Выстава «Беларусь — «Газпрам»: Прамысловасць. Тэхналогіі. Супрацоўніцтва» адкрылася ў Мінску 18 лістапада

Мары здзяйсняюцца

У Мінску адбылася не зусім звычайная прамысловая выстава. Прадпрыемстваў-экспанентаў на ёй было нямала — больш за чатыры дзясяткі. А вось патэнцыяльны пакупнік іх прадукцыі — толькі адзін. Гэта расійскае ААТ «Газпрам».
У Мінску адбылася не зусім звычайная прамысловая выстава. Прадпрыемстваў-экспанентаў на ёй было нямала — больш за чатыры дзясяткі. А вось патэнцыяльны пакупнік іх прадукцыі — толькі адзін. Гэта расійскае ААТ «Газпрам». На пляцоўку «Веладром» спарткомплексу «Мінск-Арэна», дзе размясціліся стэнды прадпрыемстваў, пускалі толькі па спісах запрошаных або па прапусках.

Фота БЕЛТА
БЕЛТА

Азнаёміўшыся са стэндамі, намеснік старшыні праўлення кампаніі Віталь Маргелаў і першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка падпісалі дарожную карту па пашырэнні выкарыстання высокатэхналагічнай прадукцыі і нашых тэхналогій для патрэб расійскага газаздабывальнага і газатранспартнага гіганта. Трэба заўважыць: агляд экспазіцыі быў даволі дэталёвы, ён заняў у іх амаль дзве гадзіны. Частка экспанатаў проста не трапіла ў павільён і стаяла на вуліцы, на лёгкім лістападаўскім марозіку. У асноўным — пераведзеныя на газавае паліва грузавікі і спецтэхніка. Асобна ад «калег» горда красаваўся прызначаны для эксплуатацыі на газаматорным паліве новы трактар МТЗ.

Задаволенымі засталіся абодва бакі. Для беларускіх прадпрыемстваў падпісанне дарожнай карты ў перспектыве азначае шматмільённыя кантракты і гарантаваныя рынкі збыту, для ААТ «Газпрам» — павышэнне канкурэнтаздольнасці. «Мы вядзём мэтанакіраваную палітыку па імпартазамяшчэнні і ўжо дасягнулі 95-працэнтнай долі ва ўжыванні айчыннага абсталявання і матэрыялаў, — прызнаўся Віталь Маргелаў. — Купля абсталявання беларускіх вытворцаў павысіць гэты працэнт яшчэ больш».

Фармат выставы пад назвай «Беларусь — «Газпрам»: Прамысловасць. Тэхналогіі. Супрацоўніцтва» быў у навінку толькі для нашых кампаній. «Імперыя ў імперыі», як трапна назваў расійскае прадпрыемства Уладзімір Сямашка, рэгулярна праводзіць падобныя кантактна-кааперацыйныя біржы ў расійскіх рэгіёнах. З многімі вытворцамі складанатэхнічнага абсталявання, знойдзенымі ў час такіх выстаў, працуюць вельмі шчыльна. Напрыклад, Сібір прадае «Газпраму» сваю прамысловую прадукцыю ўжо на $ 8 млрд. у год. Праўда, казаць пра тое, што ўдала трапіць на вочы кіраўніцтву «Газпрама» — гэта значыць забяспечыць сабе амаль бязмежны рынак збыту, не прыходзіцца. У «Газпраме» ёсць свая складаная сертыфікацыя абсталявання, якое выкарыстоўваецца, і кампаніі з Беларусі павінны будуць прайсці гэтую працэдуру.

«Падпісаны сёння дакумент накіраваны на асваенне вытворчасці і павелічэнне аб’ёму выпуску новага высокатэхналагічнага абсталявання на беларускіх прадпрыемствах. Мерапрыемствы дарожнай карты плануецца выканаць у 2014—2016 гадах», — распавёў Уладзімір Сямашка.

Зразумела, у час падыходу да прэсы журналісты не маглі не пацікавіцца ў першага віцэ-прэм’ера аб кантрактах на імпарт расійскага газу ў Беларусь на наступныя гады — проста трохгадовы кантракт, які зараз дзейнічае, заканчваецца. «Дакументы на 2015—2017 гады плануецца падпісаць у бліжэйшы час, літаральна да 30 лістапада, — супакоіў Уладзімір Сямашка. — Абмежаванняў па аб’ёмах там няма: колькі трэба — столькі і атрымаем. Я мяркую, што кошт у наступным годзе будзе нават ніжэйшы, чым у гэтым. Зараз кошт тысячы кубаметраў газу складае $ 168. Але не забудзьцеся, што адной са складальных цэнавой формулы з’яўляецца кошт газу ў Ямала-Ненецкай АА. Таксама пэўны ўплыў на цэнавую палітыку Расіі ў газавай сферы акажуць ваганні рублёвага курсу і цэн на нафту».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter