Маска, хто ты ?

Крымінальную зводку Пастаўскага райаддзела міліцыі нядаўна папоўніў трывожны званок загадчыцы мясцовага магазіна кааператыўнага гандлю. Невядомы злачынца ў чорнай вязанай шапачцы з дзіркамі для вачэй імкліва наблізіўся да касы...

Крымінальную зводку Пастаўскага райаддзела міліцыі нядаўна папоўніў трывожны званок загадчыцы мясцовага магазіна кааператыўнага гандлю. Невядомы злачынца ў чорнай вязанай шапачцы з дзіркамі для вачэй імкліва наблізіўся да касы. Пад пагрозай нажа загадаў прадаўцу аддаць выручку. А калі тая адмовілася гэта зрабіць, новаяўлены фантамас самастойна выцягнуў з касы скрынку, дзе аказалася 667 тысяч рублёў.

Пакуль прадавец прыйшла ў сябе, злачынца ўцёк. Разгледзець яго перапалоханая жанчына не мела магчымасці. Таму па трывожным званку пачалася спецаперацыя. Разам з супрацоўнікамі крымінальнага вышуку удзельнічаў у пошуку злачынцы і службовы сабака Пастаўскай пагранкамендатуры. На жаль, у межах райцэнтра не так проста ўзяць след. Але ў выніку правядзення складаных аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў, апытання больш за сотні грамадзян, абходу некалькіх дзесяткаў кватэр і сядзіб удалося вызначыць напрамак знікнення дзёрзкага рабаўніка.

Ім аказаўся “залётны” дармаед, які пражываў у 45 кіламетрах ад Паставаў. Калі злачынцу вылічылі і прыпёрлі да сцяны, ён прызнаўся, што цярпліва і доўга рыхтаваўся да налёту: сачыў за распарадкам работы магазіна, рухам пакупнікоў, каб вызначыць найбольш зручны момант для нападзення. Толькі не дапамаглі ні маска, ні нахабнасць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter