Марка маркі

Падзея, што адбылася ў найпрыгажэйшым будынку Гомеля — палацы Румянцавых...

Падзея, што адбылася ў найпрыгажэйшым будынку Гомеля — палацы Румянцавых — Паскевічаў, адметна вызначалася сярод шматлікіх мерапрыемстваў, што праходзілі  ў культурнай сталіцы Беларусі і Садружнасці Незалежных Дзяржаў у рамках Міжнароднага фестывалю харэагра-фічнага мастацтва і Дня горада.

Менавіта гэты ганаровы статус горада прадвызначыў выбар арганізатараў — Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі, РУП «Белпошта» і кіраўніцтва грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз філатэлістаў»: Гомель займеў права прыняць удзельнікаў VII Нацыянальнай выставы — філатэлістаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Азербайджана, Літвы, Германіі. І невыпадкова яе вялікая экспазіцыя, што складаецца з 63 калекцый аматараў паштовай атрыбутыкі  і  разгарнулася ў адной з залаў палаца, адкрываецца раздзелам «Гомельшчына на дзяржаўных знаках паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь».

Увагу знаўцаў філатэліі тут прыцягваюць даволі каштоўныя рарытэты, да якіх, напрыклад, можна аднесці філатэлістычныя матэрыялы дамарачнага перыяду, атрыбутыку авія- і касмічнай пошты, мак-сімафіліі, «Чорны пенні», які пагашаны мальтыйскім крыжам, каляндарны штэмпель Бішопа, датаваны пачаткам XVIII стагоддзя. Не меншы  інтарэс, аднак, і да калекцый «Палявая пошта 1941 — 1945 гадоў», «Лес і чалавек — разам праз вякі» або аднабаковых рэкламна-агітацыйных паштовак. Немалую частку беларускага збору марак, паштовых канвертаў і картак, дарэчы,  прадставілі вядомыя беларускія філатэлісты Валерый Андраюк і Уладзімір Качан, калекцыі якіх удастоены шматлікіх узнагарод на міжнародных і  нацыянальных выставах. Безумоўна, зоймуць належнае месца ў калекцыях філатэлістаў і музеях паштовай сувязі новыя каштоўныя прадметы. У час адкрыцця выставы прайшла цырымонія спецыяльнага гашэння выпушчаных беларускай поштай  мастацкіх канвертаў з маркай «Гомель — культурная сталіца Беларусі 2011 года»  і «VII Нацыянальная філатэлічная выстава «Белфіла-2011». Гэтую місію ва ўрачыстай абстаноўцы выканалі старшыня Гомельскага гарвыканкама Віктар Піліпец і намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Мікалай Струкаў. Пасля агляду экспазіцый у Белай гасцінай палаца лепшыя філатэлісты атрымалі дыпломы, прызы і памятныя медалі выставы. Яна працягне работу да 9 кастрычніка.

Фота аутора.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter