Марафон за дзіцячым абуткам. Калі зберацеся аддаваць сваё дзіця ў дзіцячы садок, падрыхтуйце... кеды: вас чакае сапраўдны марафон!

Асабліва калі ў вашага сына ці дачкі 23, 26 ці 29-ы памер абутку.

Калі наша сям’я пачала рыхтавацца да таго, каб адправіць сына ў дзіцячы сад, то спачатку акрэсліла план дзеянняў. У галаве закруціліся пытанні: як апрануць, які патрэбен абутак, а ці ёсць на трохгадовае дзіця спецыяльныя шапачка і плаўкі для басейна, дзе іх можна набыць? Вось тут і пачаўся наш марафон.
З адзеннем неяк проста ўсё вырашылася: асартымент у сталічных крамах на любы густ і кашалёк. Шапачку для плавання таксама набылі без клопатаў, а за плаўкі сышлі звычайныя трусікі. Не забылася таксама пра пiжамку, спартыўны касцюм, шкарпэткi, калготкi, насоўкi, верхнюю кофтачку з капюшончыкам.
А вось каб набыць абутак для дзіцяці, давялося добра папсаваць свой асабісты.
Спачатку наведала секцыю дзіцячага абутку аднаго з буйнейшых універмагаў нашага горада і расчаравалася: мадэльны рад 24-га памеру (менавіта такі ў нашага сынулі) не вызначаўся разнастайнасцю, а сезонны абутак быў прадстаўлены 2—3 экземплярамі, якія мала чым паміж сабою адрозніваліся. Хатні абутак і чэшкі — так званы несезонны абутак — увогуле адсутнічалі. Пацікавілася суседнімі палічкамі з абуткам — больш-менш упарадкаваныя, акрамя хіба што 23, 26, 29-га памераў.
— Раскупілі,  — патлумачыла таваравед. — 24-ы памер — самы хадавы. Чакайце прывозу, будзе на наступным тыдні. Ці можаце пад’ехаць у фірменную краму — там павінен быць шырокі асартымент.
Пакуль ехала да крамы, апанавалі думкі... Нельга сказаць, што айчынная прамысловасць, якая займаецца вырабам дзіцячага абутку, неканкурэнтаздольная. І брэнды новыя з’яўляюцца, і мадэльны рад за апошні час значна палепшыўся, і якасць на пэўным узроўні, і фірменныя крамы з’явіліся. Аднак відавочна, што абутку не хапае. Чаму?.. Мой прыпынак.
Але, аглядзеўшыся ў фірменнай краме магілёўскай фабрыкі “ШагаВіта”, надзею купіць патрэбнае я страціла імгненна: дэмiсезонны абутак 24-га памеру быў толькі для дзяўчынак. На хлапчука былі зiмовыя боцiкi, аднак толькi ў адзiным экземпляры. Прадавец-кансультант гэта патлумачыла тым, што 24-ы памер адносіцца да маладзіцячай групы і менавіта ў гэтай групе з’яўляецца самым хадавым — раскупляецца за 2—3 дні.
— Такія хадавыя памеры ёсць і ў ясельнай групе, і ў школьнай. І ў такім выпадку застаецца толькі чакаць новага паступлення тавару,  якое   здараецца  раз  на  ты-дзень, — сказала яна.
Калі ёсць патрэба набыць”несезонны” абутак, які дзеці ў садах і школах носяць у якасці зменнага, то пра яго ўвогуле трэба паклапаціцца загадзя. Таму што, напрыклад, у жніўні ў продажы застаюцца толькі рэшткі, бо на фабрыцы шыецца ўжо зімовы абутак.
Па дарозе да аўтобуснага прыпынку падумала: калі ўлічваць тое, што ўнівермаг можа дазволіць сабе некалькі пастаўшчыкоў, а спецыялізаваная крама разлічвае толькі на свае сілы, дык, напэўна, гэта не самае лепшае месца для пошуку “хадавых” размераў.  Патэлефанаваўшы потым яшчэ і на фабрыку, я пачула пра пікі продажаў, пра тое, што крамы недастаткова працуюць з лагістыкай, што спрагназаваць попыт — даволі складаная рэч.
Каб абуць сына, мне давялося прысвяціць шопінгу яшчэ некалькі дзён. Вось трошкі перадыхну — і буду працягваць свой марафон: засталося набыць зімовыя боцікі, шапачку, куртачку. А там, відаць, будуць чакаць мяне вясновыя, летнія, асеннія марафоны...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter