О городнянской керамике знают даже в Швеции

«Мамзель» з Палесся

Вёска Гарадная Столінскага раёна славіцца ганчарным промыслам з XV стагоддзя. Менавіта гэтым перыядам спецыялісты датуюць знойдзены ў ваколіцы барэльеф з выявай ганчара. Але гісторыкі мяркуюць, што керамікай займаліся тут ужо ў эпоху бронзавага веку. А спрыяла развіццю промыслу ў першую чаргу наяўнасць у наваколлі мястэчка багатых радовішчаў гліны.


Быў час, калі ганчарныя кругі стаялі практычна ў кожным доме Гарадной. Гэта звязана не толькі з багаццем гліны, але і беднай глебай — земляробствам тут было цяжка пракарміць сям’ю, таму ганчарны промысел з’яўляўся асноўным заняткам мясцовага насельніцтва. У пачатку XX ст. ім тут займалася, піша livingheritage.by, больш за 200 сем’яў, а ў 1920—1930-я гг. — каля 500.


У другой палове ХХ ст. гэты промысел стаў губляць сваю значнасць. Аднак з адкрыццём цэнтра ганчарства цікавасць да яго пачала адраджацца. Старэйшае
пакаленне перадае свой вопыт моладзі, тут праходзяць пленэры ганчароў, сюды прыязджаюць турысты... Галоўнае, што ганчарны промысел у Гарадной працягвае існаваць у сваім аўтэнтычным выглядзе. Да сёння тут прытрымліваюцца традыцыйнай тэхналогіі апрацоўкі гліны, вырабу посуду на нажным ганчарным крузе і яго апалу. Захоўваецца і мясцовая метралогія — сістэма назваў ганчарных форм. Гатовыя вырабы тут называюць «мамлезік», «мамзель», «злівач», «паляк» і гэтак далей.

Гараднянская кераміка на першы погляд здаецца надта прымітыўнай. Тут няма багатай аздобы, яркіх колераў. Але менавіта гэтым яна і чапляе. Гараднянскі посуд звычайна белагліняны, непаліты, аздоблены толькі паясамі і рысачкамі з чырвонай гліны. Затое, на думку даследчыкаў, ён быў самым трывалым на поўдні Беларусі.

Кажуць, у свой час гараднянскі посуд разыходзіўся па ўсім Цэнтральным і Усходнім Палессі, трапляў у Кіеў, Вільню, Варшаву. Ведаюць пра гэту кераміку шмат дзе і сёння. Міжнародныя пленэры, якія праходзяць у Гарадной, збіраюць майстроў з Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Арменіі і іншых краін. А некалькі гадоў таму гараднянскі посуд трапіў нават у шведскі Музей фарфору.


mila@sb.by

Фота БЕЛТА.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter