Мара мая, Палессе...

Пра Івацэвіцкі раён кажуць: чароўна прыгожы, незвычайна гасцінны, празмерна багаты на таленты. І калі першыя два сцвярджэнні можна праверыць, толькі наведаўшы гэтыя незвычайныя мясціны, дык трэцяе апрыёры прымаюць нават тыя, хто ніколі не бываў на Палессі.

Пра Івацэвіцкі раён кажуць: чароўна прыгожы, незвычайна гасцінны, празмерна багаты на таленты. І калі першыя два сцвярджэнні можна праверыць, толькі наведаўшы гэтыя незвычайныя мясціны, дык трэцяе апрыёры прымаюць нават тыя, хто ніколі не бываў на Палессі.

Мяркуйце самі: менавіта тут нарадзіўся ў 1746 годзе Тадэвуш Касцюшка — вядомы палітычны і ваенны дзеяч, і такім яго лічылі ў многіх дзяржавах. З івацэвіцкай зямлёй былі звязаны старонкі гісторыі Міхала Казіміра Агінскага, паэта, мецэната, які спансіраваў будаўніцтва канала, што злучыў басейны Чорнага і Балтыйскага мораў. Гэтыя месцы сталі сведкамі паўстання 1863—1864 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. У гісторыі беларускай літаратуры пакінулі свой след славутыя пісьменнікі-класікі: Піліп Пястрак родам з вёскі Сакаўцы, Яраслаў Пархута — з вёскі Мілейкі. А ў вёсцы Выганашчы нарадзіўся наш сучаснік — міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч.
У Івацэвіцкім раёне карані многіх іншых вядомых палітыкаў, вучоных, літаратараў, ваенных дзеячаў. Але калі гаворка заходзіць пра сем цудаў раёна, усе мясцовыя жыхары і турысты аднадушна выбіраюць тыя, пра якія мы сёння і раскажам.

Маёнтак Тадэвуша Касцюшкі

Ён размяшчаўся непадалёк ад некалі ажыўленага гандлёвага шляху Гродна—Ваўкавыск—Івацэвічы—Пінск у графстве Косава. Цяпер адноўлены па малюнку самога Напалеона Орды, як дом-музей. Тыповы шляхецкі маёнтак XVIII стагоддзя, зразумела, у тыя даўнія часы тут былі і гаспадарчыя пабудовы. Экскурсіі, якія праводзяцца тут амаль штодзённа, расказваюць аб жыцці вялікага сына беларускага народа, нацыянальнага героя Польшчы і ЗША, ганаровага грамадзяніна Францыі Тадэвуша Касцюшкі і праходзяць па месцах, звязаных з ягоным жыццём.

Рыцарскія мроі

Так у народзе называюць руіны велічнага, закладзенага ў 1838 годзе замка князёў Пуслоўскіх з крапаснымі вежкамі ў духу гатычнай даўніны, якая адлюстроўвае рамантычную плынь у архітэктуры сярэдзіны XIX стагоддзя. Гэта адзіны на тэрыторыі Беларусі архітэктурны помнік, які захаваўся і які можна аднесці да так званых рэгулярных палацаў. У палацы налічвалася больш за 130 пакояў і кожны — асаблівы. У белай зале наладжваліся балі, у чорным гулялі ў карты, у ружавым — музіцыравалі. Было тут фае са шкляной падлогай, пад якой плавалі экзатычныя рыбы, а па калідорах палаца разгульваў прыручаны леў.
Замак, які размяшчаўся на невялікім плато, стаў ядром найпрыгажэйшага тэраснага парку, у якім расло больш за 150 відаў экзатычных раслін. На тэрасах білі фантаны. Характэрнымі атрыбутамі парку былі скульптуры, брамы — паляўнічая і ўязная, а таксама аранжарэя, якая, як мяркуецца, размяшчалася ў паркавай частцы. У паўночна-ўсходняй частцы палацава-паркавага комплексу, на рацэ Косаўцы, мелася водная сістэма з двух вадаёмаў, падзеленых дамбай і абсаджаных белымі ніцымі вербамі, з вялікім востравам акруглай формы.

Георгіеўская царква ў вёсцы Альба

Па звестках экспертаў ЮНЕСКА, яна прэтэндуе на ўключэнне ў сусветную скарбніцу чалавецтва. Некаторыя крыніцы адносяць гэты храм да суседняй вёскі Іодчыкі, на самай справе царква стаіць на старажытных могілках паміж дзвюма вёскамі. Георгіеўскі храм быў узведзены ў 1790 годзе з брусоў, ён стаіць на цагляным падмурку. Спачатку быў уніяцкім. У 1904 годзе царква перабудоўвалася. Сёння трохзрубны храм мае асіметрычную кампазіцыю. Да галоўнага аб’ёму прылягае пяцігранная алтарная аспіда, двух’ярусная званіца, завяршае якую высокі шатровы дах. У абліччы царквы прасочваюцца рысы гатычных і рэнесансных абарончых храмаў.

Канал Агінскага

Славуты паэт і мецэнат выступіў ініцыятарам яго будаўніцтва, а ўся кампанія абышлася ў 12 мільёнаў злотых. Пілы, сякеры, рыдлёўкі — такімі былі асноўныя інструменты будаўнікоў. У якасці транспарту выкарыстоўваліся фурманкі, запрэжаныя коньмі і валамі. У 1783 годзе канал быў здадзены ў эксплуатацыю. Штодзённа па ім курсіравалі цеплаходы Пінск—Целяханы, раз у два дні — Пінск—Слонім. Дзякуючы каналу пачаўся актыўны рост прылягаючых вёсак і паселішчаў. Аднак ён моцна пацярпеў у Першую сусветную вайну. Усе гідратэхнічныя збудаванні былі ўзарваны і спалены. Канчатковае разбурэнне шлюзаў адбылося ўжо ў Другую сусветную. З таго часу іх не аднаўлялі, а канал паступова ператварыўся ў турыстычны аб’ект.

Азёры Выганашчанскае і Бабровіцкае

Першае з іх размешчана ўнутры маланаселенага з-за сваёй забалочанасці раёна. Таму на яго рэжым не аказваюць уздзеяння рознага роду забруджванні воднай масы. Уплыў чалавека адчуваецца галоўным чынам праз меліярацыю акаляючай тэрыторыі. З 1968 года возера Выганашчанскае і частка вадазбору агульнай плошчай 40,3 тысячы гектараў аб’яўлены гідралагічным заказнікам, на тэрыторыі якога забаронена здабыча торфу і іншыя работы, здольныя змяніць гідралагічны рэжым тэрыторыі. Акрамя таго, у прыбярэжнай зоне, якая густа зарасла, наладжана ахова гняздоўяў дзікай вадаплаўнай птушкі. Возера аб’яўлена філіялам запаведніка “Белавежская пушча”. У перспектыве яно можа быць выкарыстана для рыбаразвядзення. Калі павялічыць праточнасць возера, асабліва ў летні і восеньскі перыяды, можна дабіцца паляпшэння зімовага газавага рэжыму, ліквідаваць заморы рыбы і павысіць прадукцыйнасць.
Бабровіцкае возера адносіцца да ліку неглыбокіх, але значных па плошчы азёр (9,47 квадратнага кіламетра). У нагульны перыяд у ваду падсаджваецца сярэбраны карась. У 1971 годзе яно зарыблялася сяголеткам пярэстага таўсталобіка і белага амура. Акрамя таго, возера насяляюць ляшчы, шчупакі, плоткі, акуні. Мясцовыя жыхары ці то жартам ці то ўсур’ёз кажуць, што побач з Выганашчанскім і Бабровіцкім азёрамі славутыя Нарач і Браслаўскія “адпачываюць”.

Людзі, якія круцяць нашу Зямлю

У Івацэвіцкім раёне адным з іх стаў генеральны дырэктар ААТ “Івацэвічдрэў” Барыс Міхайлавіч Міхнюк, якога тут ведаюць і стары і малы. Гэты цудоўны чалавек, своеасаблівы сімвал роднага краю, прайшоў шлях ад матарыста матавоза да кіраўніка буйнейшага прадпрыемства. Быў дырэктарам Целяханскай лыжнай фабрыкі, а на “Івацэвічдрэў” прыйшоў у лютым 1986 года. І вось ужо на працягу 23 гадоў карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай калег і працоўнага калектыву.
За высокія вытворчыя паказчыкі, за працавітасць і спагадлівасць да людзей Барыс Міхнюк быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, юбілейным медалём “За доблесную працу ў азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна”, медалём “За працоўныя заслугі”. І сёння, размяняўшы восьмы дзесятак, ён працягвае заставацца энергічным сучасным кіраўніком. Таму нездарма мясцовыя жыхары ахрысцілі Барыса Міхайлавіча “нашым восьмым цудам свету”. А “НГ” назвала яго “сёмым цудам Івацэвіцкага раёна”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter