“Мама, мацi, матуля...”

Вобраз мацi адзiн з самых любiмых у беларускiх паэтаў. У гэтым можна яшчэ раз упэўнiцца, калi возьмеш у рукi зборнiк, выдадзены нядаўна выдавецтвам “Мастацкая лiтаратура”. Сiмвалiчна, што апошняя кнiга дзяржзаказу, 150-я па лiку, з’явiлася на свет яшчэ ў Год мацi i “асвяцiла” сабой 2007-ы, абвешчаны ў краiне Годам дзiцяцi.
“Калi бяру ў рукi гэтую кнiгу, адчуваю радасць, — адзначыў у час прэзентацыi мiнiстр iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь Уладзiмiр Русакевiч. —  Радасць ад таго, што маеш магчымасць сутыкнуцца з талентам аўтараў, якiя аддалi кавалачак сябе i паклалi свае пачуццi на паперу. Радасць ад таго, што, гартаючы яе старонкi, быццам сустракаешся з вечным. Людзi адыходзяць, а кнiга застаецца. А гэта кнiга пра тое, што пастаянна ў душы, у тваiм сэрцы — пра нашых родных мацi”.
Кiраўнiк аўтарскага калектыву, першы намеснiк мiнiстра iнфармацыi Лiлiя Ананiч падзякавала старшынi праўлення Беларускага саюза жанчын, старшынi праўлення Беларусбанка Надзеi Ермаковай за падтрымку iдэi стварэння такога творчага праекта. “Яна як мацi душой адчула неабходнасць такой кнiгi, — сказала Лiлiя Станiславаўна. — У краiне шмат робiцца для падтрымкi нацыянальнага кнiгавыдання. За апошнi год у Беларусi выдадзена 12 тысяч кнiг. Я ўпэўнена, што гэта кнiга будзе мець свой працяг, яна павiнна быць даступнай для шырокiх колаў чытачоў, пэўны тыраж кнiгi аддадзены ў бiблiятэкi”.
“Гэта кнiга стала прыемным сюрпрызам у канцы Года мацi для ўсiх нас, — адзначыла старшыня праўлення Беларускага саюза жанчын Надзея Ермакова. — Нам прыемна, што высокую ацэнку ёй даў i кiраўнiк дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. У краiне за год было зроблена шмат добрых спраў у iмя мацi. У Салiгорску быў адкрыты музей мацi, на Карэлiччыне выйшла кнiга “Карэлiцкiя мадонны”, на Мiншчыне — “Мацi Мiншчыны”. Можа таму, згодна са статыстыкай, за 11 месяцаў 2006 года нараджальнасць павялiчылася на 5,6 працэнта ў параўнаннi з адпаведным перыядам 2005 года”.
Надзея Андрэеўна прызналася, што вершы i фотаздымкi ў гэтай кнiзе выклiкаюць у яе трапяткiя пачуццi да мацi, i яна спадзяецца, што зборнiк вершаў гэтак жа паўплывае на ўсiх яе чытачоў. “Давайце не будзем забывацца пра нашых мацi, у якiм бы ўзросце нi былi, — сказала яна. — Хочацца, каб памяць пра iх была не толькi ў кнiгах, але каб мы iм аддавалi сваё цяпло тады, калi яны яшчэ побач з намi...”
У кнiзе сабрана больш за 200 вершаў, прысвечаных мацi. Аўтарамi гэтых твораў з’яўляюцца класiкi беларускай лiтаратуры, народныя паэты Беларусi Янка Купала, Якуб Колас, Максiм Танк, а таксама нашы сучаснiкi — Раiса Баравiкова, Вiктар Шнiп, Людмiла Урублеўская i iншыя.
“Кнiга гэта сапраўды непаўторная, унiкальная, — адзначыла Раiса Баравiкова. — Яна — як сюiта святла, цяпла, дабрынi, якiя мы атрымлiваем ад сваiх матуль. Як сузор’е, такое ж адметнае, непаўторнае, якiм для кожнага з нас з’яўляецца родная мама. Думаю, што даўно ўжо наспеў час з’яўлення ў Беларусi такой кнiгi. “Мама, мацi, матуля...” кранае не толькi вершамi, але i iлюстрацыямi, на якiх фотамастакi змаглi паказаць мацi такой, якая яна ёсць — непрыхарошаную, недзе з трывогай у вачах, а дзесьцi з радасцю за сваiх дзяцей, з усёдаравальнасцю... Кнiга непаўторная тым, што нясе ў сабе ўрачыстасць, прыгажосць i шчырае прызнанне ў любовi самаму роднаму чалавеку на Зямлi — Мацi”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter