Ларыса Глебава ўзгадвае свайго мужа народнага артыста СССР кампазітара Яўгена Глебава

«Мара» іх жыцця

Гэтаму літаратурнаму шэдэўру больш за сем дзясяткаў гадоў. У яго зайздросны лёс. «Маленькі прынц» мала таго, што нязменна любімы чытачамі розных пакаленняў, дык з дзясятак разоў увасоблены ў кінематографе. Мае незлічона музычных інтэрпрэтацый – у мюзікле, лялечнай пастаноўцы і песнях з рэпертуара поп- і рок-зорак – Мілен Фармер, «Машыны часу», Алены Камбуравай. Свайго «Маленькага прынца» мае і Беларусь. Праўда, прэм’ера «нованароджанага» ў Мінску на пачатку 80-х балета адбылася не ў нашай краіне. Першай яго чакала сусветная сцэна — Хельсінкі. Потым — Вялікі тэатр у Маскве. І паўсюль — поспех. Беларускі твор літаральна «разыходзіўся» на цытаты – яго музычныя нумары не сыходзілі з хваляў радыё- і тэлеперадач... Нашага «Маленькага прынца» яшчэ двойчы ставілі ў Расіі. І толькі ў 2015-м філасофскую прытчу Антуана дэ Сэнт-Экзюперы на музыку нашага суайчынніка нарэшце ўбачылі ў Мінску. Прайшоў амаль год, а спектакль штомесяц збірае аншлагі.



Пастаноўка Аляксандры Ці­ха­міравай. Бліскучы склад тан­цоўшчыкаў. Але галоўны сакрэт поспеху і любові гледача, бясспрэчна, у класіцы. Музычнай класіцы нашага кампазітара Яўгена Глебава. Твор пра каханне, пра шчасце, пра сэнс жыцця наўрад ці мог нарадзіцца без кахання. Антуан дэ Сэнт-Экзюперы сваю казку-аповесць прысвяціў жонцы. Капрызлівая і чароўная Роза – правобраз яго каханай лацінаамерыканкі Кансуэлы. За «Маленькім прынцам» Яўгена Глебава, за незямнымі мелодыямі яго балета таксама стаіць жаночая постаць. Жонка кампазітара Ларыса стала не толькі Музай — сустваральнікам. Па першапачатковай прафесіі далёкая ад літаратуры жанчына авалодала асновамі драматургіі, каб дапамагчы мужу стварыць годнае яго музыкі тэкставае суправаджэнне. Балетнае лібрэта Ларыса Глебава напісала да маскоўскай прэм’еры «Маленькага прынца». Дэбют быў настолькі ўдалым і так спадабаўся мужу, што другі сумесны праект не прымусіў сябе чакаць. Наступнай сямейнай работай стала опера «Майстар і Маргарыта». А там незлічона музыкі да кінафільмаў і песень. Удзел жонкі часам ускосны, але ж ці не без натхнення і кахання нараджаецца такая прыгожая музыка, якую пісаў Глебаў?

Ларыса ГЛЕБАВА.

— Мы пражылі душа ў душу 40 гадоў. Развітваліся самае большае толькі на пару тыдняў, — дзеліцца ўдава Яўгена Глебава Ларыса Васільеўна. — Не бачыліся толькі, калі я выязджала ненадоўга з сынам на адпачынак, ці калі сам Яўген ездзіў у кароткатэрміновыя камандзіроўкі. Мы дзень у дзень пражылі разам і заўсёды адчувалі сябе адным цэлым.

Суаўтар Антуана дэ Сэнт-Экзю­перы, жанчына, што дазволіла сабе перапісаць на лібрэта Булгакава. Ці меркавала пра такі творчы эксперымент Ларыса Васільеўна Глебава, будучы супрацоўніцай камвольнага камбіната? Працаўніца, чые будні праходзілі ля станка, і вядомы кампазітар пазнаёміліся на радыё. Ён запісваў там свой новы твор, сюіту з балета «Мара». Яна, дзяўчына з інтэлігентнай сям’і і аматарка сучаснага мастацтва, завітала з сяброўкай на радыёзапіс. Дзеля інтарэсу. Вечарам малады аўтар ужо праводзіў чароўную бландзінку дадому. Пешшу ішлі ў яе спальны раён. Таленавіты меладыст і настойлівы кавалер. 

— Я паўдзячыла яму за праважанне, а ён гаворыць:
Яўген ГЛЕБАЎ.


«Запішыце мой тэлефон», — узгадвае Ларыса Глебава. — Я яму адказала, што мне нечым запісаць. Тады ён загадаў: «Запомніце і пазваніце! Не пашкадуеце». Вось так мы ў 1961-м і пазнаёміліся. Здавалася б, выпадкова. А я ўпэўнена, што няма ў жыцці лепшай і большай заканамернасці, чым выпадковасць.

Яны доўга сябравалі. Яўген Аляксандравіч бачыў у Ларысе намнога больш, чым прыгожую дзяўчыну і старанную працаўніцу. Ён лічыў яе інтэлектуалкай і пераконваў мяняць прафесію, вучыцца далей. Так, супрацоўніца камвольнага камбіната становіцца юрыстам. А на апошнім курсе інстытута... раптам сама робіць Глебаву прапанову аб замужжы.

— Ёсць такая прымаўка «Дваццаць тры – замуж пры!» Мая мама ўсё хвалявалася: ну колькі можна сустракацца? І тады я сказала Яўгену Аляксандравічу: ці мы жэнімся, ці развітваемся. Ён пазваў замуж.

Яшчэ адна адукацыя, якую ёй спатрэбілася спасцігнуць, – быць жонкай кампазітара. Як любы творчы чалавек, Яўген Аляксандравіч быў далёкі ад побытавых дробязей і вольны ад хатніх турбот.

— Калі б можна было толькі ся­дзець за сталом і толькі пісаць – для яго гэта б была ідэальная сітуацыя, — гаворыць Ларыса Гле­бава. — Мяркую, ён бы мог так жыць – не есці, не спаць, толькі музыка...

Аднак ён быў далёка не лету­цен­нік – даволі паспяховы практык. Добра ўтрымліваў сям’ю. Грошы зарабляць удавалася – яму зака­звалі пралогі і эпілогі да ўрадавых канцэртаў. Здавалася б, кан’юктурная рэч, але Глебаў нават у такім жанры не здраджваў сабе. Ніколі не падыходзіў да музычнага палатна як рамеснік.

— Ён заўсёды шукаў «іскрынкі», нават у самым шаблонным фармаце, — шчыруе Ларыса Глебава. — Ніколі не фальшывіў, нават да не зусім творчай працы падыходзіў з зацікаўленасцю. Не дзяліў творы на галоўныя і другарадныя.

Малавядомы факт, але Яўген Глебаў доўгі час працаваў па-за членствам Саюза кампазітараў. Тады з «несаюзнай моладдзю» мала хто хацеў мець справы. Не бралі выкладаць у кансерваторыю, не давалі заказаў. Савецкая музычная школа засноўвалася на патэтыцы і не цярпела наватараў. Глебаў перажываў няпросты перыяд. У той жа час усе ведалі, што, калі з`явіцца тэрміновы партыйны заказ, ніхто акрамя яго з ім не справіцца хутка і якасна. Напрыклад, напісанне эталоннай аранжыроўкі гімна БССР. Гэта ведалі на самым версе. І ў адзін час становішча Глебава змянілася. Першыя асобы ЦК умяшаліся ў лёс таленавітага кампазітара. Так, зрэшты, яго сям’я атрымала і кватэру ў цэнтры Мінска.

Злева направа: драматург Андрэй МАКАЁНАК, Аляксандр ЗІНІН,
касманаўт Уладзімір КАВАЛЁНАК і кампазітар Яўген ГЛЕБАЎ.

— Машэраў калісьці спытаў: «Як вы, Яўген Аляксандравіч, як ваш сын?» У адказ: «Дык вось не падумаў і аддаў яго ў музычную школу, а цяпер цярплю, бо і мне, і яму патрэбны інструмент, а піяніна ўсяго адно, — узгадвае Ларыса Глебава. — «Дык што, вы не здолееце яшчэ адно піяніна купіць?» — спытаў Машэраў. А Яўген Аляксандравіч яму: «Ставіць няма куды».

Калі Глебаў атрымаў кватэру, жыццё ўсёй яго сям`і перамянілася. І не толькі ў асабістым плане. Глебаўскі дом стаў сапраўдным музычным цэнтрам, салонам, клубам мінскай інтэлігенцыі. Сябры, калегі, вучні Яўгена Аляксандравіча смалілі прама ў пакоі, слухалі музыку, гаварылі і спрачаліся. Для ўсіх у Ларысы Васільеўны хапала і цярпення, і пачастункаў. Так нараджаліся новыя ідэі і новыя творы.

— Ён усіх мог захапіць сваёй прафесіяй, сваімі ідэямі, — дзеліцца Ларыса Глебава. — Дзіўна, але ж Яўген Аляксандравіч мог і не трапіць у музыку. Ураджэнец Раслаўля, што на Смаленшчыне, ён не меў магчымасці ў дзяцінстве вучыцца ў музычнай школе, у мястэчку яе проста не было. Ён расказваў, што вельмі пакутваў з-а гэтага. Самастойна авалодаў ігрой на некалькіх музычных інструментах, бо ад прыроды, ад нараджэння меў абсалютны слых. Вельмі тонка засвойваў і мелодыю, і гармонію, літаральна ішоў наперадзе самога сябе – так адчуваў музыку.

З-за няведання музычнай граматы Глебава-юнака не прынялі ў музычнае вучылішча. Будучы кампазітар працаваў на чыгунцы, але працягваў граць. У 50-я яму ўдалося паступіць у мінскую кансерваторыю на клас кампазіцыі. Было складана: музыку ён пры­звычаіўся адчуваць на слых, а тут трэба спасцігаць такую няпростую музычную грамату. Але праз год кампазітар ужо «выдаў на ўра» свой першы твор. А на трэцім курсе атрымаў павышаную сталінскую стыпендыю.

— Па характары ён быў вельмі ўпарты. На яго немагчыма было ўплываць. Ён рабіў толькі тое, што хацеў і лічыў патрэбным, — распавядае Ларыса Глебава. — Можа, ён крыху быў і дыктатарам, і лідарам – мы ўсе пакланяліся яму. Але было за што і мы разумелі: ён Творца і яго таленту варта падпарадкавацца.

Напэўна, жаночая мудрасць, цярплівасць і пяшчота сыгралі не апошнюю ролю ў доўгажыхарстве адносін і кахання пары Глебавых. Прайшло 16 гадоў, як кампазітар пайшоў, а Ларыса Васільеўна працягвае служыць дзеля яго імя. Вя­дзе і апрацоўвае архіў. Сваю памяць пра мужа ўвасобіла ў кнізе «Душы сярэбраныя струны». Садзейнічала пастаноўцы «Маленькага прын­ца» на сцэне Вялікага тэатра Беларусі.

Зрэшты, што да кахання самога першааўтара Антуана дэ Сэнт-Экзюперы, то ў «Маленькім прынцы» ён алегарычна разважаў пра нешчаслівасць кахання і пра тое, як па-рознаму ўспрымаюць гэтае пачуццё мужчыны і жанчыны. Французскага класіка тэма хвалявала аўтабіяграфічна. Любімая, але легкадумная жонка, якую звалі «сальвадорскім вулканам», нібыта тая Роза з аповесці, дарыла больш самоты, чым шчасця.

Тамара БАРЫСАВА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter