“У іх на занятках вочы гараць”. Энтузіястка з глыбінкі вучыць дзяцей старажытнаму мастацтву

Машына часу з шэрай глiны

Карыснай працай займаецца Ала Капыціч. Дзякуючы ёй у Соміне, дзе пражывае менш за 300 чалавек, адраджаецца мастацтва вырабу палескіх гліняных цацак і посуду. У гэтай вёсцы ў Івацэвіцкім раёне майстрыха арганізавала майстэрню-музей, а для самых маленькіх праводзіць заняткі ў гуртку «Гліняная цацка».

Дзякуючы Але КАПЫЦІЧ у вёсачцы Соміна адраджаецца мастацтва вырабу гліняных цацак і посуду.

Майстрыха, размiнаючы глiну, распавядае:

— У Соміне цяжка знайсці хату, у якой не было б глінянага вырабу — майго ці дзіцячага. Людзi i самi шмат чаго лепяць. Такім чынам мы захоўваем памяць аб нашых продках і іх справах, падтрымліваем сувязь пакаленняў.

У гэтым куточку Палесся багатыя традыцыі. Іх зберагаюць і старыя, і малыя.

Фігуркі птушачак, рыб, пеўнікаў, жабак, змеек — навобмацак яны  цёплыя і нейкія родныя. Напэўна, такімі іх робіць чароўны матэрыял, што дабываюць у зямлi. Ала Капыціч ездзіць за глінай ажно на Століншчыну, у вёску Гарадная. У Соміне, гавораць людзi, якаснай гліны не знойдзеш: 

— Гарадная лічыцца адным з найстаражытных ганчарных цэнтраў Беларусі. Мястэчка нават атрымала Магдэбургскае права ў 1579 годзе дзякуючы росквіту гэтага рамяства. Вырабы з тутэйшага матэрыялу высакаякасныя — тэрмаўстойлівыя, звонкія. У залежнасці ад мінералаў у складзе гліны могуць быць чырвонымі, белымі, жоўтымі і нават блакітнымі.

На заняткі да Алы КАПЫЦІЧ дзеці прыходзяць з задавальненнем. Зробленыя сваімі рукамі цацкі яны забіраюць дахаты. Нехта збірае іх на паліцах, а нехта дорыць сябрам і родным.

Вандроўка майстрыхі за глінай — цэлая прыгода. Дабіраецца ў Гарадную Ала Капыціч на спадарожных машынах. Дарога няблізкая — 130 кіламетраў. Майстрыха бярэ з сабой вялікіх памераў мяшок, у які можа ўмясціцца, па яе словах, каля 90 кiлаграмаў гліны, але набірае палову: сама капае, перабірае яе рукамi, грузіць. Калі вяртаецца дамоў, замочвае гліну ў вадзе. Захоўваецца яна ў асаблівых умовах. У зямлі майстрыха выкопвае яму, засцілае яе плёнкай. Пасля засыпае гліну, залівае вадой, накрывае цэлафанам.

Уражвае і мясцовы спосаб абпалу гліняных вырабаў. Ала Капыціч характарызуе яго трапным выразам: «Галота на выдумку хітрая». У сваім двары яна пабудавала з цэглы невялічкую печку. Менавіта ў ёй гліняныя збаночкі, пеўнікі і кароўкі набываюць свой канчатковы выгляд — становяцца моцнымі і звонкімі. Дом Алы Капыціч таксама нагадвае майстэрню — у ім знайшлося месца нават масіўнаму ганчарнаму колу.

Для Алы КАПЫЦІЧ гліняная цацка — быццам прывітанне з дзяцінства.

Захапленне майстрыхі бярэ карані ў дзяцінстве. Яшчэ ў 1970-я гады ў Соміна прыязджалі на кані ганчары з Гарадной. Калі яны ехалі па вёсцы, у дзяцей было сапраўднае свята: 

— У вячэрняй цішы было чуваць на ўсю вёску працяглае «Го-о-оршкі, го-о-оршкі!». Гаспадынькі выбягалі, каб купіць сабе гаршчочкі, а нам, дзецям, — рознакаляровыя свістулькі-птушачкі.

Вёска Соміна невялікая — каля 300 жыхароў. Але ж людзі ведаюць, хто яны і адкуль. І дзяцей вучаць памятаць пра свае карані.

Гэты ўспамін, напэўна, і стаў прычынай, па якой майстрыха паступіла на аддзяленне керамікі ў Бабруйскае мастацкае вучылішча. Пасля было вывучэнне народнай культуры ў дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Танка. І ўсё ж працаваць Ала Капыціч вярнулася ў родныя мясціны — да вытокаў любімага рамяства:

 
«Пасябраваць» з глінай не так проста. Гэты матэрыял патрабуе працавітасці і ўседлівасці.
— Часам задумваюся: навошта я ствараю для сябе гэтыя праблемы — езджу за дзясяткі кіламетраў па гліну, цягаю яе? Каму гэта патрэбна? Адказ прыходзіць сам сабой: дзецям. На занятках у іх вочы гараць! І мне гэта прыносіць задавальненне — адпачываю душой, калі ў руках гліна.

Асаблівай увагі заслугоўвае і невялічкі музей, які размясціўся тут жа — у майстэрні сельскага клуба. Майстрыха паклапацілася пра тое, каб дзеці, прыходзячы на заняткі, знаёміліся з ладам жыцця сваіх продкаў. Калі трапляеш у гэты ўтульны пакойчык, нібы аказваешся ў палескай хатцы канца XIX — пачатку XX стагоддзяў. У музеі захоўваецца калекцыя ручнікоў, а таксама глінянага посуду. Уражвае сваёй самабытнасцю і вагой вялікі прас. Непадалёку размясціўся пузаты куфар:

— Яго зрабілі прыкладна ў 1891 годзе — гэта зразумела па фрагментах газеты, прыклееных да ўнутраных сценак. Куфар быў падарункам — надпіс збоку гаворыць пра тое, што рэч прэзентавалі нейкай Паліне.

Частка калекцыі родам з Краглевіч — яе перадалі пры закрыцці мясцовага Дома культуры. Збаны дапамаглі сабраць жыхары Соміна: 

— Бачыце беленькі гладышык? Яго нядаўна знайшла пры дарозе, нехта выставіў за непатрэбнасцю. А гэта ж усё крупінкі гісторыі побыту нашых продкаў. Іх трэба абавязкова захаваць!

Юлія АЛЯШЧЭНЯ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter