Манмартр у Слуцку

Самая буйная ўстаноў пазашкольнага выхавання створана ў Мiнскай вобласцi

Самая буйная ў краiне сетка ўстаноў пазашкольнага выхавання створана ў Мiнскай вобласцi

Вядома, што любая цывiлiзацыя толькi пасля дасягнення пэўнага узроўню развiцця культуры пачынала рабiць наступныя крокi — да розных навуковых адкрыццяў, стварэння тэхнiкi, механiзмаў i г.д. Сёння без культуры, без выяўленчага мастацтва нельга сабе ўявiць стан сучаснага грамадства i яго духоўнае i матэрыяльнае развiццё.

Трэба адзначыць, што папулярызацыi выяўленчага i дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на Мiншчыне ўдзяляецца значная ўвага. У вобласцi працуюць дваццаць тры музейныя ўстановы. Штогод у музеях вобласцi праводзiцца каля чатырохсот выставак, а ў Пухавiчскiм, Крупскiм, Слуцкiм раённых музеях дзейнiчаюць пастаянныя карцiнныя галерэi. Вось ужо пятнаццаць гадоў пры Маладзечанскiм дзяржаўным музыкальным вучылiшчы iмя Агiнскага працуе аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Навучэнцы i настаўнiкi вучылiшча пастаянна прымаюць удзел у рэгiянальных i рэспублiканскiх выстаўках, iх творы нязменна выклiкаюць цiкавасць гледачоў i атрымоўваюць высокiя адзнакi.

Без перавелiчэння можна сказаць, што гэта аддзяленне стала сапраўдным цэнтрам развiцця народнага мастацкага майстэрства прысталiчча.

У Мiнскай вобласцi створана самая буйная ў рэспублiцы сетка ўстаноў пазашкольнага выхавання i навучання, у склад якой уваходзяць пяць мастацкiх школ i пяцьдзесят шэсць школ мастацтваў, дзе працуюць мастацкiя аддзяленнi. На базе трох раёнаў – Барысаўскага, Стаўбцоўскага i Чэрвеньскага – праводзяцца абласныя пленэры, асноўнай задачай якiх з’яўляецца выяўленне i падтрымка юных талентаў, а таксама далучэнне да культуры i гiстарычнай спадчыны роднага краю. Таму i невыпадкова, што за апошнiя пяць гадоў каля двухсот навучэнцаў мастацкiх школ i гурткоў сталi лаўрэатамi i дыпламантамi мiжнародных i рэспублiканскiх конкурсаў юных мастакоў. Трыццаць тры чалавекi атрымалi ўзнагароды спецыяльнага фонду Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па падтрымцы таленавiтай моладзi.

Адкрыццё выстаўкi «Зямля пад белымi крыламi», што адбылося днямi ў Слуцкай галерэi мастацтваў, без перавелiчэння, яркая i значная культурная з’ява не толькi для прысталiчнага рэгiёна, але i для рэспублiкi. Усе ўдзельнiкi гэтай выстаўкi — члены Саюза мастакоў Беларусi i з’яўляюцца ўраджэнцамi Мiншчыны цi пражываюць на яе тэрыторыi. Сучаснае выяўленчае мастацтва Беларусi нельга ўявiць сабе без iмён тых, чый талент расквiтнеў на землях Мiншчыны, – Кастуся Харашэвiча, Мiкалая Рыжага, Яўгена Ждана, Аляксандра Пашкевiча, Уладзiмiра Ткачова, Мiколы Аўчыннiкава, Васiля Лазоўскага... Прыемнае ўражанне пакiдаюць у наведвальнiкаў выстаўкi маладой мастачкi з Маладзечна Лiзаветы Чарвонцавай, якая працуе ў манеры выцiнанкi. Дарэчы, яна вучанiца сваёй мацi Вiкторыi Чарвонцавай, народнага майстра Рэспублiкi Беларусь, якая вярнула з небыцця старадаўняе мастацтва выцiнанкi. На выстаўцы прадстаўлены работы, напiсаныя ў асноўным за апошнiя дзесяць гадоў.

Выстаўка «Зямля пад белымi крыламi» з’яўляецца яшчэ адным яркiм i сур’ёзным пацвярджэннем таго, што наша родная Мiншчына – гэта зямля таленавiтых людзей, якiя ўносяць значны ўклад у развiццё айчыннага сучаснага мастацтва.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter