У клінікі пачалі паступаць першыя пацыенты з адмарожваннямі

Мароз з боку прыпёк

Снежань—люты — пік адма­рожванняў. У мінулым годзе ў БХМД за зіму паступіла больш за 15 чалавек з паверхневымі і глыбокімі адмарожваннямі. У гэтым го­дзе маразы запазніліся. Хваля холаду, што накрыла краіну, можа вы­клікаць чарговы паток пацыентаў. 


Аб тым, як не змерзнуць у сцюжу, карэспандэнту «Р» расказаў загадчык апёкавага аддзялення бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска Уладзімір Лешчанка.

— Адмарожванне — гэта пашкоджанне тканак, выкліканае ўздзеяннем нізкай тэмпературы, — расказвае Уладзімір Цімафеевіч. — Акрамя таго, людзі часта атрымліваюць агульнае пераахаладжэнне. Стан звязаны з рэзкім паніжэннем тэмпературы цела. 

— Што спрыяе адмарожванню? 

— Лёгкі цесны абутак і такое ж адзенне запавольваюць кровазварот. Адсутнасць рухальнай актыўнасці, алкагольнае ап'яненне, цяжкія захворванні, неўралагічныя, псі­хічныя, хваробы сасудаў канечнасцей, цукровы дыябет, раней перанесенае адмарожванне — усё гэта фактары рызыкі пры нізкай тэмпературы за акном. Выпадкі паўторнага адмарожвання сустракаюцца нячаста. У апошнія гады колькасць пацыентаў з халадовай траўмай рэзка скарацілася. Надвор'е не было такім суровым, ды і прафілактычная інфармацыя падзей­нічала. 

— Як жа засцерагчы сябе ў моцны мароз? 

— Абуваць свабодныя боты на тоўстай падэшве. Пажадана з натуральных матэрыялаў. Рукі хаваць у рукавіцы. Калі ў пальчаткі, то ўцепленыя. Абавязкова трэба насіць шапку. 

Атрымаць адмарожванне адкрытых участкаў досыць лёгка. Людзі з захворваннямі могуць не адчуць, як пачалося пераахаладжэнне. Таму трэба вельмі цёпла апранацца. Дзяцей у такое надвор'е выводзіць на вуліцу наогул не рэкамендуецца. 

— Якія першыя сімптомы адмарожвання? 

— Канечнасці халаднеюць і бялеюць. Парушаецца адчувальнасць пальцаў, з'яўляецца адчуванне «мурашак» на твары. Пухіры з вадкасцю з'яўляюцца ўжо пры глыбокім адмарожванні. 

— Што рабіць пры першых прыкметах? 



— Зайсці ў памяшканне, пагуляць па краме, папіць чаю ці кавы, каб адагрэцца. Небяспечны алкаголь. Ён згушчае кроў. У выніку хуткасць кровазвароту ў канечнасцях зніжаецца, яны хутчэй замярзаюць. У такіх сітуацыях часта пакутуюць людзі працаздольнага ўзросту. Ні ў якім разе нельга расціраць адкрытыя ўчасткі снегам, саграваць рукі і ногі ў гарачай вадзе. Рэзкі перапад тэмпературы стварае пагрозу закупоркі сасудаў і змярцвення ўчасткаў. Калі пальцы анямелі, трэба іх захутаць у цёплую тканіну і звярнуцца ў паліклініку па месцы жыхарства або стацыянар. 

У Мінску спецыялізаваную дапамогу аказваюць у баль­ніцы хуткай дапамогі. На холадзе трэба рухацца. Звяртаю ўвагу, што важна ранняя дапамога пры адмарожванні, інакш узнікае пагроза тромбаў, далей развіваецца гангрэна, а затым застаецца ампутацыя змярцвелых участкаў.

drug-olya@yandex.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter