Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У шматнацыянальнай палітры Клайпеды вылучаецца беларуская культура

Мары з берагоў Балтыкі

У літоўскай Клайпедзе, дзе была нядаўна ў камандзіроўцы, подых Балтыйскага мора адчуваецца, як ні дзіўна, не толькі ў паветры — бадай што ў кожным лёсе тамтэйшых супляменнікаў.

Артысты ансамбля “Крыжачок” прывезлі ў Клайпеду танцы розных народаў
Фота: Кацярына Мядзведская

З дзяцінства марыў пра мора ды марскія прыгоды кіраўнік суполкі “Крыніца” Мікалай Логвін. У пошуках рамантыкі з беларускай Ліды паехаў у Ленінград, сённяшні Санкт-Пецярбург, закончыў Дзяржаўную марскую акадэмію імя Макарава. А з 1982-га жыве ў Клайпедзе, куды ўпершыню прыехаў на вучэбную практыку. Там у яго выраслі два сыны і дачка, падрастае ўнучка... Амаль трыццаць гадоў адпрацаваў на флоце, быў штурманам аднаго з гандлёвых суднаў. Цяпер — незалежны эксперт па пытаннях пашкоджанняў грузаў ды караблёў у партах Клайпеды, Ліепаі, Вентспілса. Яшчэ Мікалай Логвін — Ганаровы консул Беларусі ў тым прыморскім горадзе.

Маракоў-беларусаў у суполцы “Крыніца” шмат: Іван Шахрай, Уладзімір Беглік, Мікалай Бамбіза, Іван Стасевіч, Мікалай Казлоў, іншыя. А побач з імі — сур’ёзнымі, не надта гаваркімі — цягнуцца да беларускай грамады й жонкі, сяброўкі па жыцці. Людміла Шахрай, напрыклад, карэнная клайпедчанка, да суполкі далучылася за мужам-капітанам дальняга плавання, ураджэнцам Брэстчыны. З гадамі, прызнаецца, і беларускія стравы навучылася гатаваць, і песні спявае, і мову разумее, і традыцыі шануе. Родам з Клайпеды і актывістка суполкі Алёна Харкова, бацькі ж яе — з Беларусі. Вельмі сумуе, казала, па роднай вёсцы маці: Дубраўцы, што ў Кармянскім раёне Гомельшчыны. “Тае вёскі больш няма... — з жалем расказвае. — Жыхароў яе адсялілі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС”. За прывітую любоў да Беларусі, прыроды, людзей удзячная бабулі з дзядулем: Ульяне і Барысу Мажэйкам. У апошні прыезд на Бацькаўшчыну, пад час экскурсіі ў Ліду—Бярозу—Мір—Мінск, купіла кнігу “Таямніцы Мажэйкаўскай крэпасці”. Цяпер вывучае, ці звязана гісторыя цытадэлі з лёсам яе сям’і...

Пра паходжанне дзявочага прозвішча Брэль расказвала мне Зінаіда Плышэўская, былая радыстка ў Клайпедскім порце. Яна родам з невялікага горада Васілевічы, што ў Рэчыцкім раёне Гомельшчыны. “У нашы балоцістыя мясціны, кажуць, неяк прыехаў француз, які меў такое прозвішча, пабудаваў там завод, — расказвае. — То ад яго, відаць, і жыхароў мясцовых сталі называць Брэлямі”. Замужам Зінаіда Мікалаеўна была за мараком-беларусам Вячаславам Плышэўскім, які родам са Слоніма.   

Падобныя жыццёвыя гісторыі таксама і ў іншых супляменніц — Марыі Каляды, Ірыны Мялькоўскай, Алены Валачко, Алы Бамбізы... Прыходзіць у суполку й моладзь. Далучылася нават сям’я з суседняй Палангі, пабываўшы сёлета ў Клайпедзе на адкрыцці выставы, прысвечанай Якубу Коласу.  

З Клайпедскага порта пачынаюцца многія шляхі
Фота: Кацярына Мядзведская

Я ж прыехала ў горад на свята, калі адзначалі Дзень нацыянальных культур. Шматлюдна было ля беларускага стэнда ў Горадзе майстроў. Многія цікавіліся сувенірамі з саломкі ды шкла, іншыя куплялі прадукты — зефір, цукеркі, квас, чыпсы, з задавальненнем частаваліся дранікамі, згатаванымі ветлівымі гаспадынямі беларускай суполкі.

За шэсць гадоў, што існуе фестываль, кірмаш майстроў ладзіўся ўпершыню. На ім традыцыйныя вырабы, нацыянальныя стравы, сувеніры прадстаўлялі розныя этнасуполкі горада. “Сёлета мы абышліся сваімі сіламі, — казаў Мікалай Логвін. — А ў наступным годзе запросім і майстроў з Беларусі”. Пад час фэсту падпісана дамова аб супрацоўніцтве паміж беларускай суполкай у Клайпедзе “Крыніца” і кампаніяй “Минскторгвнешинвест”. Спецыяльна дзеля таго з Вільнюса, дзе праходзіў вялікі Кірмаш народаў свету, прыехаў прадстаўнік арганізацыі Руслан Ніфціеў.

А на адкрытай пляцоўцы ў скверы “Дане” выступалі творчыя калектывы нацыянальна-культурных аб’яднанняў Клайпеды. Беларускія песні ды танцы прадстаўлялі гурт “Купалінка” і дзіцячы ансамбль “Верасок”, прычым Валянціна Снігур — абодвух кіраўніца. Казала, што гурты не так даўно абнавіліся, значна памаладзелі. У “Купалінку” з ахвотай ідуць як беларускі, так і карэнныя клайпедчанкі. Нават беларуская мова не падаецца ім цяжкаю. Найменшай у “Вераску” Маргарыце ўсяго тры гады, але й ёй добра спяваецца па-беларуску. Сама ж Валянціна задумваецца пра пераезд у Беларусь, “але гэта пакуль толькі мары: да пенсіі трэба дапрацаваць...”. Яе адзіная дачка Дар’я закончыла Брэсцкі дзяржуніверсітэт і засталася там працаваць, замуж збіраецца...

Запрошаным госцем з Беларусі быў народны ансамбль танца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта “Крыжачок”. Артысты прывезлі ў Клайпеду не толькі беларускі, але і яўрэйскі, малдаўскі, рускі, цыганскі, украінскі танцы. Парадавалі гледачоў як майстэрствам, так і шыкоўнымі касцюмамі, адметнымі для кожнага нумара. Кіраўнік ансамбля Ігар Музалеўскі адзначаў: “У клайпедскім свяце ўдзельнічаем другі раз. Падабаецца арганізацыя, прыём. Дый шмат карыснага пераймаем: артысты развучваюць танцы розных народаў. А ў каго, як не ў прадстаўнікоў дыяспар, можна таму павучыцца, падгледзець адметныя рухі? Тут завязваюцца й новыя знаёмствы, ёсць нават прапановы аб гастролях”.

Прыемна было сустрэць на свяце і Вольгу Антоненку, дырэктарку Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Беларусі. Адпачываючы ў Паланзе, яна зазірнула на клайпедскі фэст. Разам з Мікалаем Логвіным казала са сцэны вітальнае слова ўдзельнікам і гасцям свята. А пасля падзялілася й планамі: “Толькі завяршыўся Фэст мастацтваў беларусаў свету, а мы ўжо рыхтуем адкрыццё Фестывалю нацыянальных культур. У фармаце якога, дарэчы, будуць перамены: вялікім сумесным канцэртам лепшых творчых гуртоў нацыянальна-культурных аб’яднанняў Беларусі будзем не адкрываць, а завяршаць адборачныя туры”.

Хораша адзначалі Дзень нацыянальных культур у Клайпедзе. Паспрыяла святочнаму настрою й цёплае, сонечнае надвор’е. Пяшчотнае, спакойнае было й мора. Відаць, сама прырода дзякавала жыхарам горада за мір ды згоду: што шануюць-паважаюць тых, хто побач, берагуць і пашыраюць традыцыі сяброўства.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 37 (3541), чацвер, 28 верасня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter