Манюшка — чулы сем’янін

Мы ведаем Станіслава Манюшку як выдатнага кампазітара, дырыжора, арганіста, стваральніка нацыянальных опер Беларусі і Польшчы, аўтара каля чатырохсот песень, вадэвіляў, музычных камедый і камічных опер.

Мы ведаем Станіслава Манюшку як выдатнага кампазітара, дырыжора, арганіста, стваральніка нацыянальных опер Беларусі і Польшчы, аўтара каля чатырохсот песень, вадэвіляў, музычных камедый і камічных опер. А якім ён быў чалавекам? Каго і што любіў, аб чым марыў і трывожыўся? Карэспандэнт “НГ” пагартала лісты Станіслава Манюшкі, 195-гадовы юбілей якога мы адзначаем сёлета.

Вечна ў дарозе

Выданне зборніка лістоў Манюшкі “Ліставанне: 1826—1851” стала сапраўднай падзеяй у сферы беларускай культуры. Гэта і своеасаблівая прэлюдыя да яго 200-гадовага юбілею, які будзе святкавацца ў 2019 годзе. Дарэчы, падрыхтоўка да яго пачалася. У прыватнасці, плануецца адкрыць помнік кампазітару на плошчы Свабоды каля Мінскай ратушы, праект яго зацверджаны. Па задумцы аўтара скульптурнай кампазіцыі Сяргея Гумілеўскага, Манюшка будзе сядзець на лаўцы разам з пісьменнікам Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам. Менавіта з ім Манюшка стварыў першую беларускую оперу “Ідылія” (“Сялянка”), прэм’ера якой адбылася ў 1852 годзе на сцэне Мінскага гарадскога тэатра.

Пройдзе шэраг іншых мерапрыемстваў. І зноў жа пра Манюшку будуць казаць як пра слыннага сына беларускай зямлі і вялікага кампазітара. І многія з нас падумаюць: “Які ж ён малайчынка! Як у яго ўсё лёгка атрымлівалася і як, відаць, весела жылося яму ў тыя часы: салоны, тэатры, канцэрты...”

Але дастаткова пагартаць “Ліставанне: 1826—1851”, каб склалася зусім іншае ўражанне. Толькі ў другой палове 1850-х гадоў Манюшку прапанавалі сталую працу і жытло ў Варшаве, а да гэтага часу кампазітар знаходзіўся ў пастаянным пошуку — заробку, крэдытораў і месца, куды ён мог бы пераехаць з сям’ёй і дзе меў бы гарантаваны кавалак хлеба. 

Ажаніўшыся з Аляксандрай Мюлер, з 1840 года Манюшка жыў у доме Мюлераў у Вільні, зарабляў граннем на аргане ў касцёле, арганізоўваў канцэрты, выкладаў, пісаў музыку. Але грошай усё роўна катастрафічна не хапала. Да таго ж дзеткі ў Станіслава і Аляксандры нараджаліся адзін за адным. Бацькі ва Убелі, што пад Мінскам, дапамагчы нічым не маглі — таксама ледзь зводзілі канцы з канцамі. Манюшка спадзяваўся перасяліцца ў Пецярбург, аднак і там не атрымалася ўладкавацца. “Увесь час вагаюся ў сваіх праектах, аднак заўсёды прытрымліваюся таго, што калі буду здольны знайсці хоць якое-небудзь месца, якое магло б мяне пракарміць — яно мяне задаволіць, аніякім не стану пагарджаць”, — пісаў кампазітар.

Станіслаў і яго Алеся

Блуканні па гарадах вельмі вымотвалі кампазітара. Адзіным суцяшэннем для яго былі лісты. У лютым 1840 года ён пісаў жонцы: “Я гэтак далёк ад мілых, клапатлівых асобаў! Дзякуй! Дзякуй вынаходніку лістоў, яны адзіны спосаб перанесціся ў лепшае таварыства, наблізіцца да жаданай грамады”.

Асабліва чулыя і пяшчотныя лісты Станіслава да каханай жонкі Аляксандры, пачуццё да якой з гадамі, відаць, толькі мацнела: “О, мая Алеся! Што гэта са мной сталася? Я думаў, што Цябе ўжо даўно кахаў гэтак моцна, што куды ўжо больш. Цяпер жа адкрылася зусім іншае! Цяпер, калі ўпэўніўся, што Цябе не ашукваю, калі і Ты ў гэтым упэўненая, кахаю Цябе мацней за ўсе спадзяванні, каб мог калісьці кахаць гэтаксама, і, думаючы ўвесь час пра Цябе, думаю пра маю музыку, якая які ж цудоўны будзе мець поспех пад кіраўніцтвам светлай шляхаводнай зоркі, якім з’яўляецца Тваё сэрца, наша каханне”.

Манюшка вельмі шкадаваў, што ён шмат дзе падарожнічаў, але з-за недахопу сродкаў не мог дазволіць купіць што-небудзь сваёй Аляксандры. “Найсмутней для мяне тое, што праз аказію, якая надарылася ў Вільні, анічоганькі для маёй Омкі не магу пераслаць, а тут гэтулькі прыгожых рэчаў... хоць бы флакончык парфумы!” — пісаў ён аднойчы з Пецярбургу.

І дзіўна вельмі, як ён, дарослы мужчына, крыўдзіўся, як дзіця, калі своечасова не атрымліваў лістоў ад той, якую так моцна кахаў: “Зрэшты, у нас усё па-старому: я да Цябе пішу, а Ты да мяне... ані думаеш. Я баюся нават, каб з гадамі не прызвычаіўся да Твайго маўчання”.

Не забываў Манюшка ў падарожжах і пра сваіх любых дзетак. Радаваўся, калі хтосьці з іх пачынаў гаварыць ці хадзіць. І, вядома, вельмі турбаваўся за іх умовы існавання. Пасля нараджэння сына Станіслава ён пісаў Аляксандры: “Як там дзеткі пачуваюцца? Ты ведаеш, пра што я зараз увесьчасна думаю? Дык вось пра тое, як Вы там цяпер усе месціцеся?” А як пяшчотна ён адзываецца пра сваіх бацькоў і бацькоў Аляксандры! Яе маці ён інакш як “мамай-дабрадзейкай” і не называе.

Музыка як зброя

Відавочна, шмат знаходзім у лістах кампазітара і пра яго музычныя справы: “Цяпер музыка для мяне ўся мая зброя! Толькі яна прамаўляе за мяне”. Цікава, што Манюшка вельмі не любіў, калі яго хвалілі: “Я іграю боска! нябеска! чароўна! райска! — магчыма. Я гэтаму не веру, не веру, не веру. Я занадта сябе шаную, каб памыляцца ў сваім віртуозным таленце. Хто жадае мяне хваліць, дзеля Бога! Шчаслівая мроя, быццам гэта прыносіць мне задавальненне”.

З лістоў кампазітара мы даведваемся, як нараджаліся яго праекты і творы. Займальна піша аўтар пра ідэю “Хатнiх спеўнiкаў” — зборнiкаў песень i рамансаў на вершы Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Тамаша Зана, Антона Адынца і іншых: “Сумна назіраць, што ў нас ніхто з тых, хто піша музыку, не паспрабаваў сваіх сіл у паэзіі, якая здаўна выглядае свайго спевака. Меркаванне, што да добрай паэзіі цяжка напісаць музыку, што дзёрзка замахвацца кампанаваннем музыкі да прыгожай паэзіі — памылковае. Мне здаецца, што кожны добры верш прыносіць прынаймней з сабой гатовую мелодыю, а той, хто ўмее яе падслухаць і пераліць на паперу, выклікае тады на сябе званне шчаслівага кампазітара”.

Балады, рамансы і вясковыя песенькі, як называе гэтыя творы Манюшка, добра ўпісаліся ў адзін шэраг з яго аперэтамі, операмі, вадэвілямі, музычнымі камедыямі, якія прынеслі яму, а таксама беларускай зямлі сусветную вядомасць.

Не толькі таленавіты кампазітар, але яшчэ чулы сын, пяшчотны бацька, муж, які бязмерна кахае, адданы сябар — такім быў Станіслаў Манюшка пры жыцці. І хацелася б, каб менавіта такім, жывым чалавекам з яго трывогамі, марамі і надзеямі, успрымалі яго нашчадкі.

Дзе можна пачуць музыку Станіслава Манюшкі ў бліжэйшы час

  • У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры з 9 па 11 мая пройдзе традыцыйны штогадовы адкрыты конкурс імя Манюшкі для студэнтаў-вакалістаў “Убельская ластаўка”. Усе ўдзельнікі будуць выконваць творы Манюшкі. Сімвалічна, што фінал конкурсу пройдзе на малой радзіме кампазітара — у горадзе Чэрвень, недалёка ад якога знаходзіцца радавое гняздо Манюшкаў.
  • У Касцёле Божага Цела ў Нясвіжы 21 чэрвеня можна будзе пачуць харавыя творы, а таксама некалькі песень Станіслава Манюшкі на словы Яна Чачота ў выкананні хора Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі пад кіраўніцтвам народнай артысткі Ніны Ламановіч. Месца для канцэрта выбрана невыпадкова. На працягу 18 гадоў кампазітар працаваў у касцёле Святога Яна ў Вільні. Ён стварыў зборнік арганных твораў “Песні нашага касцёла”, напісаў мноства сольных і харавых кампазіцый рэлігійнай тэматыкі.
  • Камерны музычны тэатр “Галерэя”, спектаклі якога праходзяць на сцэне Палаца культуры прафсаюзаў, дае магчымасць убачыць лірыка-камедыйную оперу Станіслава Манюшкі Verbum nobile. У творы распавядаецца пра распаўсюджаны ў XVIII стагоддзі звычай бацькоў дамаўляцца аб жаніцьбе сваіх дзяцей і замацоўваць сваю дамову verbum nobile — словам гонару двараніна. На сёння гэта адзіная ў Беларусі поўнамаштабная пастаноўка оперы Манюшкі, якая знаходзіцца ў пастаянным “пракаце”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter