, дазвалялася без бацькоўскага блаславення красці («умыкаць») любімых дзяўчат. Прычым гэта не асуджалася. Наогул, на Масленіцу людзі нібы імкнуліся навесяліцца наперад на ўвесь доўгі і строгі Вялікі пост (сёлета ён працягнецца з 27 лютага па 15 красавіка).

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter