На Узденшчыне вучоны-фізік аднаўляе родавую сядзібу Якуба Наркевіча-Ёдкі

Машына часу

Рэшткі былой сядзібы Наднёман — адзін з 10 аб’ектаў Уздзенскага раёна, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны. Тут у свой час жыў і рабіў свае навуковыя адкрыцці таленавіты беларускі вучоны-прыродазнавец Якуб Наркевіч-Ёдка (1847—1905). Выдатны фізік, медык, біёлаг, вынаходнік электраграфіі — у XIX стагоддзі яго імя ведалі ва ўсім свеце. Доўгі час сядзіба знатнага роду была ў заняпадзе, ператваралася ў руіны. Зараз дзякуючы намаганням фізіка Уладзіміра Самуйлава Наднёман аднаўляецца і вяртаецца да жыцця.

Дзякуючы намаганням Уладзіміра Самуйлава сядзіба Наднёман вяртаецца да жыцця.

Прабацька мабільніка

Пра славутага земляка Якуба Наркевіча-Ёдку дырэктар Уздзенскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Тамара Лухверчык можа гаварыць бясконца:

— Вучыўся ў Вене, Парыжы, Фларэнцыі. Чытаў лекцыі ва ўсіх вядучых універсітэтах свету. Высокаадукаваны чалавек, сур’ёзна займаўся многімі навукамі. Стаяў ля вытокаў стварэння радыё. За тытул вынаходніка радыё спрачаюцца некалькі вучоных — расіянін Папоў, італьянец Марконі, серб Цесла. Але менавіта Наркевічу-Ёдку належыць першынства, гэта пацверджана і дакументальна: раней за ўсіх ён вынайшаў і выкарыстаў спосаб бесправадной перадачы і прыёму электрамагнітных хваляў на адлегласці з мэтай перадачы інфармацыі. Французскія газеты называлі яго не інакш як «электрычным чалавекам». Ён быў знаёмы са многімі выдатнымі дзеячамі свайго часу. Напрыклад, у спісе спонсараў першага ў Расіі рускамоўнага метэаралагічнага часопіса побач з Мендзялеевым стаіць імя Наркевіча-Ёдкі.

Сапраўдны геній, чалавек, які апярэдзіў свой час. Яго вынаходніцтвы леглі ў аснову і сучаснай мабільнай сувязі. Гэта думка гучала на міжнароднай канферэнцыі, якая праходзіла летась ва Уздзе з нагоды 170-годдзя Якуба Наркевіча-Ёдкі. Дарэчы, удзел у ёй разам з навукоўцамі прымалі і многія сваякі вынаходніка з розных краін, у тым ліку на радзіме продкаў упершыню пабывала ўнучка вучонага Ізабэла з Польшчы.

Ніякай містыкі — навука

Сярод мясцовых жыхароў пра Наркевіча-Ёдку хадзілі неверагодныя чуткі, быццам ён у змове з самім Перуном і той яму дапамагае. А што яшчэ маглі падумаць сяляне, калі пан на сваім полі ўсталяваў нейкія вышкі, ад іх пускаў у глебу правады, і град тыя палі не біў, а зямля толькі пладародзіла. Але ніякай містыкі — на тым доследным полі Наркевіч-Ёдка вывучаў уплыў атмасфернай электрычнасці на стан, рост і ўраджайнасць раслін.

А ў сваім маёнтку Наднёман у 20-метровай вежы абсталяваў навуковую лабараторыю з усімі неабходнымі для эксперыментаў найноўшымі прыборамі, меў у тым ліку і сваю метэаралагічную станцыю, між іншым адну з буйнейшых у заходняй частцы Расійскай імперыі.

Але задоўга да навуковых даследаванняў Наркевіч-Ёдка ўсур’ёз займаўся музыкай, як піяніст з поспехам гастраляваў па Еўропе, яго ў захапленні слухала ўся эліта таго часу. Канцэрты і музычныя вечары ладзіліся ім і ў Наднёмане.

Рэканструяваная ўязная брама з флігелямі, пад адным з якіх у падвале —  кумысніца.

Да вывучэння медыцыны спадара Якуба прывялі трагічныя абставіны. У 25 гадоў ад сухотаў памерла яго сястра. З таго часу ў сваёй дзейнасці ён стаў надаваць вялікую ўвагу лячэнню «слабагрудых» (туберкулёзных) хворых. У 1882 годзе непадалёк ад сваёй сядзібы адкрыў прыватны санаторый, дзе прымяняў вынайдзены ім новы спосаб лячэння — электратэрапію. У дапаўненне — сонечныя і паветраныя ванны, гімнастыка, мінеральная вада з мясцовай свідравіны, свежы кумыс. Для яго вытворчасці ў Наднёман завезлі з Башкірыі коней і спецыялістаў па вырабе цудадзейнага напою. Кумысу гатавалі да

5 тысяч бутэлек — пацыентам санаторыя і для раздачы мясцовым жыхарам. На летні сезон у Наднёман прыязджала шмат знатных асоб, але лячыў прафесар і сялян, прычым бясплатна.

Па поклічы душы

Якуб Наркевіч-Ёдка памёр у 1905 годзе. Апошні ўладальнік сядзібы — яго сын Конрад пасля рэвалюцыі ў 1921-м пераехаў у Кракаў. Маёнтак застаўся безгаспадарным. Частку бібліятэкі вывезлі ў Акадэмію навук, частка кніг была страчана. Навуковыя прыборы, жывапіс, мэблю размеркавалі па розных установах. Што дзе, невядома і дасюль, паметак пра належнасць да маёмасці Наркевіча-Ёдкі на рэчах не было.

Да вайны ў спустошаным будынку размяшчаліся калгас «Наднёман», машынна-трактарная станцыя, працавалі курсы для механізатараў. А ў 1944-м яго ўзарвалі партызаны, мясцовыя старажылы расказваюць, не хацелі, каб дастаўся немцам. З таго часу маёнтак пачаў ператварацца ў руіны. Нешта разбіралі на будаўніцтва людзі, нешта развальвалася само. Апошняе буйное разбурэнне здарылася ў 1995-м — не стала галоўнай, самай высокай вежы.

Партрэт Якуба Наркевіча-Ёдкі работы А.Бяляўскага.
У савецкі час пра Наркевіча-Ёдку не ўспаміналі. Толькі ў 1980-я яго імя і дзейнасць вярнуў з нябыту вучоны-краязнавец Уладзімір Кісялёў. У 1990-я былі спробы ўзяцца за аднаўленне сядзібы Наднёман, але безвынікова.

Надзея з’явілася ў 2011-м, калі быў створаны Дабрачынны фонд развіцця навукі, інавацыйных тэхналогій і культуры імя прафесара Наркевіча-Ёдкі. Яго і ўзначаліў кандыдат фізіка-матэматычных навук Уладзімір Самуйлаў з мэтай сабраць грошы, каб адрадзіць сядзібу Наднёман перыяду найбольш актыўнай дзейнасці яе славутага гаспадара, ў 1870—1890 гады.

Са сродкамі вельмі шмат дапамагае Міжнародны дабрачынны фонд «Навука вакол нас». Але тым не менш справа аднаўлення сядзібы няпростая. Навошта вучонаму такія клопаты? Уладзімір Аляксандравіч пытанню здзіўлены:

— Як навошта? А хто ж тады? Дый душа патрабуе. Наркевіч-Ёдка — наш беларускі геній, незвычайна рознабаковы вучоны, у тым ліку фізік. Яго прафесійная дзейнасць мне зразумелая і блізкая, займаюся ў многім аналагічнымі навуковымі пытаннямі, толькі ўжо на ўзроўні нанатэхналогій. З маладосці бачыў дыялектыку гэтай сядзібы, здаўна цікавіўся яе гісторыяй. Таму, калі з’явілася магчымасць аднавіць Наднёман, узяўся за гэтую справу. Наогул не лічу, што раблю нешта асаблівае.

«Ліс» — на месцы

Будаўнічыя работы на сядзібе вядуцца з 2016-га, па сутнасці — трэці сезон. Рэканструявана ўязная брама з флігелямі, кумысніца пад адным з іх у падвале, асобна — карэтны хлеў і бровар.

Да пытанняў аўтэнтычнасці Уладзімір Самуйлаў ставіцца па-навуковаму адказна і скрупулёзна. Сядзіба — гісторыка-культурная каштоўнасць, знаходзіцца пад наглядам Мінкульта. Аднаўляецца ўсё максімальна набліжана да арыгінала, выкарыстоўваюцца спецыяльныя будаўнічыя матэрыялы, працуюць вопытныя архітэктар і рэстаўратары.

Дубовыя вароты — у першапачатковым выглядзе, флігелі, як і некалі, пакрыты асінавай гонтай, вянчае браму радавы герб «Ліс».

Першымі вынікамі Уладзімір Самуйлаў задаволены:

— Мабыць, больш у Беларусі такой брамкі не знойдзеш: настолькі ў ёй усё лагічна, прыгожа і правільна, што вока радуецца. Хоць імя колішняга архітэктара невядома, але глядзіш, адразу зразумела: не просты тагачасны будаўнік займаўся, а дасведчаны спецыяліст, які меў адпаведную адукацыю, выкарыстоўваў правіла «залатога сячэння» як універсальнай праявы структурнай гармоніі, навукова абгрунтаванай яшчэ ў часы Леанарда да Вінчы.

Зараз пачалося праектаванне аранжарэі і сядзібнага дома. Пра тое, якім быў сядзібны дом, звестак няшмат. Але тры крыніцы ёсць дакладна: копія з гравюры Напалеона Орды і два фотаздымкі 1920—1930 гадоў з выявамі паўночнага і паўднёвага фасадаў будынка. Уладзімір Самуйлаў гаворыць, яшчэ 3—4 працоўныя сезоны, і сцены з дахам будуць узведзены. Паспяховы пачатак адраджэння відавочны, далейшыя спадзяваннi — на сродкі дабрачынных фондаў, мецэнатаў, пошук якіх працягваецца.

Клапоціцца Уладзімір Аляксандравіч і пра «начынне» будучага будынка. На замежных аўкцыёнах адшуквае і купляе цікавыя рэчы перыяду жыцця Якуба Наркевіча-Ёдкі, звязаныя перш за ўсё з яго навуковай дзейнасцю, — мікраскопы, катушкі Румкорфа, кандэнсатары, электрафорныя машыны. У калекцыі ўжо каля сотні прадметаў. Ёсць цікавыя знаходкі і на самой сядзібе: элементы керамікі, пячная заслонка, зашчапкі для дзвярэй, некалькі бутэлек — на выгляд ад піва і шампанскага. Усё гэта трапіць у будучую экспазіцыю. Яшчэ адзін знойдзены артэфакт — укапаная ў зямлю ржавая труба, на ёй дата — 1823 год. Высветлілі: тагачасная геадэзічная адметка.

На тэрыторыі маёнтка і за брамай знаходзілася каля двух дзясяткаў гаспадарчых пабудоў. Чакаюць аднаўлення кароўнікі, псярня, адрына, кузня, канюшня, спіртасховішча. У планах таксама — добраўпарадкаванне колішняга дэндрапарку. Праграма-максімум — стварыць на месцы Наднёмана музей-лабараторыю Якуба Наркевіча-Ёдкі і міжнародны навукова-адукацыйны цэнтр для адоранай моладзі з усёй неабходнай інфраструктурай. Але ўжо ў наступным годзе для наведвальнікаў мяркуюць адкрыць пачатковую музейную экспазіцыю ў адным з адноўленых флігеляў брамы.

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter