Сем тысяч кубічных метраў пяску першага класа — мінскія пляжы гатовы да купальнага сезона

Марш на пляж

Доўгачаканыя сонечныя дні — самы час расчахляць шампуры, закупляцца вуглямі і рушыць у бок абсталяваных зон адпачынку на пляжах. У Мінску іх пяць — на вадасховішчах Заслаўскае, Цнянскае, Дразды і Крыніца, а таксама на Камсамольскім возеры. Усе ўкамплектаваны неабходным абсталяваннем для камфортнага адпачынку гараджан.

Актыўныя пенсіянеры займаюцца ля вадасховішча скандынаўскай хадой.

Па выхадных на Цнянскім вадасховішчы заўсёды аншлаг. Людзі купаюцца, смажаць шашлыкі, загараюць... Інфраструктура спрыяе камфортнаму адпачынку. На пляжы № 1 з'явілася пяць новых зручных кабінак для пераапранання з лаўкай і перакладзінай для рэчаў унутры. Наогул з кожным годам зоны адпачынку ля вадаёмаў становяцца ўсё больш добраўпарадкаванымі: дадаюцца спартыўнае і дзіцячае абсталяванне. Гэты год не стаў выключэннем. Усе трэнажоры антывандальныя.

Яшчэ адзін плюс — пасля рэканструкцыі каля Цнянскага вадасховішча пашырылася паркоўка для аўтамабіляў адпачывальнікаў. І ўсё ж знаходзяцца тыя, хто жадае пад'ехаць на асабістым транспарце ледзь не да самай вады. Імі займаюцца ДАІ і эколагі.

Разам з чатырохногім сябрам бегаць значна прыемней.

— Паркавацца можна не бліжэй за трыццаць метраў ад урэзку вады. За парушэнне — штраф да 10 базавых велічынь, — начальнік аддзела аператыўнага кантролю па Заводскім, Кастрычніцкім, Савецкім раёнах Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрый Шунькін папярэджвае вадзіцеля сіняй Skoda, які сабраўся праехаць пад знак «стоп».

Каб да вады не пад’язджалі па прасёлачных дарогах, на ўездах у лес вакол вадаёма ўстанавілі загараджальныя прыстасаванні. Разам з Дзмітрыем Шунькіным аб'язджаем вадасховішча і пераконваемся: усе шлагбаўмы на месцы.

На шашлычным дворыку вы начыста забудзецеся пра ўсе дыеты

Найбольшае стоўпатварэнне назіраем на шашлычным дворыку. Водар тут стаіць — захістаешся! Шашлычную зону ў гэтым сезоне, да слова, істотна пашырылі. Тут з'явіліся дзве дадатковыя металічныя альтанкі з драўлянымі сталамі і лаўкамі. Побач з імі навюткія мангалы. Усяго на гарадскіх пляжах іх налічваецца больш за сотню. Зону пікніка плануюць і далей пашыраць, бо яна карыстаецца ў гараджан попытам. У яе папулярнасці мы пераканаліся на свае вочы. Прыбылі да яе каля адзінаццатай гадзіны раніцы, а частка альтанак ужо занятая. На некаторых прымацаваныя аркушы з просьбамі не прэтэндаваць на гэтае месца.

Пад'язджаем да адной з альтанак побач з дзіцячай гульнявой пляцоўкай — вакол тры вогнішчы. Між тым за распальванне вогнішчаў у неналежных месцах прадугледжаны штраф да 12 базавых велічынь. Менавіта аб гэтым папярэджваем сямейную пару з двума дзецьмі, якая развяла вогнішча ў лесе непадалёк ад пляжа.

Супрацоўнікі Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пільна сочаць, каб адпачывальнікі не смецілі.

— Тут да нас вогнішча палілі. Падумалі, што можна, — апраўдваюцца адпачывальнікі, спешна заліваючы агонь вадой.

Дарэчы, само вогнішча разведзена па правілах — яно абкладзена камянямі і на паўтара метра з усіх бакоў абсыпана пяском.

Пакідаем машыну і далей рушым пешшу. Праходзім выратавальную станцыю каля самага маста. Побач вялікая папераджальная шыльда: «Скакаць з маста і купацца ў канале забаронена... Штраф ад 1 да 3 базавых велічынь». Тым не менш ратавальнікі не сумняваюцца: аматары выпрабаваць удачу знойдуцца. Таму на прычале стаіць лодка, гатовая пры неабходнасці падняць з вады таго, хто пачне тануць. Насустрач нам ідзе атрад міліцыі асобага прызначэння — патрулююць пляжы кругласутачна, сочаць, каб нецвярозыя не парушалі спакой адпачывальнікаў. Штраф да 15 базавых велічынь за распіванне алкаголю ў грамадскім месцы ніхто не адмяняў.

Купальны сезон звычайна пачынаецца 1 чэрвеня і заканчваецца 31 жніўня, але першыя купальшчыкі былі яшчэ ў маі.

Заўважаем у вадзе першых купальшчыкаў. Па даных сіноптыкаў, зараз вада ў вадаёмах краіны прагрэлася да 13—19 градусаў. Перад стартам купальнага сезона спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы правялі лабараторныя даследаванні вады. Прэтэнзій да яе якасці не маюць. Аднак на працягу ўсяго перыяду масавага купання спецыялісты будуць рэгулярна адбіраць пробы вады для правядзення даследаванняў. Уся інфармацыя будзе аператыўна размяшчацца на сайце Рэспубліканскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

 Праводзім рэйды кожныя выхадныя і ў святочныя дні. У цэлым парадак наведзены. Як паказвае практыка, асноўныя парушэнні ў зонах адпачынку — стаянка паблізу берагавой лініі, развядзенне вогнішчаў у неналежных месцах і несвоечасовы вываз адходаў, — пералічыў Дзмітрый Шунькін.

Пад'язджаем да адной з альтанак побач з дзіцячай гульнявой пляцоўкай — вакол тры вогнішчы, якія нехта нядаўна паліў.

Дарэчы, пра адходы. У месцах масавага адпачынку ўстаноўлены 49 біятуалетаў і больш за 270 еўракантэйнераў для паасобнага збору смецця. Закупілі смеццявоз з задняй загрузкай для абслугоўвання такіх тэрыторый. А ў хуткім часе па пясчаных пляжах пачне курсіраваць спецыяльная машына для ўборкі і прасейвання пяску. Італьянская цуда-тэхніка коштам каля 18 тысяч рублёў з'явіцца ў камунальнікаў ужо ў чэрвені. Навясны агрэгат, які будзе мацавацца да міні-трактара, прызначаны для рыхлення і прасейвання пяску, а таксама ачысткі яго ад дробнага смецця. Тэхніка будзе працаваць на ўсіх пясчаных пляжах Цнянскага і Заслаўскага вадасховішчаў.

Адпачывальнікі спешна заліваюць агонь вадой — за распальванне вогнішчаў у неналежных месцах прадугледжаны штраф да 12 базавых
велічынь.
Дарэчы, гараджанам абяцаюць, што адпачываць на пяску ля вады гэтым летам стане больш прыемна. На пляжах ужо практычна скончылі падсыпку пяску. У агульнай колькасці на мінскія пляжы з кар'ераў Лагойскага раёна даставілі 7 тысяч кубічных метраў пяску першага класа.

gorbatenko_inna@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter