У Беларусі будзе створаны рэстаўрацыйны савет з гісторыкаў, архітэктараў, канструктараў, археолагаў

Марудна, але слушна

Многа гэта ці мала — трыста тысяч долараў? Як для кошту кватэры, дык і занадта. А як для выдзеленай на год сумы для рэстаўрацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей па ўсёй краіне — капейкі. Але ж менавіта такая лічба была агучана нядаўна Міністэрствам культуры: “На фінансаванне работ па рэстаўрацыі і аднаўленні гісторыка-культурных каштоўнасцей камунальнай уласнасці за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў 2016 годзе выдзелена 602 307,4 рубля, з якіх асвоена 484 801,2”.

Улічваючы, што Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі сёння ўключае больш за 5,5 тысячы аб’ектаў, сума сапраўды невялікая. Да прыкладу, на рэстаўрацыю Гроба Гасподняга ў Іерусаліме збіраюцца патраціць каля 4 мільёнаў долараў! А тут столькі аб’ектаў. Вядома, ізраільскі праект фінансуецца не з адной крыніцы — з розных дабрачынных фондаў і ахвяраванняў некалькіх канфесій. Але трэба сказаць, што і ў нас рэспубліканскі бюджэт — не адзіны фінансавы памагаты ў справе рэстаўрацыі культурных здабыткаў. Падцягваюцца і мясцовыя органы, і замежныя інвестары. Праўда, апошніх становіцца ўсё цяжэй завабіць на беларускія “руіны” — набыццё нават самай убогай сядзібы цягне за сабой цэлы шэраг абавязацельстваў.

Тым не менш праца па аднаўленні нашых гісторыка-культурных каштоўнасцей хаця і павольна, але ідзе. Мяркуецца, што да 2020 года доля рэстаўрыраваных помнікаў архітэктуры складзе трэць ад агульнай колькасці аб’ектаў, якія ўваходзяць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны (сёння рэстаўрыравана 15%). У буйных гарадах сітуацыя больш прывабная — у Мінску, да прыкладу, рэстаўрыравана амаль 80% гістарычнага цэнтра. Але справа нават не ў лічбах.

Чарговы раз пабываўшы ў Вільнюсе і прагуляўшыся па вулачках знакамітага Старога горада, дзе праз адзін стаяць гістарычныя будынкі з вокнамі, забітымі дошкамі, бы хлеўчукі ў закінутых вёсках, і тынкоўкай, якой амаль не засталося на сценах, упэўнілася, што ў нас не ўсё так дрэнна. Калі там ты адчуваеш, што гісторыя знікае на вачах, то ў нас — што яна, наадварот, адраджаецца. Пацвярджаюць гэта і распіяраныя Мірскі і Нясвіжскі замкі, і менш вядомыя Пружанскі палац і палац Агінскага ў Залессі, дзе, як і сотні гадоў таму, зноў грае музыка і ладзяцца балі. Ды і проста гуляючы ў цэнтрах беларускіх гарадоў, ты не ўбачыш нядбайна кінутыя, сіратлівыя культурныя аб’екты. Як правіла, за будынкамі з шыльдачкамі “гісторыка-культурная каштоўнасць” пільна сочаць. З’яўляюцца сродкі — іх стараюцца рэаніміраваць.

Важны момант — не згубіць час і ўдыхнуць у гэтыя будынкі жыццё, каб не было позна. Да прыкладу, Гальшанскі замак, які з гадамі быў папросту расцяганы на цагліны, на жаль, дачакаўся толькі кансервацыі. Але спяшацца і рабіць абы як таксама няварта. Вельмі часта якасць рэстаўрацыі выклікае справядлівыя нараканні. Каб такое не здаралася, у краіне вырашана стварыць рэстаўрацыйны савет з гісторыкаў, архітэктараў, канструктараў, археолагаў. Ён будзе сачыць за аднаўленчымі работамі і папярэджваць выпадкі нанясення шкоды гісторыка-культурнай спадчыне. Гэта можа сведчыць пра наступнае: дзяржава сапраўды зацікаўлена ў тым, каб наша гісторыя ажывала на вачах і радавала сваіх нашчадкаў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter