Як стварыць iнтэрнэт-пляцоўку для камунiкацыi пiсьменнiкаў, мастакоў, тэатралаў i музыкантаў

Машына часу для кнiгi

Цiкава чытаць старую фантастыку, у якой апiсваецца наш з вамi час. Як толькi не ўяўлялi мастацтва ХХI стагоддзя! Напрыклад, кожны зможа адразу пабачыць уяўлены твор у формах, колерах i гуках. I практычна ўсе фантасты, акрамя аўтараў антыўтопiй, гаварылi, што мастацтва стане сiнкрэтычным. Знiкне падзел на лiтаратуру, тэатр, жывапiс... Здаецца, цяпер гэта i адбываецца. Цi выжыве ў такiх умовах звыклая нам лiтаратура? Пра гэта сабралiся паразважаць галоўны рэдактар газеты «Лiтаратура i мастацтва» Ларыса Цiмошык, галоўны рэдактар часопiса «Полымя» Алена Мальчэўская i я, пiсьменнiк–аглядальнiк Людмiла Рублеўская.

Л.Рублеўская:
Сёння кнiга, калi вакол яе не выбудавана нейкая «iнфраструктура», у плане прасоўвання моцна прайграе. Як заваёўвала папулярнасць кнiга Андруся Горвата? Напачатку з’явiлася як блог, тады — папяровы варыянт, зараз — спектакль.

А.Мальчэўская: Фiльм яшчэ быў... Iнтэрнэт–радыё «Радыё Прудок», дзе гучалi фрагменты запiсаў.

Л.Цiмошык: Дык гэта класна, што так адбываецца. Кнiга становiцца грунтам для iншых форм мастацтва. Нагадаю, беларускае кiно зарабiла славу менавiта на экранiзацыях нашай лiтаратуры. Брэнд беларускай графiкi створаны дзякуючы iлюстрацыi. Была безлiч цудоўных тэатральных пастановак мастацкiх твораў.

Л.Рублеўская: Аўтар напiсаў добры раман. I яму кажуць: тэрмiнова пiшы па iм сцэнарый, п’есу, прыдумвай перформанс... Але ён не абавязкова добры сцэнарыст цi драматург.

А.Мальчэўская: I фiльм, i спектакль па творах Горвата рабiлi iншыя людзi, якiя тымi творамi захапiлiся. I мяне непакоiць, што сёння свет культуры вельмi падзелены — лiтаратары не ведаюць, што адбываецца ў тэатральным свеце цi ў свеце мастакоў, i наадварот. З Горватам атрымалася выключэнне, бо ён ад пачатку быў у коле Купалаўскага тэатра. Гэта сведчыць, што нам трэба займацца нэтворкiнгам, пабудовай сетак, дзе творцы розных вiдаў мастацтва будуць збiрацца i камунiкаваць. Лiтаратару трэба выйсцi з вежы са слановай косткi.

Л.Цiмошык: Я нават за такi выхад, якi зрабiў Вiктар Лупасiн, калi падчас адбору на «Еўрабачанне» прадставiў эксцэнтрычны нумар «Нос i сумленне». Вiдавочна выступаў не для таго, каб перамагчы, а каб заявiць пра сябе. Пра лiтаратурны твор даведваюцца, калi ён становiцца часткай моднага праекта.

А.Мальчэўская: Модным праектам перашкаджае кансерватыўны настрой. Мы вынаходзiм наноў ровар цi рашуча аберагаем нейкiя мiфiчныя каштоўнасцi, хаця на iх нiхто не квапiцца.

Л.Цiмошык: Але прамоцыя твораў — справа не самiх пiсьменнiкаў. У нашай лiтаратуры рынку няма, таму для яе прасоўвання можна карыстацца вiдамi мастацтва, дзе маркетынгавая сiстэма ўжо iснуе. Тым жа кiнамастацтвам, музыкай, шоу–бiзнэсам... Рок–музыканты, я лiчу, наогул зрабiлi надзвычай шмат для беларускай лiтаратуры.

Л.Рублеўская: Так, нядаўняя праграма «Нерасстраляныя вершы» вярнула цiкавасць да многiх рэпрэсiраваных паэтаў. Маладыя пачалi напяваць песнi на вершы Тодара Кляшторнага, Алеся Дудара...

Л.Цiмошык: Няхай у Вялiкiм тэатры сёння няшмат спектакляў па беларускай тэматыцы, але яны ёсць. I я ведаю, што опера «Сiвая легенда» паводле Уладзiмiра Караткевiча «абрасла» цэлай сiстэмай мерапрыемстваў. Некаторыя ходзяць на яе па некалькi разоў, таму што перад кожным паказам ёсць унiкальная прэзентатыўная частка: выступ фолк–гурта, паказ рэдкiх абразоў.

Л.Рублеўская: Але далёка не кожны варты твор дабярэцца да сцэны цi экрана. Рэжысёру выпадкова падарылi кнiгу — ён здзiвiўся, што такое ёсць у беларускай лiтаратуры, зрабiў спектакль...

Л.Цiмошык: Так, трэба, каб людзi тэатра i кiно сачылi, што адбываецца ў лiтаратуры. Калi Якуб Колас напiсаў «Дрыгву», па ёй адразу была пастаўлена опера. Гэта значыць, кампазiтар Багатыроў пачытаў аповесць. Але i пiсьменнiкi недаацэньваюць патэнцыял нашых кампазiтараў. Вунь Ларыса Сiмаковiч зрабiла цiкавыя iмпрэзы па творах Янкi Купалы, Максiма Багдановiча. Зараз прадстаўляе праект «Плошча Якуба Коласа». Можа, штосьцi магло б узнiкнуць i па сучаснай лiтаратуры.

Л.Рублеўская: Атрымлiваецца, што пiсьменнiк у залежнасцi ад густаў кампазiтара, рэжысёра, мастака... Але тое, што чалавек — майстар у музыцы, не значыць, што ён выдатна разбiраецца ў лiтаратуры.

А.Мальчэўская: Ну ёсць жа тэорыя, што кепскi верш — гэта добрая песня.

Л.Рублеўская: Нядаўна чытала ўспамiны аднаго з вучняў Максiма Гарэцкага з рабфака, як настаўнiк вадзiў iх, фiлолагаў, у тэатр, арганiзоўваў сустрэчы з трупамi Жыновiча, Тэраўскага. Выдатная практыка. Але як сталага пiсьменнiка змусiць з кiмсьцi камунiкаваць, асаблiва калi ён iнтраверт? Больш за тое, мне здаецца, калi нейкi пiсьменнiк залiшне камунiкатыўны, зачаста i паўсюдна выступае — яго перастаюць успрымаць усур’ёз. Людзi хочуць мець гуру, якi не кожнага ўшануе гутаркай.

А.Мальчэўская: Гэта таксама стратэгiя прасоўвання — «Не, не, я не даю iнтэрв’ю».

Л.Цiмошык: Лiтаратару трэба лiчыцца з тым, што сённяшнi спажывец мастацтва перш за ўсё вiзуал.

Л.Рублеўская: Але, на жаль, сучасная проза iлюструецца зусiм мала. Хаця з’явiлася шмат новых форм папулярызацыi кнiгi: буктрэйлеры, квэсты...

А.Мальчэўская: Ёсць яшчэ сторытэлiнг, калi iнфармацыя даводзiцца да аўдыторыi з дапамогай займальных гiсторый. Iмерсiўны тэатр, у якiм на гледача перакладзена значная частка функцый. Сёння тэатр перастае быць лiтаратурацэнтрычным, i спектакль паўстае не з мастацкага тэксту. Мне вельмi спадабаўся фiльм «Дарога», якi прадставяць на кiнафестывалi «Паўночнае ззянне» — больш за гадзiну кадраў, знятых вiдэарэгiстратарам.

Л.Рублеўская: Дык, атрымлiваецаа, лiтаратура сучаснаму кiно i тэатру не патрэбная?

Л.Цiмошык: Чаму не патрэбная? Ёсць дакументальная лiтаратура. Той жа фiльм «Дзверы», якi прэтэндаваў на «Оскар», зняты па нон–фiкшн Святланы Алексiевiч.

Л.Рублеўская: А што рабiць пiсьменнiку, якi хоча ствараць цiкавыя гiсторыi?

А.Мальчэўская: Ствараць гiсторыi.

Л.Цiмошык: I пажадана не сядзець у вежы.

Л.Рублеўская: Добра, выйдзем мы ўсе з той вежы... Куды? Якой вы бачыце агульную культурную iнтэрнэт–пляцоўку? Там жа не павiнна быць падзелу на тусоўкi, iначай усё губляе сэнс. А як гэтага дасягнуць? I дзе тая пляцоўка ўзнiкне? На базе нейкага выдання цi як iнтэрнэт–праект са сваёй камандай?

Л.Цiмошык: Як атрымаецца. Магчыма, пры нейкiм адным выданнi. У мiнулым стагоддзi такой пляцоўкай камунiкацыi быў «ЛiМ». Галоўнае — каб было даступна для ўсiх.

А.Мальчэўская: Калi заўважылi разлад памiж рэжысёрамi i драматургамi, пачалi рабiць лабараторыi, дзе ўсе працавалi разам, дыскуцiравалi, у вынiку з’яўлялiся новыя спектаклi. Думаю, прыйшла пара далучаць да падобнай камунiкацыi пiсьменнiкаў. Гэта могуць быць семiнары, майстэрнi. З гэтага абавязкова паўстануць новыя творы.

Л.Цiмошык: Ясна адно, закрытасць у лiтаратурным коле, у сваёй тусоўцы шкодзiць пiсьменнiкам, спараджаючы вузкасць поглядаў i вузкасць iдэй.

rubleuskaja@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter