Более 200 моделей одежды делового стиля для мальчиков и девочек: по всей стране открылись школьные ярмарки

Мамы, час у крамы!

Сарафаны, спадніцы, пінжакі, камізэлькі, штаны, аднатонныя і ў клетку, з устаўкамі і без. Ужо адышлі ў нябыт часы, калі ў дзяўчынак была адна школьная сукенка з двума фартухамі — паўсядзённым і святочным, а ў хлопчыкаў — адзін школьны касцюм ды пара кашуль. Надышоў час, калі выбар стаў вялікі і разнастайны і ёсць толькі адзін дэфіцыт — сродкаў у бацькоў. А страціць галаву і частку бюджэту ў гандлёвых цэнтрах і ўнівермагах цяпер вельмі лёгка — тут разгарнуліся школьныя кірмашы, дзе можна купіць усё — ад лінейкі да чаравікаў, у чым пераканаліся карэс­пандэнты «Р».

Ян ЖАЧКО, які хутка пойдзе ў 1-ы клас, разам з мамай выбірае канцылярыю.

Што ў сталіцы на паліцы

У сталічным ЦУМе на трэцім паверсе, дзе прадстаўлена адзенне дзелавога стылю для вучняў, а таксама канцылярыя і абутак, сёння не так шматлюдна. Своеасаблівая перадышка для работнікаў пасля чарговага распродажу школьнага асартыменту, які праходзіць тут па серадах. Гэтымі днямі па зніжкі да 50 працэнтаў сюды з’язджаюцца бацькі з дзятвой не толькі з усёй сталіцы, але і іншых населеных пунктаў. Сёння і заўтра ва ўнівермагу зніжкі 27 працэнтаў на нехарчовыя тавары ад 5 рублёў.

— Патрабаванні школы — строгія штаны, светлыя кашулі. Пінжак па жаданні. Замест яго сын аддае перавагу камізэльцы, якую яшчэ будзем выбіраць. А пакуль хочам прымераць вось гэтыя шэрыя штаны, — паказвае на выбар Максіма мама Жанна. — Звычайна на навучальны год купляем двое-трое штаноў, некалькі кашуль. Плюс патрэбныя пісьмовыя прыналежнасці, заплечнік. Колькі на ўсё гэта пойдзе грошай, нават не ўяўляю.
Больш за 230 мадэляў адзення дзелавога стылю для дзяўчынак і больш за 210 для хлопчыкаў, каля 75 мадэляў трыкатажных вырабаў і вялікі выбар дзіцячага абутку
Ва ўнівермагу ўсе тавары заніраваны. Сярод адзення для дзяўчынак задуменна ходзіць Сафія. Яе тата і старэйшы брат Арсеній, які пойдзе ў гэтым годзе ў 5-ы клас, дапамагаюць будучай першакласніцы выбраць сарафан.

Для фізкультуры падлеткі часта выбіраюць спартыўныя касцюмы ў камуфляжным стылі.

— Традыцыйна ў школьнай вопратцы пераважаюць чорны і сіні колеры. Навінка гэтага сезона для дзяўчынак — укарочаныя штаны-кюлоты, — знаёміць нас з асартыментам таваразнаўца ўнівермага Анастасія Мурач. — Таксама цяпер часта прадпрыемствы прапануюць спадніцы-штаны на рызінцы, без гузікаў і маланкі. Гэта значна спрашчае працэс пераапранання дзяцей. Як і ў хлапечым, у дзявочым асартыменце шырока прадстаўлены падманкі-імітацыі класічнай блузкі з джэмперам або камізэлькай. А яшчэ з’явіліся кашулі з гальштукамі.

Школьныя тавары пачалі паступаць на прылаўкі яшчэ ў маі. Кожны тыдзень папаўняўся асартымент і цяпер прадстаўлены ў поўным аб’ёме. Штодзённая, спартыўная, верхняя вопратка — у адным месцы можна цалкам апрануць дзіця.

— Мы сёння ўпершыню з сынам выбраліся па пакупкі да школы, хочам прыцаніцца, — кажа Наталля. — Глядзім абутак. Патрабаванні — каб быў зручны і даўгавечны, таму што сын у нас вельмі актыўны. І, вядома ж, каб нядорага, таму што абутку да школы трэба купіць нямала: і вулічны — туфлі ды чаравікі, і на перазменку — сандалі або макасіны, і на фізкультуру — кеды або красоўкі.

Студэнтка Ганна БЯЛЬКЕВIЧ і абітурыент Эдуард ВЕЧАР для канспектаў выбіраюць сшыткі патаўсцей.

Марш на кірмаш

Дарэчы, у ЦУМе тавары да школы ёсць амаль на кожным паверсе. На першым — канцылярыя, на другім і чацвёртым — абутак і адзенне дзелавога стылю для старшакласнікаў, а яшчэ заплечнікі, вучнёўскія сумкі, тавары для спорту. Уся гэтая разнастайнасць будзе даступна пакупнікам аж да 15 верасня.

Сёлета ў Мінску ад агульнагарадскога школьнага кірмашу ля Палаца спорту вырашылі адмовіцца, таму што гараджане любяць закакупляцца ў больш камфортных умовах, якія прапануюць сталічныя ГУМ, ЦУМ, гандлёвыя дамы «На Нямізе» і «Беларусь», а таксама сетка ўнітарнага прадпрыемства «Кірмаш». Да таго ж тут асартымент і размерны рад значна шырэйшыя, чым пры выязным гандлі. А гэта больш за 230 мадэляў адзення дзелавога стылю для дзяўчынак і больш за 210 — для хлопчыкаў, каля 75 мадэляў трыкатажных вырабаў і вялікі выбар дзіцячага абутку.

Даша МIКУЛIЧ трохі разгубілася ад такога вялізнага выбару абутку.

Школьныя кірмашы прахо­дзяць па ўсёй краіне. У Брэсцкай вобласці купіць усё неабходнае вучню можна на 130 выставах-продажах і 17 школьных кірмашах. У Віцебскай аж да верасня суб’екты гандлю праводзяць больш за 150 выстаў продажу і распродажу, а ў рэгіёнах каля 30 школьных кірмашоў. У Гродзенскай вобласці тавары школьнага асартыменту рэалізуюць больш за 600 гандлёвых аб’ектаў. Для жыхароў Гомельскай вобласці 160 школьных кірмашоў адкрыты толькі па выхадных, а 90 — увесь ты­дзень. Акрамя гэтага, арганізаваны 70 выстаў продажу і 96 пашыранага продажу. Ва ўсіх гарадах Мінскай вобласці 55 школьных кірмашоў і 584 куткі першакласніка даступныя з сярэдзіны месяца. У сельскай мясцовасці гандлююць выязныя брыгады дзяржаўных магазінаў. У Магілёўскай вобласці сёння пачнуць працаваць больш за 60 школьных кірмашоў. Па ўсім рэгіёне больш чым у 630 магазінах аформлены куткі школьніка.

statkevich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter