«Марафон» для паштальёна

ВЯСКОЎЦЫ прачынаюцца рана. Дажджлівым і пахмурным лістападаўскім раннем ляніва цягнуцца ўверх дымы з каміноў, дзвынкаюць аб падойнік струмені сырадою... Гаспадыні абходжваюць сваіх рагуль, кормяць, каб раніцай паспець на працу.

20 кіламетраў пераадольвае штодзённа паштальён Варнянскага аддзялення паштовай сувязі Астравецкага раёна Галіна Мікліс, але не шкадуе.

ВЯСКОЎЦЫ прачынаюцца рана. Дажджлівым і пахмурным лістападаўскім раннем ляніва цягнуцца ўверх дымы з каміноў, дзвынкаюць аб падойнік струмені сырадою... Гаспадыні абходжваюць сваіх рагуль, кормяць, каб раніцай паспець на працу.

Паштальён Галіна Мікліс прачынаецца раней за варнянскіх гаспадынь. Патрэбна прыгатаваць сняданак і выправіць на працу сына, механізатара мясцовага СПК. Потым, апрануўшы  фірменную куртку і гумавыя боты (на дварэ ж дождж), напрасткі ідзе ў цэнтр, дзе пад адным дахам з амбулаторыяй і аптэкай месціцца аддзяленне паштовай сувязі.

Яно адчыняецца ў дзевяць гадзін раніцы, калі паштовая машына прывозіць карэспандэнцыю і перыёдыку. Дарэчы, пісьмы, паштоўкі-віншаванкі і зараз прыходзяць у вясковыя хаты, хоць і не так шмат, як раней. Адпрацаваўшы на пошце 38 гадоў, Галіна Іванаўна памятае часы, калі перад святамі паштоўкі не ўмяшчаліся ў сумку. Ды і газет выпісвалі шмат — для пятнаццацігадовай дзяўчынкі, якой прыйшла яна ў 1972 годзе працаваць на пошту,  гэту ношу было не падняць.

Пачынаецца сарціроўка — “хадавічок” падказвае паштальёну, у якім доме якое выданне чакаюць. Сёння на ўчастку Галіны Мікліс 150 падпісчыкаў, палова з іх — пенсіянеры.

Паўгадзіны — і сумка запоўнена. На гэты раз, лічыць Галіна Іванаўна, ёй пашанцавала — у дарогу выпраўляецца на паштовым аўтамабілі. Звычайна штодзённы шлях у 20 кіламетраў пераадольвае на іншым службовым транспарце — веласіпедзе, а зімой і ў такую слоту, як сёння, — пехатой. І толькі адзін раз на месяц — на машыне ў кампаніі з узброеным ахоўнікам і шафёрам. Таму што вязе разам з газетамі і пісьмамі  пенсію вяскоўцам.

У машыну мы загружаем некалькі мяшкоў з камбікормам, іншыя тавары. Некаторыя жыхары загадзя заказалі іх паштальёну.

Першая наведвальніца спыняе нас ля аддзялення сувязі. Жыхарка Варнян Ядзвіга Ігнатовіч прыйшла ў магазін, а грошай не хапіла. Задаволеная, што паспела застаць паштальёнку на месцы, распісваецца ў ведамасці за атрыманую пенсію і спяшаецца ў магазін.

Наш шлях ляжыць далей — па Варнянах, потым у Стаўбуры, Карвелі, Дубнікі. І ў панскае памесце Мінейкаў, у якім Генрык Сянкевіч напісаў свой знакаміты твор «Пан Валадыеўскі». Пасля вайны тут быў дом-інтэрнат для людзей з псіхічнымі захворваннямі, а зараз у двухпавярховым будынку жывуць вяскоўцы. Заходзіцца брэхам невялічкі сабачка, але, пазнаўшы паштальёнку, змяняе гнеў на міласць і ласкава віляе хвастом — сустракае.

Чакаюць Галіну Іванаўну ў маленькай вёсачцы Лынкішкі. Пакуль паштальёнка пералічвае грошы і дастае з сумкі газету, яна паспявае перакінуцца з гаспадарамі некалькімі словамі: пераказвае варнянскія навіны, перадае паклоны ад сяброў і родных. А па дарозе расказвае пра мясціны і людзей, з якімі мне пашчасціла ў гэты дзень спаткацца. І я заўважаю: Галіна Іванаўна любіць сваю маленькую радзіму, ганарыцца ёю.

Апошні пункт нашага маршруту — хутар Анаполь. Гаспадары сустракаюць паштальёна на падворку — бачна, што даўно чакалі.

Даставіўшы ўсю пошту адрасатам, кіруемся дадому. На дварэ прыкметна шарэе — цемра наступае спакваля, але неадольна. Галіна Іванаўна спяшаецца дадому, дзе яе чакаюць клопаты па гаспадарцы. А заўтра — зноў пераадольваць кіламетры дарог, даносіць кожнаму навіны і доўгачаканыя вестачкі ад родных.

Мікалай ВАЛЫНЕЦ, “БН”

НА ЗДЫМКАХ: Яніна МАГАДЗЯ паштальёна чакае на вуліцы; Вячаславу БЛАЖКЕВІЧУ паштальён афармляе падпіску на любімае выданне; пенсію атрымлівае Ядзвіга ІГНАТОВІЧ; Галіна МІКЛІС звярае маршрут.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter