Міні-агарод на падаконніку — модна, зручна, карысна

Малютка расце хутка

Вясна — час аднаўлення. Не толькі прыроды, гардэробу, але і меню. За зіму арганізм стаміўся ад тлустай і сытнай ежы і патрабуе свежых кулінарных рашэнняў. Духмяны кроп, пятрушка, базілік, рукала ўнясуць у стравы пікантныя ноткі і насыцяць арганізм вітамінамі і мінераламі. Стварыць “агарод” дома нескладана. Галоўнае — адказна і з добрым настроем узяцца за справу, каб праз некалькі тыдняў у скрыні панура не калыхаліся тоненькія бляклыя былінкі без водару і смаку.


Цыбуля

Зялёная цыбуля — фаварыт хатняга “агароду”. Культура зусім непатрабавальная, вырасціць яе нескладана. Спосаб першы (больш затратны па часе): у скрыню засыпце пласт дрэнажу, зверху — грунт. Можна накапаць зямлі самастойна, але лепш купіць у спецкраме. Адбярыце невялікія цыбуліны сярэдняга памеру, важна, каб галоўка была шчыльная і здаровая, а донца не падгнілае. Каб цыбуліны хутчэй зазелянелі, можна напярэдадні замачыць іх на суткі ў цёплай вадзе. Пасля яны ўціскаюцца на 2—3 сантыметры ў грунт і паліваюцца. Праз некалькі дзён угару пацягнуцца доўгія прыгожыя пёры.

Не хочацца корпацца ў зямлі? Не трэба! Памясціце цыбуліну ў ваду (невялікі аб’ём, інакш плод згніе). Ваду раз-пораз мяняйце, каб у пакоі не з’явіўся непрыемны “водар”. Не лянуйцеся і высаджвайце новыя “градкі” кожныя два тыдні, і тады ў вас на стале заўсёды будуць свежыя зялёныя пёры.

Кроп і пятрушка

Каб пералічыць карысныя ўласцівасці кропу і пятрушкі, не хопіць газетнай паласы. Ужыванне раслін нармалізуе абменныя працэсы, дапамагае схуднець, умацоўвае імунітэт. Вырасціць цуд-траву дома нескладана. Спачатку насыпце на дно скрыні 2—3 сантыметры дрэнажу: ён дапаможа пазбегнуць назапашвання залішняй вільгаці. Наступны слой — зямля. Спырсніце яе вадой з пульверызатара, зрабіце невялікія канаўкі глыбінёй 1—1,5 сантыметра і пакладзіце ў іх насенне. Не прысыпайце зярняткі зямлёй надта шчыльна, бо кроп можа і не “праклюнуцца”.

Накрыйце “агарод” плёнкай, ствараючы цяплічны эфект, і аднясіце ў цёмнае месца. Аптымальная тэмпература ў пакоі павінна быць каля 18 градусаў. Калі з’явяцца першыя ўсходы, здыміце плёнку і пастаўце скрыню на самы сонечны падаконнік у кватэры. Не забывайце рэгулярна паліваць кроп і памятайце, калі ў пакоі тэмпература будзе вышэй за 20 градусаў, сцяблінкі могуць стаць млявыя і светлыя. Тэхналогія вырошчвання пятрушкі такая ж, як і кропу, але насенне ўзыходзіць з меншай хуткасцю.

Рукала

Духмяная зеляніна вельмі падобная да лістоў дзьмухаўца. Толькі ў адрозненне ад распаўсюджанага пустазелля, у яе адметны смак з кіслай ноткай і лёгкай гарчынкай. Вырошчваць рукалу можна па той жа тэхналогіі, што кроп ці пятрушку. Першыя ўсходы прачнуцца ўжо праз некалькі дзён. Асаблівым попытам і папулярнасцю рукала карыстаецца ў італьянскай і французскай кухнях. Яе дадаюць у піцу, рызота, каларытнай травой пасыпаюць пасты, мяса, салаты.

Шпінат

На сонечным падаконніку будзе выдатна адчуваць сябе шпінат. Чым больш святла на яго трапіць, тым больш карысных рэчываў ён назапасіць. Насенне закопвайце неглыбока, палівайце, “песціце” сонечнымі ваннамі — і ўжо праз месяц можна будзе зрываць духмяныя, насычаныя вітамінамі лісты. Адшчыпваць лісце можна на працягу двух, а то і трох месяцаў, пакуль не з’явіцца першая кветкавая стрэлка. Пасля гэтага расліну можна вырываць і высейваць наступную партыю. Шпінат нярэдка называюць “мятлой страўніка” — ён хутка прыводзіць у норму работу кішэч-ніка.

Базілік

Паэксперыментуйце і пасадзіце дома гэту каралеўскую траву — так гэту расліну называлі грэкі. Базілік дома — выдатная ароматэрапія: адны яго гатункі нагадваюць водар лімона, другія — анісу, трэція — гваздзікі.

Насенне злёгку прысыпце грунтам і ўвільгатніце, затым накрыйце плёнкай.

У цёплым месцы зярняткі прарастуць праз 5—7 дзён. Для хатняга “агарода” лепш выбіраць нізкарослыя гатункі. Калі на расліне з’явяцца 5—6 лісточкаў, сашчыпніце верхавіну, каб яна разрасталася ў шырыню. Не забывайце, што базілік — “паўднёвец”, ён не любіць скразнякоў і нізкіх тэмператур і аддае перавагу лагоднаму сонцу і цяплу. Моцна паліваць зеляніну не трэба: усё павінна быць у меру.

Сеяць насенне і доўга чакаць, калі ж “немаўляты” ператворацца ў маленькія кусцікі, не ваша гісторыя? Можаце адшчыпнуць з расліны чаранкі даўжынёй 6—8 сантыметраў, абарваць ніжнія лісты і ўсунуць у ваду. Прыкладна праз тыдзень чаранкі пусцяць карані і ў хуткім часе іх можна будзе перасаджваць у зямлю.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter