Мары могуць змяніць свет

23 кастрычніка з перона мінскага чыгуначнага вакзала адпраўляўся сімвалічны поезд Арганізацыі Аб’яднаных Нацый “Экспрэс ААН-70 у Беларусі для пашырэння Мэт устойлівага развіцця”
23 кастрычніка з перона мінскага чыгуначнага вакзала адпраўляўся сімвалічны поезд Арганізацыі Аб’яднаных Нацый “Экспрэс ААН-70 у Беларусі для пашырэння Мэт устойлівага развіцця”. Так быў дадзены старт унікальнай акцыі. Незвычайны праект стаў сумеснай ініцыятывай арганізацый сістэмы ААН і Міністэрства замежных спраў Беларусі. Галоўнай яго мэтай было жаданне “прывезці” ААН ва ўсе абласныя цэнтры краіны і расказаць людзям пра сутнасць устойлівага развіцця.


На прэзентацыі канцэрта ААН у Гродне. (Злева направа) Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Санака Самарасінха і намеснік Міністра замежных спраў Валянцін Рыбакоў

Амаль тры чвэрці стагоддзя таму назад з попелу самай страшнай катастрофы чалавецтва — Другой сусветнай вайны — узнікла мара пра стварэнне інстытута, здольнага захоўваць няхай крохкі, але мір на планеце. Гэтая мара стала неабходнасцю, паколькі ні адзін чалавек цвярозага розуму не хацеў паўтору таго жаху, з якім сутыкнуліся мільёны. Неабходнасць падтрымліваць мір і парадак аб’яднала народы, каб сумеснымі намаганнямі дамагчыся дасягнення мэты. Імкненне сусветнай супольнасці жыць у згодзе прывяло да стварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, без якой цяжка сабе ўявіць свет сёння. Сёлета 24 кастрычніка, у дзень прыняцця Статута ААН, мы адзначалі 70-годдзе ААН, якая працягвае адыгрываць ролю гаранта міру і галоўнага міратворца для 193 краін і народаў.

Беларусь (на той момант Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка) была адной з 50 краін, якія падпісалі Статут ААН у чэрвені 1945 года. І менавіта тады, пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, была створана Арганізацыя, прызначаная ў адпаведнасці са Статутам ААН:

  • пазбавіць будучыя пакаленні ад бедстваў вайны;

  • замацаваць веру ў асноўныя правы чалавека, у добрую якасць і каштоўнасць чалавечай асобы, у раўнапраўе мужчын і жанчын і ў роўнасць правоў вялікіх і малых нацый;

  • стварыць умовы, пры якіх могуць захоўвацца справядлівасць і павага да абавязацельстваў, якія вынікаюць з дагавораў ды іншых крыніц міжнароднага права;

  • садзейнічаць сацыяльнаму прагрэсу і паляпшэнню ўмоў жыцця ва ўмовах большай свабоды.

Але па меры таго, як войны працягваюць вымушаць мільёны людзей пакідаць свае родныя месцы, беднасць па-ранейшаму з’яўляецца рэальнасцю на ўсіх кантынентах, тэрарызм стаў найвастрэйшай праблемай для сусветнай супольнасці, хваробы проста пераадольваюць нацыянальныя межы, а змена клімату пагражае ўсяму нашаму існаванню, нельга без разумення ставіцца да сумненняў многіх людзей пра магчымасць дасягнення ўсеагульнага міру і працвітання. Але нягледзячы на ўсе перашкоды і праблемы, Арганізацыя Аб’яднаных Нацый верыць у неабходнасць захавання ўсяго таго, што аб’ядноўвае планету ў адну цывілізацыю. Ад гэтай веры шмат у чым залежыць выжыванне чалавецтва. “Пры моцнай ААН свет становіцца лепшым”, — мы без сумнення падтрымліваем гэты лозунг.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый працуе ў Беларусі з 1992 года. У наш час у краіне ажыццяўляюць дзей­насць пастаянныя прадстаўніцтвы васьмі агенцтваў ААН, а таксама шэраг агенцтваў ААН без пастаянных прадстаўніцтваў, якія працуюць сумесна з Урадам Беларусі ў галіне развіцця. Напрамкі гэтай работы, інакш кажучы, пункты прыкладання сумесных намаганняў даволі разнастайныя: праблемы змены клімату, абарона навакольнага асяроддзя і энергаэфектыўнасць; пытанні міграцыі; эканамічнае і мясцовае развіццё; гандаль людзьмі і дамашняе насілле; пытанні здароўя і, у прыватнасці, ВІЧ/СНІД, сухоты, а з нядаўняга часу неінфекцыйныя захворванні; абарона дзяцей; дэмакратычнае кіраванне і правы чалавека; наступствы Чарнобыльскай катастрофы, гендарная роўнасць.


На будынку Гродзенскага Маладзёжнага цэнтра зроблена блакітная падсветка ў колеры ААН

Беларусь, як заснавальнік Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, а таксама як адзін з яе самых надзейных прыхільнікаў, на справе дапамагае ААН узмацняць яе пазіцыі на міжнароднай арэне. У той жа час эфектыўнае супрацоўніцтва паміж ААН і беларускім Урадам прынеслі значную карысць краіне.

У верасні гэтага года, напярэдадні 70-годдзя ўтварэння ААН, сусветныя лідары прынялі Мэты ўстойлівага развіцця, якія павінны быць дасягнуты да 2030 года. Трэба меркаваць, іх дасягненне прывядзе да значных пераўтварэнняў для ўсіх, хто жыве на планеце сёння, а таксама для будучых пакаленняў. У распрацоўцы новых глабальных мэт бралі ўдзел мільёны людзей па ўсім свеце, што дало магчымасць стварыць агульную карціну будучыні, якой мы хочам. І цяпер, каб ператварыць гэтыя мэты ў жыццё, мы павінны працаваць разам. Тады зможам дамагчыся іх дасягнення.

Сама ідэя новых мэт узнікла на канферэнцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па ўстойлівым развіцці, вядомай таксама як Саміт Рыа+20 у 2012 годзе. Яе вынікам стаў комплексны выніковы палітычны дакумент “Будучыня, якую мы хочам”, дзе змяшчаюцца канкрэтныя і практычныя меры. Своеасаблівае “кіраўніцтва” па дасягненні ўстойлівага развіцця.

Там жа, у Рыа-дэ-Жанейра, краіны-члены дамовіліся запусціць працэс распрацоўкі Мэт устойлівага развіцця ці глабальных мэт, якія будуць грунтавацца на канцэпцыі Мэт развіцця тысячагоддзя і стануць праграмай парадку дня ў галіне развіцця пасля 2015 года.

МРТ уяўлялі з сябе абмежаваныя ў часавых рамках мэты, задачай якіх з’яўлялася выкараненне крайняй галечы ў розных яе праявах (нізкі ўзровень даходу, голад, хваробы і да т.п.), спрыяючы гендарнай роўнасці, адукацыі і экалагічнаму развіццю. Глабальныя мэты, якія прыйшлі на змену МРТ, завяршылі 15-гадавы цыкл намаганняў сусветнай супольнасці. На жаль, да 2015 года дасягнуць усіх пастаўленых мэт не ўдалося і задача засталася нявыкананай для мільёнаў людзей. Якраз цяпер самы час уступіць на новы шлях ды ісці да канца.

Акцыя “Экспрэс ААН-70 у Беларусі для пашырэння Мэт устойлівага развіцця” стала яшчэ адной агульнай марай — гэтым разам ААН і Міністэрства замежных спраў краіны. Гэтая акцыя стала значнай падзеяй, дзякуючы ўсім, хто сустракаўся для таго, каб дзейнічаць разам. Яны перакананы, што Мэты ўстойлівага развіцця могуць быць дасягнуты выключна пры ўмове сумеснай работы. Так, неабходны намаганні, калі жадаць змен, якія нясуць мір, шчасце і працвітанне людзям на роднай планеце.

За восем дзён падарожжа, якое пачалося ў Мінску 23 кастрычніка і завяршылася 30 кастрычніка, “Экспрэс ААН-70 у Беларусі для Мэт устойлівага развіцця” наведаў сем гарадоў і стаў сваім больш як для 150 тысяч чалавек, якія прынялі непасрэдны ўдзел у гэтай акцыі. І для мільёнаў — дзякуючы сродкам масавай інфармацыі, якія шырока асвятлялі ход акцыі. Сярод праведзеных мерапрыемстваў — кінапаказы, канцэрты, спартыўныя спаборніцтвы, ток-шоу, семінары, выставы, майстар-класы і нават міжнародныя кулінарныя шоу.

Адным з ключавых момантаў можна назваць пасадку Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам у Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе Мінска Дрэва міру і ўстойлівага развіцця. Знамянальнымі таксама сталі адкрыццё выставы, прысвечанай гісторыі 70-гадовага партнёрства ААН і Беларусі, гашэнне маркі, прысвечанай 70-годдзю ААН, падпісанне Рамачнай праграмы ААН па аказанні дапамогі Беларусі ў мэтах развіцця на 2016-2020 гады і падпісанне старшынямі абласных выканаўчых камітэтаў Дэкларацый прыхільнасці мэтам устойлівага развіцця, прэ­зентацыя ў Магілёве Нацыянальнай справаздачы пра чалавечае развіццё, паказ у кінатэатрах відэаролікаў, прысвечаных 70-годдзю ААН і МУР, перасоўны міжнародны кірмаш культуры і многае іншае.

Рамачная праграма Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ЮНДАФ) па аказанні дапамогі Рэспубліцы Беларусь у мэтах развіцця на 2016-2020 гады з’яўляецца другім па ліку дакументам, які вызначае сумесную стратэгію дзейнасці арганізацый сістэмы ААН у Беларусі. Дакумент падрыхтаваны Краінавай камандай ААН сумесна з Урадам Рэспублікі Беларусь, арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, прадстаўнікамі прыватнага сектара, асобных груп насельніцтва, нацыянальнымі і міжнароднымі партнёрамі з мэтай заахвочвання і абароны правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь, павышэння якасці жыцця яе жыхароў і грамадзян.


Падпісанне Рамачнай праграмы па аказанні дапамогі Беларусі ў мэтах развіцця на 2016-2020 гады

Агульны напрамак дзейнасці і супрацоўніцтва ў інтарэсах развіцця паміж арганізацыямі сістэмы ААН і Урадам Рэспублікі Беларусь на бліжэйшыя пяць гадоў вызначаецца наступнымі прыярытэтнымі напрамкамі:

1. Аператыўнае і падсправаздачнае дзяржаўнае кіраванне.

2. Устойлівае эканамічнае развіццё.

3. Захаванне спрыяльнага навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыроднага патэнцыялу, заснаванае на “зялёных” прынцыпах эканомікі.

4. Устойлівае развіццё чалавечага капіталу: перш за ўсё ахова здароўя, адукацыя, сацыяльная ўключанасць і абарона, комплекснае постчарнобыльскае развіццё.


Рэалізацыя дакумента ў 2016-2020 гадах будзе ажыццяўляцца на аснове сумеснага рабочага плана Краінавай каманды ААН, Краінавых рамак супрацоўніцтва і праграм асобных агенцтваў сістэмы ААН па ўзгадненні з Урадам Рэспублікі Беларусь і ў кантэксце Рамачнай праграмы.

24 кастрычніка ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры ў дзень 70-годдзя ААН адбыўся канцэрт з музычнымі і танцавальнымі нумарамі, якія прадстаўляюць больш як 20 краін. Гледачы таксама пачулі рэальныя гісторыі прадстаўнікоў такіх груп насельніцтва, як бежанцы, інваліды, людзі, якія жывуць з ВІЧ, актывісты, што змагаюцца з дамашнім насіллем і гандлем людзьмі — усімі тымі, каму дапамагае ААН. У рамках акцыі “Афарбуй свет у блакітны колер ААН” знакавыя беларускія будынкі, такія як Нацыянальная бібліятэка ў Мінску і Гродзенскі абласны драматычны тэатр, былі падсвечаны блакітным колерам. У гэтай акцыі ва ўсім свеце былі задзейнічаны такія славутасці, як вялікія піраміды Гізы ў Егіпце, статуя Хрыста Збавіцеля ў Рыа-дэ-Жанейра, Вялікая Кітайская сцяна, Эрмітаж у Расіі ды старажытны горад Петра ў Іарданіі.

У кожным горадзе па шляху руху сімвалічнага экспрэса ААН гаварылі пра розныя мэты ўстойлівага развіцця: пра здаровы лад жыцця — у Гродне, пра якасную адукацыю і гендарную роўнасць — у Брэсце, пра выкараненне няроўнасці — у Гомелі, пра ўхіленне галечы і голаду, дастойную працу і эканамічны рост, а таксама пра ўстойлівыя гарады — у Магілёве, пра даступную і чыстую энергію, адказнае спажыванне і вытворчасць, барацьбу са зменамі клімату — у Віцебску.

Натхнёныя духам святкавання багатага 70-гадовага мінулага, а таксама духам амбіцыйных мэт, якія неабходна дасягнуць да 2030 года, супрацоўнікі Прадстаўніцтва ААН у Мінску былі ўдзячныя ўсім, хто ажыццявіў гэтае гістарычнае падарожжа па Беларусі разам з імі. А тым, хто яго не здзейсніў, яны сімвалічна кажуць: яшчэ давя­дзецца прайсці доўгі шлях, а значыць, яшчэ ёсць час заскочыць на падножку “поезда Мэт устойлівага развіцця”. Бо важны голас кожнага. Як важна для ўсіх здзяйсненне мары. Неабходна развеяць страхі, выявіць слабыя бакі і раскрыць патэнцыял кожнага. Праз дыялог, які сам па сабе накіраваны на разуменне адзін аднаго, можна, бясспрэчна, стварыць свет, які будзе лепшы, чым той, які быў. Свет, які будзе дасягнуты, у тым ліку, пры падтрымцы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.


Сустрэча ўдзельнікаў “Экспрэса ААН-70 у Беларусі для ўстойлівага развіцця” ў Мінску

Калі гэтае адметнае, знакавае падарожжа завяршылася ў Мінску, нельга было не задаць некалькі пытанняў натхніцелю і каардынатару акцыі “Экспрэс ААН-70 у Беларусі для Мэт устойлівага развіцця” Санаку Самарасінху, Пастаяннаму каардынатару ААН у Беларусі.

— На працягу цэлага тыдня ў канцы кастрычніка беларусы былі сведкамі штодзённых навін пра ўнікальную ініцыятыву — “Экспрэс ААН-70 у Беларусі для Мэт устойлівага развіцця”. Чаму менавіта поезд? Як узнікла гэта ідэя?

— Больш за 16 гадоў назад падчас свайго першага тыдня работы ў ААН я ў сваім офісе знайшоў кнігу пра Пекінскі экспрэс. У 1995 годзе 200 жанчын праехалі 8000 кіламетраў на поездзе з Варшавы праз Брэст і Мінск у Пекін, каб прыняць удзел у 4-й Сусветнай канферэнцыі

ААН па становішчы жанчын. Ініцыятыва была арганізавана Праграмай развіцця ААН. Мяне натхнілі гісторыі тых, хто, падзяляючы каштоўнасці, далучыўся да гэтага поезда. І тады сказаў сабе, што настане дзень, і я зраблю нешта падобнае. У той час я яшчэ не ведаў, чаму экспрэс будзе прысвечаны. Мне падабаюцца паязды, і я быў упэўнены, што, калі мы зможам пераканаць лю­дзей правесці разам некалькі дзён, мы зможам лепш спазнаць адзін аднаго і саміх сябе. Вядома ж, паспяховая рэалізацыя ініцыятывы была б немагчымая без нашых партнёраў: Міністэрства замежных спраў Беларусі, Беларускай чыгункі, шэрагу галіновых міністэрстваў і ўсіх абласных выканаўчых камітэтаў. Я ўдзячны дапамозе спонсараў: СТАА “Мабільныя ТэлеСістэмы”, вытворчаму ўнітарнаму прадпрыемству “Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь”, ААТ “Прыёрбанк”, “Рэнесанс Мінск гатэль”, кампаніі “EPAM Systems”, ААТ “Беларускі народны банк”, кампаніі “Контэ Спа”, святочнаму агенцтву “Event”, студыі падзейнага маркетынгу “BonBon”, кампаніі “Анега”, кандытарскай фабрыцы “Слодыч”, кампаніі “Самсунг”, кампаніі “Soundcafe”, прыватнаму прадпрыемству “Нагеш Імпэкс”, клубу англійскай мовы “Mulberry Club”. Удзячнасць цэламу шэрагу міжнародных агенцтваў і арганізацый, такіх як Шведскае міжнароднае агенцтва супрацоўніцтва для развіцця (СІДА), Фонд Марыі Шарапавай, Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці, Сусветная гандлёвая арганізацыя, пасольства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі, Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Еўрапейскі Саюз, Глабальны фонд па барацьбе з ВІЧ/СНІДам, Глабальны экалагічны фонд, Пасольства Рэспублікі Польшча. Дзякую інфармацыйным партнёрам. І, безумоўна, мы не можам пакінуць без увагі нашых валанцёраў і студэнтаў, якія ўнеслі вялікі ўклад у падрыхтоўку і рэалізацыю акцыі “Экспрэс ААН-70 у Беларусі”.

— Як правіла, мерапрыемствы ААН — семінары, трэнінгі — праводзяцца ў Мінску. Чаму ў гэты раз вырашылі адправіцца ў рэгіёны?

 — Місія “Экспрэс ААН-70 у Беларусі для Мэт устойлівага развіцця” заключалася ў тым, каб сабраць актывістаў разам і даць ім магчымасць пагаварыць адзін з адным. З улікам таго, што людзі, якіх мы хацелі прыцягнуць да ўдзелу ў гэтай акцыі, былі абсалютна рознымі, я першапачаткова ведаў, што ў некаторых з іх ніколі не будзе шанцу нават пагаварыць адзін з адным, не кажучы ўжо пра блізкае знаёмства. Акрамя таго, нашай мэтай таксама з’яўлялася набліжэнне ААН і МУР да жыхароў у іншых гарадах Беларусі, акрамя яе сталіцы. Бо Мэты ўстойлівага развіцця былі вызначаны шырокай супольнасцю, а не толькі экспертамі і палітыкамі. Увесь свет дапамагаў сфармуляваць гэтыя мэты праз правядзенне вялікай колькасці інтэрв’ю і апытання “Мой Свет”, у рамках якога людзі самі вызначалі, у якім свеце яны б хацелі жыць у 2030 годзе. Больш за 15000 чалавек з Беларусі прынялі ўдзел у гэтых інтэрв’ю і апытанні. Калі мы хочам дасягнуць гэтых мэт, то павінны працаваць усе разам, а не толькі ўрады і міжнародныя арганізацыі. Вось чаму было важна абмеркаваць з людзьмі па ўсёй Беларусі спосабы вырашэння гэтай глабальнай задачы.

— І хто браў удзел у вашых мерапрыемствах падчас руху экспрэса ад аднаго абласнога цэнтра да іншага?

— Тысячы ўдзельнікаў больш як з 40 краін. Старт усёй ініцыятыве быў да­дзены Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь падчас пасадкі Дрэва міру і ўстойлівага развіцця ў гонар 70-годдзя ААН. Прэзідэнт таксама прыняў удзел у цырымоніі падпісання Рамачнай праграмы ААН па аказанні дапамогі Рэспубліцы Беларусь у мэтах развіцця на бліжэйшыя пяць гадоў. Акрамя таго, у гэтым сапраўды гістарычным падарожжы прынялі ўдзел міністры ды іншыя прадстаўнікі дзяржаўных органаў, парламентарыі, губернатары ўсіх абласцей, больш за 100 грамадскіх арганізацый, больш за 25 партнёраў з прыватнага сектара, больш за 30 пасольстваў, студэнты, журналісты, лідары ўсіх рэлігійных канфесій, прадстаўнікі адметных груп насельніцтва: людзі з інваліднасцю, людзі, якія жывуць з ВІЧ, ахвяры дамашняга насілля і гандлю людзьмі, моладзь групы рызыкі, бежанцы і ўнутрана перамешчаныя асобы (УПА), а таксама звыш 240 супрацоўнікаў агенцтваў ААН, уключаючы Спецыяльнага пасланніка Генеральнага сакратара ААН па справах моладзі.

— Што далей? Якія новыя крокі будуць прадпрымацца пасля завяршэння акцыі “Экспрэс ААН-70 у Беларусі для Мэт устойлівага развіцця”?

— Мы павінны ўзяцца за выкананне тых абяцанняў, якія далі самім сабе і адзін аднаму. У кожным горадзе мы задакументавалі вялікую частку сказанага пра канкрэтныя праблемы і магчымасці, якія датычацца розных мэт развіцця. Акрамя таго, губернатарам кожнай вобласці было падпісана абавязацельства па сумеснай рабоце з ААН для дасягнення гэтых мэт да 2030 года. У хуткім часе пройдзе канферэнцыя, на якой мы выкладзем дзяржаўным чыноўнікам усіх узроўняў погляды насельніцтва Беларусі і, грунтуючыся на водгуках удзельнікаў ініцыятывы, старанным чынам прааналізуем, што павінна быць скарэктавана ў праграмах, якія рэалізуюцца дзяржавай і Урадам. У той жа час, мы будзем падтрымліваць Беларусь у стварэнні нацыянальнага механізма маніторынгу прагрэсу ў рэалізацыі МУР. У яго ўвойдзе інтэрактыўны механізм прыцягнення грамадскасці для таго, каб грамадзяне маглі ў поўнай меры ўдзельнічаць у развіцці сваіх супольнасцяў і краіны. Поезд быў усяго толькі пачаткам!

Віктар Міхайлаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter