Марыя i Раберта

МНОГІЯ, напэўна, чыталі аповесць Васіля Быкава «Альпійская балада» ці бачылі аднайменны фільм, экранізаваны па гэтаму твору. Яны распавядалі пра каханне ў гады Вялікай Айчыннай вайны рускага хлопца Івана і італьянскай дзяўчыны Джуліі, якія ўцяклі з нямецкага палону.

Як глыбоцкая дзяўчына выратавала ад смерці італьянскага салдата, вязня фашысцкага канцлагера

МНОГІЯ, напэўна, чыталі аповесць Васіля Быкава «Альпійская балада» ці бачылі аднайменны фільм, экранізаваны па гэтаму твору. Яны распавядалі пра каханне ў гады Вялікай Айчыннай вайны рускага хлопца Івана і італьянскай дзяўчыны Джуліі, якія ўцяклі з нямецкага палону.

Нешта падобнае адбылося ў гады вайны і ў вёсцы Арэхаўна, што каля Глыбокага, дзе размяшчаўся лагер ваеннапалонных італьянцаў, якія адмовіліся ваяваць супраць Гітлера.

Вязні галадалі, і вяскоўцы падкармлівалі іх хлебам і бульбай. Адна з мясцовых дзяўчат Марыя пазнаёмілася такім чынам з ваеннапалонным Раберта і нават трохі навучылася гаварыць па-італьянску. Лёс насельнікаў лагера быў трагічны: пры адступленні фашысты расстралялі іх. Выратаваўся толькі Раберта, у многім дзякуючы Марыі.

Трагедыя пад вёскай Арэхаўна

А пачну свой аповед ад красавіка 1998 года, калі ў Арэхаўна прыбыў спецыяльны пошукавы ўзвод пад камандаваннем старшага лейтэнанта Аляксандра Дзмітрачэнкі. Камандзір падраздзялення папрасіў старажылаў паказаць месца, дзе, згодна з дакладнымі звесткамі, павінны быць захаваны расстраляныя ў вайну італьянскія ваеннапалонныя. Сялянка Марыя Капшуль правяла салдат усяго за некалькі дзясяткаў метраў у лес ад шашы Полацк — Вільнюс, калі пачалі з’яўляцца жудасныя знаходкі: косці, стлелае адзенне, абутак, іншыя побытавыя рэчы. Потым чалавечыя астанкі знаходзілі паўсюдна, нават на тэрыторыі цэха па апрацоўцы драўніны. У аўтара гэтых радкоў, які быў непасрэдным сведкам раскопак, да гэтага часу стаяць перад вачыма тыя малюнкі. Дарэчы, аб гэтым яскрава расказвае таксама жыхарка Арэхаўна Ніна Савіцкая ў кнізе Валерыя Міхайлава і Васіля Раманоўскага «Нельга забыць».

«Аднойчы зімою 1943—1944 года да мяне ў дом прыйшлі двое немцаў і стараста. Яны выгналі ўсю сям’ю і прымусілі палонных прыстасаваць дом пад кухню і сталоўку. Палонныя былі апрануты ў незнаёмую нам форму. Не гаварылі па-руску. Я разам з другімі жыхарамі вёскі пачала цікавіцца, хто яны і адкуль. Ахоўнікі сказалі, што італьянцы. Хутка побач з маім домам былі пабудаваны два баракі з дошак. Іх абнеслі калючым дротам.

Выкарыстоўвалі палонных на цяжкіх зямельных работах у лесе ля вёскі Русакі. Кармілі іх надта дрэнна, і я неаднаразова бачыла, як яны елі жаб і траву. Італьянцаў прымушалі выконваць цяжкія работы і на тэрыторыі лагера. Я бачыла, як гітлераўцы ўпрагалі шэсць чалавек у павозку з вялікай бочкай, прыстасаванай для падвозу ў лагер вады са студняў, якія знаходзіліся за кіламетр».

Пра здзекі фашыстаў над італьянскімі ваеннапалоннымі паведамлялі і сувязныя партызанскай брыгады імя Суворава, якая дыслацыравалася ў Глыбоцкім раёне: «Адносіны да палонных італьянцаў вельмі дрэнныя. Многія з іх, не маючы абутку, абмотваюць ногі саломай і анучамі. Галодныя, збітыя палкамі, італьянцы паміраюць дзясяткамі штодзённа».

Усё помніць Беразвечча

Чаму і як з’явіліся італьянскія ваеннапалонныя ў Глыбокім? Заглянем у гісторыю. 25 ліпеня 1943 года ў Італіі быў здзейснены «палацавы» пераварот, дыктатар Мусаліні арыштаваны, а кіраўніком урада выбраны маршал Петра Бадалью. Пад націскам насельніцтва ён вымушаны быў уступіць у перамовы аб міры з англа-амерыканскім камандаваннем. Але гітлераўцы акупіравалі большую частку краіны сваіх былых саюзнікаў і яе сталіцу Рым.

Незайздросны лёс чакаў армію італьянцаў. У спецыяльным загадзе нямецка-фашысцкіх захопнікаў, які называўся «Прынцыповыя асновы абыходжання з салдатамі італьянскіх узброеных сіл і міліцыі», прама ўказвалася: «Хто не за нас, той супраць нас». Згодна з гэтым загадам, салдаты і афіцэры італьянскай арміі, якія адмаўляліся ваяваць на баку фашысцкай Германіі, былі або расстраляны, або накіраваны ў лагеры ваеннапалонных. У Беларусі налічвалася каля паўтара дзясятка лагераў з інтэрніраванымі італьянскімі салдатамі. Адзін з іх з’явіўся ў снежні 1943 года ў Глыбоцкім раёне і меў два аддзяленні: барачнае каля вёскі Арэхаўна і капітальнае ў Беразвеччы, былым жаночым манастыры горада Глыбокае.

Жаданні бабулі Яні

На жаль, падчас раскопак каля вёскі Арэхаўна не было выяўлена ніводнага імені расстралянага там вязня. Нешматлікія кавалачкі, падобныя нечым на паперу, рассыпаліся пры адным дотыку. Аднак гісторыя з італьянскімі ваеннапалоннымі не закончылася раскопкамі каля гэтай вёскі, а знайшла нечаканы працяг. Італьянскі палкоўнік Санціні, які знаходзіўся на Глыбоччыне падчас работы пошукавага ўзвода старшага лейтэнанта Аляксандра Дзмітрачэнкі, завітаў у райвыканкам, дастаў ліст з нейкім чарцяжом і патлумачыў, што ў горадзе павінны быць могілкі з капліцай, і што ў гады вайны на гэтых могілках былі захаваны трое італьянцаў. Адзін з іх — Джыоджы Піетра. Палкоўнік паказаў дакумент, які прывёз з сабою. Вось ён: «Тэрытарыяльнае аддзяленне карабінераў г. Фларэнцыі. Знешняя група г. Арэца.

Вярбальны працэс-допыт старшага маршала Кашыолі Альда, 1904 года нараджэння, які жыве ў Сант-Джаванні-Вальдарна (Арэца).

4 ліпеня 1946 года ў канторы ўказанай арганізацыі перад намі, капітанам Капорале Піетра і старшым маршалам Копія Дантэ, паўстаў старшы маршал Кашыолі Альда, які адказаў на пастаўленыя пытанні наступным чынам:

«З 2 студзеня па 2 ліпеня 1944 года я быў палонным і ўтрымліваўся ў нямецкім канцлагеры «Армі-Гефангенен-Саммел-8», які размяшчаўся ў горадзе Глыбокае (манастыр Беразвечча), Беларусь. У гэты перыяд я быў камендантам гэтага лагера.

Помнік на месцы захавання італьянскіх ваеннапалонных каля вёскі Арэхаўна.

Помнік на месцы захавання італьянскіх ваеннапалонных
каля вёскі Арэхаўна.

Раніцаю 1 сакавіка 1944 года ў камендатуру лагера прыйшло паведамленне, што ў лесе, каля барака Небенлагер, дзе немцы будавалі ваенныя склады, італьянскі ваеннапалонны загінуў у выніку няшчаснага выпадку ў час работы. Ад таварышаў загінуўшага, якія прывезлі яго ў лагер, стала вядома, што ў 9.30 раніцы салдат Джыоджы Піетра № 8/100, які нарадзіўся 9 чэрвеня 1914 года ў г. Руссі, сек высокую яліну і, убачыўшы, што яна раптам пачала падаць, паспрабаваў адскочыць, але не паспеў і трапіў пад дрэва. Таварышы знайшлі яго мёртвым. Я праводзіў мл. лейтэнанта Раветта Марыа (г. Павія, вул. Дэй Мілле, 56) да загінуўшага. Не знайшоўшы сур’ёзных пашкоджанняў, урач канстатаваў, што смерць наступіла ад сардэчнага прыступу.

4 сакавіка ў суправаджэнні мяне і яшчэ 6 ваеннапалонных і ўрача загінуўшы быў пахаваны на гарадскіх могілках горада Глыбокае, у каталіцкай частцы, у сектары для італьянцаў (магіла № 1, размешчаная справа ад галоўнага ўваходу на могілкі)...»

Дадзены пратакол накіраваны ў ваеннае Міністэрства і Генеральную дырэкцыю па ўліку малодшых афіцэраў, у ЗАГС і па месцы жыхарства».

Калі яшчэ чыталі дакумент, супрацоўніца райвыканкама прыгадала, што адна бабуля, якая жыве непадалёк ад могілак, сапраўды паказвала месца захавання там італьянцаў. А таму, адправіўшыся на могілкі, па дарозе заехалі да яе. Бабуля Яніна ўжо слаба пераступала непаслухмянымі нагамі, і яе вялі пад рукі.

— Тут яны, тут, — спынілася яна адразу праз некалькі крокаў пры ўваходзе на могілкі, якраз у тым месцы, якое і было ўказана на плане палкоўніка Санціні.

Захаванні мелі сціплы, але дагледжаны выгляд: стаялі акуратныя драўляныя крыжыкі, ляжалі вяночкі з кветак.

— Бабуля Яня, — спыталі ў яе, — гэта вы такі парадак навялі?

— Ага, дзеткі, я. Усё ж лепей, чым проста так.

Пераводчыца ціхенька патлумачвала словы бабулі палкоўніку Санціні. Той быў вельмі ўражаны пачутым.

— Спытайце, калі ласка, чаго гэта жанчына жадае? Мы ўсё зробім для яе.

Бабуля Яня, якая больш за паўвека глядзела за магілкамі італьянцаў, як за магілкамі сваіх сыноў, слабым голасам прашаптала, што ёй нічога не трэба.

Магілы ўскрылі. Астанкі склалі ў паліэтыленавыя пакеты. Пад нумарам 1 у Італію   быў   адпраўлены салдат Джыоджы Піетра — № 8/100.

Астанкі ж італьянскіх ваеннапалонных, якія знайшлі ў лесе каля вёскі Арэхаўна, перазахавалі непадалёк ад месца трагедыі, на ўзбочыне шашы Полацк — Вільнюс. Глыбачане ўстанавілі там валун з таблічкай і два высокія мармуровыя крыжы паабапал.

Яшчэ адно захаванне італьянцаў знаходзіцца таксама на Глыбоччыне, на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу Барок. Яны тут у агульнай брацкай магіле, дзе ляжыць 27 тысяч ахвяр фашызму — мірнага насельніцтва і ваеннапалонных розных краін.

Неаднаразова наведваліся сюды паслы Італіі і шчыра дзякавалі за ўсё зробленае па ўвекавечанні памяці іх землякоў.

«Прышлі мне альбом аб Італіі!»

З італьянскіх ваеннапалонных, якія знаходзіліся ў лагеры Арэхаўна, выратаваўся адзін толькі Раберта. І дапамагла яму ў гэтым мясцовая дзяўчына Марыя. Маладая прыгожая глыбачанка і хлопец з сонечнай Італіі пазнаёміліся і сімпатызавалі адзін аднаму. Агароджа з калючага дроту не была для іх перашкодай. Марыя з кожным днём усё больш і больш разумела італьянскія словы, а ён імкнуўся выразіць свае пачуцці па-беларуску.

 Набліжаўся фронт. Хадзілі чуткі, што палонных пагоняць далей на Захад. Аднак іх павялі ў лес, і, калі адтуль пачуліся частыя аўтаматныя чэргі, Марыя ўсё зразумела... Наведаўшы месца трагедыі, убачыла абыяк прысыпаны свежай зямлёй роў, у якім месцамі віднеліся целы забітых. З грудзей Марыі вырваўся крык: «Раберта?! Раберта?!»
 
І раптам з кустоў пачуўся стогн. Яна кінулася ў той бок і ўбачыла яго, параненага ў нагу. Колькі было дзявочых сіл, і адкуль толькі яны браліся, пацягнула Раберта дахаты і хавала аж да прыходу савецкіх салдат.

Пасля вайны палітыкі не дазволілі ім злучыць свае лёсы. Але Раберта ніколі не забываў пра сваю выратавальніцу. Як толькі палітычны клімат стаў мякчэйшым, прыехаў у Глыбокае. Адшукаў Марыю. У яго была ўжо свая сям’я, дзеці, унукі. Калі праводзіла свайго італьянскага госця дамоў, папрасіла на развітанне:

— Прышлі мне альбом аб Італіі!..

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»
Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter