Хваляваннi, сэлфi i дождж — як у Мiнску рэпецiравалi парад

Марш, марш левай!

Лье дождж, а мінакі і тыя, хто прынцыпова прыйшоў на першую генеральную рэпетыцыю парада да Дня Незалежнасці на праспекце Машэрава ў Мінску, усміхаюцца і фатаграфуюць кожны момант. Разам з імі за падзеямі назірала і карэспандэнт «Р».

Апошняя генеральная рэпетыцыя пройдзе 28 чэрвеня.

Нягледзячы на дажджлівае надвор'е, прагон атрымаўся. Удзельнічалі ў ім механізаваныя і пешыя калоны. Авіяцыя трэніравалася на базах сваіх воінскіх часцей, на аэрадроме Мачулішчы. Верталёты, ваенна-транспартныя самалёты, знішчальнікі... Ух, у небе будзе горача 3 ліпеня! Упершыню ў гэтым годзе сваё майстэрства пакажуць і лётчыкі МНС і ДТСААФ. Удзельнічаць у нашым парадзе будуць верталёты Ка-52, самалёты Су-34 і Су-27 Паветрана-касмічных сіл Расіі. Яны ўжо прызямліліся на аэрадром і адпрацоўваюць дзеянні ў паветраным эшалоне. 

Усяго ў парадзе будуць удзельнічаць шэсць тысяч чалавек і 500 адзінак тэхнікі. Парадную механізаваную калону адкрые легендарная тэхніка — танк Т-34-85. Пасля «прамаршыруюць» браніраваныя машыны, зенітныя ракетныя комплексы, сістэмы залпавага агню, артылерыйскія ўстаноўкі. Што з навінак? Браніраваныя машыны «Кайман», V1 М3КЦ-49100, радыёрэлейныя станцыі, мабільныя зенітныя артылерыйскія комплексы 2К20 «Зеніт», а таксама выратавальная тэхніка і медыцынская. Завершыцца парад плац-канцэртам улюбёнцаў дам — роты ганаровай варты, а таксама выступленнем зводнага ваеннага аркестра Узброеных Сіл. 

Гвардыі радавы Вячаслаў Нячупер, які будзе на парадзе весці БТР-80, дзеліцца ўражаннямі. Малады хлопец з Віцебска ўдзельнічае ў парадзе ўпершыню і, вядома, не можа ўтойваць свайго хвалявання:

— У нас быў вельмі жорсткі адбор сярод кіроўцаў БТР-80. Я прабіўся: веданне тэхнікі, практычныя навыкі кіравання — усё адпавядала. Некалькі месяцаў мы трэніраваліся. Упэўнены, выступім добра!


Каля музея Вялікай Айчыннай вайны «лётаюць» карабіны і шашкі. Гэта рота ганаровай варты трэніруецца. Падыдзем бліжэй.

— Прыгожа робім? Дзякуй! Стараемся, — усміхаецца Мацвей Гараўцоў, стралок другога ўзвода другога аддзялення роты ганаровай варты. Ён, дарэчы, віртуоз, і назвалі яго так невыпадкова. Праграма ў яго і таварышаў адна з самых незвычайных і складаных. — Усяго нас будзе шэсць віртуозаў з шашкамі. Ці былі раненні на трэніроўках? Былі. Вось драпіны на адной руцэ, вось на другой. Але гэта нічога. 

А вунь стаіць «каробка» курсантаў агульнавайсковага факультэта Ваеннай акадэміі. У гэтым годзе яны не толькі апрануць форму франтавікоў, але таксама надзенуць і ўзнагароды сваіх продкаў, якія прайшлі вайну. Усе яны ў касках, плашч-палатках, франтавой форме, з пісталетамі-кулямётамі Шпагіна. З кім бы з іх пагаварыць? Падыходзіць курсант Сяргей Смолік:

— Для мяне гэта вельмі ганарова — знаходзіцца ў гэтым страі, дзе я прадстаўляю салдата Вялікай Перамогі, які, не шкадуючы сіл, свайго жыцця, змагаўся за свабоду і незалежнасць нашай краіны. У парадзе я — гэта мой прадзед Міхаіл Іосіфавіч Жданюк, які прапаў без вестак у час вайны. У архівах наша сям'я даведалася, што ён дайшоў да Берліна, быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступені, медалямі «За абарону Масквы» і «За адвагу». Як усё было, што з ім сталася — невядома, але памяць пра яго будзе жыць. Медалі, якія перадала мне бабуля, будуць у Дзень Незалежнасці на маіх грудзях — мой прадзед нібыта будзе на парадзе ў мірным 2017-м.


Упершыню ў парадзе будзе таксама ўдзельнічаць парадны разлік войскаў тэрытарыяльнай абароны. Старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец з гонарам паказвае на «каробку» са 180 чалавек з аўтаматамі, мінамётамі, кулямётамі:

— На рэпетыцыі мы ў рабочай форме, але на парадзе будзем пры парадзе. Тут нашы самыя лепшыя вайскоўцы — мы абвясцілі мабілізацыю вайскоўцаў у запасе, каля 400 чалавек, і адабралі самых-самых.

Пакуль на рэпетыцыі адбіваецца страявы крок, знаёмлюся з гледачамі. Чаму прыйшлі сёння? Сям'я Царовых — мама Аксана, тата Андрэй і іх чатырохгадовы сын Вова — прыходзіць кожны год на парад. У гэты раз вырашылі наведаць яшчэ і рэпетыцыю:

— Я служыў у 120-й дывізіі, быў камбатам у асобным гаўбічным самаходным артылерыйскім дывізіёне. Даслужыўся да капітана. Ужо 15 гадоў не на службе. Але прыйшоў паглядзець на нашых хлопцаў, панастальгіраваць. Я ў парадзе 10 разоў удзельнічаў: 6 разоў у пешай калоне і 4 разы на тэхніцы. Трэцяга ліпеня мы сюды таксама прыйдзем.

Між іншым, каля станцыі метро «Маскоўская» да рэпетыцыі парада адбылося ДТП з танкам Т-72Б. Ён урэзаўся ў ліхтарны слуп. Расследаванне інцыдэнту праводзіцца і цяпер: пакуль асноўнай прычынай аварыі называюцца складаныя ўмовы надвор'я і дарогі. Ніхто ў той аварыі не пацярпеў, а танк атрымаў нязначныя механічныя пашкоджанні, але ўсё ж у парадзе ўдзельнічаць ён не будзе. У Міністэрстве абароны запэўнілі: на парадзе падобнае здарэнне выключана. Тэхніка перад трыбунамі ідзе з хуткасцю каля 20 км/г, што выключае магчымасць падобных інцыдэнтаў.

alinakasel@gmail.com

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter