Расповед пра лесніка з Глыбоцкага раёна, які двойчы сустракаўся ў Патсдаме з палкаводцам Жукавым

Маршал сяржанта зразумеў

Неяк даведаўся, што наш зямляк, жыхар Глыбоцкага раёна Фёдар Сцяпанавіч Шынкевіч, двойчы сустракаўся з Маршалам Савецкага Саюза Георгіем Жукавым пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, гэта было у час Патсдамскай канферэнцыі, на якой кіраўнікі трох краін антыгітлераўскай кааліцыі (СССР, Амерыкі і Англіі) у Другой Сусветнай вайне вызначалі крокі па пасляваеннаму ўладкаванню Еўропы.  Вядома ж, захацелася распавесці чытачу пра тое, якім чынам сяржант, па прафесіі хлебароб, змог не толькі спаткацца з самім Маршалам Перамогі, але яшчэ аб нечым з ім пагаварыць.

Узяўся наводзіць даведкі і неўзабаве  быў расчараваны: ветэран вайны Фёдар Шынкевіч, які жыў у вёсцы Залессе і працаваў да пенсіі ляснічым у мясцовым Узрэцкім лясніцтве, пайшоў з жыцця амаль 10 год таму. У пакінутай хаце цяпер нікога няма. Улетку прыязджаюць ягоныя дзеці, каб навесці парадак, вырасціць тое-сёе на градках, прыбрацца на могілках.

Фёдар ШЫНКЕВІЧ з жонкай Антанінай, дачкой Зояй, сынам Фёдарам інявесткай Наталляй падчас свайго 80-гадовага юбілею

Пазнаёміў з гэтай гісторыяй супрацоўніка Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея Аляксандра Хайноўскага. Ён абнадзеіў:

— Нічога не страчана! Мы яшчэ паўтара дзясяткі ці болей гадоў таму заўважылі, што ветэраны вайны, наш скарб, адыходзяць  назаўсёды... Вырашылі запісаць іх успаміны на відэакасеты. Наведалі 30 ветэранаў. Не прамінулі і Фёдара Сцяпанавіча Шынкевіча.

Неўзабаве была знойдзена тая самая відэакасета, уключана адпаведная апаратура, і на экране манітора з’явіўся сам Фёдар Шынкевіч. На пінжаку — ордэн Вялікай Айчыннай вайны, медаль “За адвагу”...

Галасуй, Ганс, за камуністаў 

— Калі пачалася Вялікая Айчынная, мне было пятнаццаць год. Жылі мы тады на хутары ля вёскі Пялеўшчына, што на Глыбоччыне.  Нас выпраўлялі немцы на розныя работы: на расчыстку дарогі Глыбокае—Полацк, а то яшчэ вазіць дровы ці сена на базу ў  Глыбокае. Нарад даваў стараста. І вось выпала мая чарга. З размоў вяскоўцаў ведаў: там вельмі благі акупант-прыёмшчык. Перш чым прыняць тавар, ён агрэе палкай возчыка, а потым каня. Я даставіў сена і вырашыў, каб не схапіць удар, схітрыць: стаў злева. То фашыст гэты так азвярэў, што ўлупіў па мне палкай ажно тры разы...

Фёдар ШЫНКЕВІЧ (справа)

Наведваліся ў нашу вёску і немцы, і партызаны. Даводзілася дзяліцца сялянскім скарбам і з тымі, і з другімі.  А куды было падзецца?

У 1944 годзе, калі прыйшлі савецкія салдаты, мяне прызвалі ў армію. Спачатку ў запасны полк, а потым Польшчу вызваляць. Віслу фарсіравалі. І з дзясятак метраў не праплылі, як трапілі пад шквальны артылерыйскі абстрэл, плыт наш перакуліўся. Я бухнуўся ў ледзяную ваду (мароз быў градусаў пад пятнаццаць), атрымаў асколачнае раненне ў галаву і ўсё ж нейкім цудам уратаваўся. Рота наша панесла вельмі значныя страты: недалічыліся 60 баявых сяброў. Нас адправілі ў тыл, на перафарміраванне. Варшава ляжала ў руінах. Я ніводнага цэлага дома не бачыў.  Палякі кажуць, што загінуў кожны чацвёрты жыхар.

Пасля перафарміравання ступілі на нямецкую зямлю. Мы ішлі кіламетраў трыццаць па Германіі і не бачылі ніводнага цывільнага немца. Яны ўцякалі, бо думалі, што будзем біць, паліць, рабаваць, як і яны ў нас. Аднак паступіў строгі загад насельніцтва не чапаць.

Пасля капітуляцыі Германіі мы таксама павінны былі паказваць прыклад па падтрыманні парадку. Памятаю, у  Берліне гэта было: сеў я на веласіпед і пру. А да гэтага на ім  ніколі не ездзіў. Тым больш пра вулічныя правілы нічога не ведаў. Раптам ззаду свісткі, шум. Даганяе нямецкі паліцэйскі:

— Чаго парушаеш правілы?

Пацягнулі ў нашу камендатуру. А нашы  як разбіраліся?  Далі суткі.

Мне потым давялося з немцамі працаваць на іх тэрыторы. Адносіны былі добрыя. Нянавісці не было. Адчувалася, што яны —  пераможаныя. Вось, да прыкладу, цэлыя паўгода, а можа і больш, жыў я ў Патсдаме ў Ганса, які паспеў паваяваць пад Сталінградам. Яго жонка гатавала нам. Дастане бутэльку, распіваем  мірна.  Гутарым  пра палітыку. У 1946 годзе ў іх выбары былі. Я навучаю яго: 

— Ты ж, Ганс, за  камуністаў галасуй!

Прыходзіць з выбараў.

— Ну як? – пытаюся.

— Прагаласаваў за камуністаў!

Можа, і праўда не зманіў, бо рабочым быў.

«Нядрэнна ўладкаваўся»

— З Патсдамам звязаны і мае дзве незабыўныя сустрэчы, пра якія хачу расказаць больш падрабязна.  Давялося несці ахоўную службу на вядомай усяму свету Патсдамскай канферэнцыі.

Патсдам ад Берліна кіламетраў за трыццаць. Дакладна не магу сказаць. Там, дзе канферэнцыя праходзіла, быў нейкі палац.  Я там быў шмат разоў у пакоі, дзе афармлялі пропускі.  Ну, першы раз сустрэча з Жукавым адбылася так. Выклікае мяне камандзір часці і кажа:

— Слухай, Федзя! Жукаў прыедзе.  Каб як гадзіннік была ахова. Дакументы сам будзеш правяраць.

—  Я баюся, — гавару. — Уявіце, гэта ж Маршал.

— Нічога страшнага. Перажывеш! – супакойвае.

Назаўтра едуць. Дзве машыны ідуць. Нашы ці нямецкія – не магу сказаць. Спыніліся. Я патрабую пропуск. А вадзіцель мне:

— Ты што, не бачыш, гэта ж Маршал Жукаў.

— Пропуск, пропуск! — паўтараю я  машынальна.

— Пакажыце пропуск! — уладарна падаў голас з машыны Жукаў.

Вадзіцель  падаў. Я нават не прачытаў, што там напісана. Думаю, хоць бы вы хутчэй ад’ехалі...

Была і другая сустрэча ў Патсдаме з Маршалам Жукавым, якая для мяне магла закончыцца ў лепшым выпадку гаўптвахтай.  Мяне часта накіроўвалі ў канцылярыю, дзе пропускі выдавалі. Там маёр сядзеў.  Хамяк яго прозвішча.  І памру – буду памятаць, хаця чалавек ён харошы, добразычлівы быў.  І вось аднойчы накіроўваюся да яго, ажно чэшуць па калідоры насустрач генералы. Чалавек пяць. Першы – Жукаў. Я ўтрапеў адразу, бо ў мяне была парушана форма: замест сяржанцкай апрануў афіцэрскую. “Хоць бы пранесла”, — засвірчэла ў галаве. Але працэсія запаволіла ля мяне ход. Жукаў, відаць, быў у нядрэнным настроі, запытаў даволі лагодна:

— Дзе служыш?

Далажыў.

— Малайчына! – пахваліў. — Нядрэнна ўладкаваўся. 

У свіце пачуўся смех. Ну, думаю, прапаў.

А Жукаў патлумачыў суправаджаючым:

— Нашага салдата, сяржанта і афіцэра толькі па пагонах і можна адрозніць.

І ні слова больш.

Першым маім памкненнем было пайсці і далажыць свайму камандзіру аб здарэнні. “Але ж Маршал нічога не сказаў наконт гэтага, — паразважаў я. – Дык чаго сам сябе на гаўптвахту буду садзіць?” Так і абышлося.

А  Георгій Жукаў, па маіх уражаннях, быў энергічны і  просты. Да салдатаў ставіўся вельмі добразычліва. Найперш пытаўся у іх: “Кормяць як? Ці даюць курыць?”  Калі скажуць “не”, абураецца і адразу да афіцэраў: “Чаму?! Салдат павінен быць забяспечаны!” Да афіцэраў жа быў строгі.

У 1946 годзе  я прыязджаў дахаты ў водпуск. Бедната была страшэнная. Некаторыя хлеба не мелі.  Нам у арміі было нашмат лягчэй. Нас кармілі лепш, апраналі.  І ўсё ж пасля дэмабілізацыі, а гэта было ў 1950 годзе, я вярнуўся ў сваю вёску, на сваю радзіму, каб раздзяліць з яе людзьмі ўсе нягоды, выкараскацца з галечы.

Ляснік і моднік

Канечне, хацелася даведацца і пра тое, як склаўся лёс Фёдара Шынкевіча пасля вайны, у мірны час. Вядома было, што ён ажаніўся з мясцовай настаўніцай Антанінай Еўдакімаўнай, з якой мірна і ладна пражыў больш паўвека, і вывеў, як кажуць, у людзі траіх дзяцей.  Сын, таксама Фёдар, працаваў інжынерам-электрыкам  у СПК “Сінькі” на Гродзеншчыне, і там жа цяпер жыве. Дзве дачкі, Зоя і Таццяна, у Мінску. Першая – урач, а другая – гісторык. Жонка Фёдара-сына, Наталля, паведаміла, што больш за ўсіх можа расказаць менавіта Таццяна, бо яна збірала адпаведны матэрыял.

Таццяна Ходзіна, такое цяпер носіць прозвішча, выкладае ў ліцэі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яна адгукнулася на просьбу.

Ад яе даведаўся, што Фёдар Сцяпанавіч Шынкевіч пасля вайны нядоўгі  час працаваў страхавым агентам. Будаваў дом у Залессі, вельмі цяжка гэта давалася яму, бо не хапала сродкаў. Стаў лесніком у мясцовым Узрэцкім лясніцтве, пра што марыў яшчэ ў дзяцінстве, а потым — і ляснічым. 

Імкнуўся да ведаў. У 50 год  скончыў Полацкі лясны тэхнікум, і, як прыгадвае Таццяна, у адзін дзень адзначалі  паўвекавы юбілей бацькі і – дыплом!

Лес любіў. Яшчэ калі жылі да вайны на хутары і мелі 9 гектараў уласнай зямлі, выпрасіў у бацькі дазвол пасадзіць 240 елачак. Праз дзясяткі год паехаў “наведаць” іх і ўбачыў на тым месцы штучнае возера. І ўсё ж адзін астравок з яго ўжо “дарослымі” елкамі захаваўся.

Любіў сад. Не даваў нават галінкі абразаць з яблынь. Маўляў, дрэву баліць...

 Унучкам, а ў яго іх трое, прывіваў павагу да нашага мінулага, да сям’і, да сваёй зямлі, Радзімы.

 У восемдзесят год яшчэ хадзіў на паляванне, нягледзячы на просьбы родных пабыць дома, адпачыць.

Запаветнай марай было ў яго яшчэ раз пабываць у Берліне, ля рэйхстага, на якім распісаўся сам і за свайго загінуўшага сябра.

— Тата, ты там нічога не ўбачыш. Там усё затынкавана, — адгаварылі яго дзеці, клапоцячыся больш пра здароўе бацькі.

Любімай яго кнігай былі ўспаміны Жукава.

Напрыканцы нашай размовы задаў Таццяне пытанне: як здарылася, што такі адказны  і дысцыплінаваны чалавек, як іх бацька, у час візіту на канферэнцыю ў Патсдам Жукава апрануў афіцэрскую форму?

— О, наш бацька быў вялікі моднік, — узгадала яна. — Любіў пафарсіць перад дзяўчатамі. А канкрэтна тады сваю сяржанцкую  форму ён памыў і павесіў сушыць. Вось і вымушаны быў апрануць афіцэрскую...

saulich@bk.ru

Фота з архіва сям'і Шынкевічаў і музея Залесскай школы
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter