Маральна-этычныя патрабаванні да падарункаў на вяселлі

Наша сучасная моладзь па-свойму ставіцца да выбару падарункаў маладым, аднак найбольш пашыраным, думаецца, з'яўляецца той варыянт, калі людзі імкнуцца аказаць практычную дапамогу ў наладжванні самастойнай гаспадаркі маладых. Падыход рацыянальны і цалкам абапіраецца на сённяшні вопыт самастойнага існавання новастворанай сям’і. Маўляў, мы ў сваім паўсядзённым жыццці карыстаемся гэтым прадметам, значыць, ён будзе даспадобы і нашым сябрам.

А вось нашы продкі ўкладвалі ў паняцце вясельнага падарунка значна больш шырокі сэнс. Па-першае, каб атрымаць з рук сватоў або саміх маладых кавалак вясельнага каравая (фактычна сваю сямейную долю на перыяд да наступнага вяселля ў сваёй радзіне), неабходна было ўнесці пэўную плату. Хто ж гэта будзе проста так раздаваць «шчасце»! Вось дзеля гэтага маладым і прыносілі падарункі як публічную форму выкупу. Падысці да каравая з пустымі рукамі было недапушчальным. Па-другое, (тое, што пераважае ў нашых сучасных вяселлях) падарункі маладым выконвалі ролю складчыны, або «беларускай сябрыны», якая павінна была дапамагчы маладой пары наладзіць сваю гаспадарку. Па-трэцяе, вясельныя падарункі, як і шматлікія зычэнні-пажаданні, якія гучалі пры ўручэнні падарункаў, мелі пэўную сімволіку. Абавязковай складовай вясельнага падарунка былі грошы, перш за ўсё манеты. Зробленыя з медзі, срэбра або золата, яны “захоўвалі” ў сабе якасці і ўласцівасці тых металаў і праз іх сімвалізавалі шэраг сацыяльных якасцей і каштоўнасцей. Напрыклад, медныя або сярэбраныя манеты асацыіраваліся са здароўем чалавека: «Дару медзі, каб дзеці былі, як мядзведзі»,  яго багаццем і дабрабытам: «Дарую меднымі, каб не былі беднымі”.
У якасці сямейных падарункаў магла быць хатняя жывёла, зямельны надзел, сельскагаспадарчыя прылады працы, прадметы хатняга ўжытку. Аднак да апошняй групы прадметаў існавала некалькі распаўсюджаных патрабаванняў. Катэгарычна забаранялася дарыць вострыя, рэжучыя або колючыя прадметы: нажы, відэльцы, сярпы, сякеры, вілы. Лічылася, што рэжучыя прадметы ўтрымліваюць у сабе здольнасць раздзяляць на часткі, а сям`я ўспрымалася непадзельным цэлым сацыяльным утварэннем; колючыя прадметы маглі справакаваць сямейныя сваркі і непаразуменні.
(Заканчэнне ў наступным нумары.)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter